Брэсцкую журналістку Алену Цімашчук прыгаварылі да 5 гадоў зняволення і велізарнага штрафу
Брэсцкі абласны суд прыгаварыў мясцовую журналістку Алену Цімашчук да 5 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі. А таксама прызначыў велізарны штраф памерам у 46 000 беларускіх рублёў (гэта прыблізна 14 000 долараў).

Журналістка Алена Цімашчук. Фота: з асабістай старонкі ў Facebook
Судовы працэс распачаўся ў пятніцу, 31 траўня, і ўжо на наступным пасяджэнні 3 чэрвеня суддзя Дзмітрый Карасінскі вынес абвінаваўчы вердыкт.
Суддзя Карасінскі прызнаў журналістку вінаватай поводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (артыкул 369–1 КК), распальванні варожасці ці варажнечы (частка 3 артыкула 130 КК) і ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні (частка 3 артыкула 361–1 КК).
Да затрымання Алена Цімашчук працавала ў абласной тэлерадыёкампаніі «Брэст». Таксама раней у якасці фрылансера супрацоўнічала з рэгіянальнымі выданнямі «Вечерний Брест», «Брестский курьер», «Брестская газета», інтэрнэт-выданнем «Виртуальный Брест», а таксама «Брестским зелёным порталом».
Як адзначаюць мясцовыя журналісты, Алена Цімашчук падчас супрацы з незалежнымі выданнямі не рыхтавала публікацый на палітычныя тэмы. Часам яна рабіла рэкламныя артыкулы і пісала на тэмы псіхалогіі, бо мае вышэйшую адукацыю па гэтай спецыяльнасці.
Што стала прычынай для крымінальнага пераследу журналісткі — пакуль дакладна невядома.
