436

1000 дзён без каханага чалавека. Размова з Вольгай Івашынай — жонкай журналіста, асуджанага за працу на 13 гадоў

07.12.2023 Крыніца: Михаил Полозняков, Медиазона Беларусь

6 снежня — роўна 1000 дзён з затрымання журналіста Дзяніса Івашына. Яго асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калоніі за тое, што ён рыхтаваў журналісцкія матэрыялы, абвінаваціўшы ў здрадзе дзяржаве і незаконным зборы інфармацыі. Яго жонка Вольга ўвесь гэты час вядзе групу ў фэйсбуку і тг-канал з навінамі аб заключэнні мужа. «Медыязона» паразмаўляла з ёй і ўспамінае, што адбывалася з Івашыным за гэтыя амаль тры гады.

Ператрус

Раніцай 12 сакавіка 2021 года Вольга Івашына выйшла з дому раней за мужа. Дзяніс планаваў ехаць да бабулі — зайшоў у аптэку, адтуль — на прыпынак. Там яго затрымалі.

Вользе пра затрыманне распавяла свякроў, сказала ехаць дадому, паглядзець, «што там ды як». Побач з прыпынкам яе ўжо чакалі.

«Паказалі пасведчанне, сказалі, што будзем у вас ператрус у хаце праводзіць. Са сваімі панятымі, канечне. Але я звярнулася да суседзяў, каб хтосьці не чужы быў», — успамінае Вольга.

Ператрус праходзіў некалькі гадзін. Сілавікоў цікавіла літаратура і ўсё, што звязана з Украінай — шалікі з Майдана і сцягі. Забралі грошы, тэхніку, нататнікі і нават спісаныя чарнавікі, на якіх нічога нельга разабраць.

Івашына ўспамінае, што ператрус праводзіўся «больш-менш культурна», але яе ўсё роўна спрабавалі закрануць.

«Яны казалі: "Вы не ведаеце пра свайго мужа, а мы ведаем. Мы за ім даўно сочым". Пасеяць нейкія сумневы», — кажа Вольга. «Стаялі іконкі на шафе, а за імі былі кніжкі. Казалі: "Вось у вас тут абразы, а за імі экстрэмісцкая літаратура розная, якія ж вы веручыя"».

Калі яны сыходзілі, то папрасілі сядзець «цішэй»: «"Вы, галоўнае, нічога нідзе не пішыце, ніякага шуму. Яго адпусцяць, ён будзе сядзець у хаце да суду"». Канечне ж, так не сталася».

Майдан

Дзяніс Івашын пачаў займацца журналістыкай пасля Майдана 2014 года. Ён рэдагаваў беларускую версіі выдання Infornapalm, а для «Новага часу» пісаў расследаванні. Напрыклад, ён знайшоў дзесяць беркутаўцаў, якія з Украіны пераехалі ў Беларусь і пачалі працаваць у міліцыі.

У 2015 годзе, калі Расея анэксавала Крым і пачала вайну на ўсходзе Украіны, Дзяніс пазнаёміўся з Вольгай, якая падтрымлівала ўкраінцаў.

«Калі бачыла ў Горадне машыну з расейскімі нумарамі, я клала пад дворнікі ўлёткі з тэкстам кшталту: "Вярніце Крым", "Рукі прэч ад Украіны"», — успамінае Вольга. — «Некалькі месяцаў гэта рабіла. У жніўні мяне заўважыў неабыякавы грамадзянін. Мяне затрымалі, склалі пратакол. Пра гэта напісалі проста ўсе».

Івашын знайшоў актывістку праз фэйсбук і быў здзіўлены, што яны не бачыліся раней — у родным Гродне і прапусціць дзяўчыну, якая праводзіць акцыі ў падтрымку Украіны.

«Было зразумела, што ён мяне не ведаў, таму што я сама з Наваполацку, пераехала толькі ў 10-ым годзе. Знайшоў мяне праз фэйсбук, потым мы сустрэліся на курсах "Мова Нанова". Пазнаёміліся і ўсё пайшло», — кажа Вольга.

Праз журналісцкую працу пра Івашына часта «складалі пасквілі» праўладныя выданні. Ён нават вёў архіў артыкулаў, якія пісалі пра яго — іх набралася ўжо больш за сто.

«Так званыя варожыя дзеянні Расіі»

10 дзён пасля затрымання родныя не ведалі, што адбываецца з журналістам. Улетку ў ізалятары ў яго здарыўся сардэчны прыступ. У кастрычніку 2021 года сям'і сказалі, што Дзяніса абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве.

Праз год зняволення Івашына «Белта» апублікавала версію абвінавачвання ад КДБ.

У ёй гаворыцца, што «ўкраінскі бок» «заахвочваў» журналіста за працу: напрыклад, Граматай намесніка міністра абароны Украіны Ігара Далгова і картай замежнага ўкраінца. Камітэтчыкі паказалі, што адным з адпраўнікоў грошай на рахунак Івашына была жонка «былога афіцэра ДЦІПсА» Максіма Маёрава, «аглядальніка Informnapalm» і аўтара кнігі «Крым за занавесом. Путеводитель зонной оккупации».

«Аўтарам рэгулярна ажыццяўляліся інфармацыйныя ўкіды адносна так званых варожых дзеянняў Расіі ў дачыненні да Украіны і Беларусі», — сцвярджалі ў КДБ.

Сілавікі распавялі, што Івашын «пад непасрэдным куратарствам з Кіева» збіраў звесткі пра расейска-беларускае вайсковае, палітычнае, эканамічнае, культурнае супрацоўніцтва, пра пастаўкі ў анэксаваны Крым і самаабвешчаныя ДНР і ЛНР беларускай прадукцыі, а таксама інфармацыю пра сілавікоў, «аб’яднанні казакоў» і былых беркутаўцаў.

Справу Івашына разглядалі ў закрытым рэжыме. Спачатку па абвінавачванні ў здрадзе дзяржаве і пра ўмяшанне ў дзейнасць міліцыянта. Падчас суду другі артыкул замянілі на незаконны збор інфармацыі аб прыватным жыцці.

Журналіста асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калоніі. А кожнаму з дзевяці пацярпелых міліцыянтаў ён павінен заплаціць па 2 тысячы рублёў.

«Хочацца паслаць усіх за рускім ваенным караблём», — сказала маці на судзе, назіраючы, як прапагандысты насядалі на дыпламатаў, якія прыехалі падтрымаць Івашына.

Забралі ружанец для малітвы, бо «не трэба выдзяляцца»

Пасля пераводу ў калонію Івашына пачалі адпраўляць у ШІЗА і ПКТ, успамінае Вольга. На два тыдні ён знік — выявілася, што яго судзілі і зрабілі больш жорсткім рэжым адбыцця пакарання. Частку тэрміну ён правядзе ў крытай турме Жодзіна.

Журналіст даведваецца навіны з лістоў ад родных, тэлефонных званкоў і выпісаных выданняў. Хоць у камеры няма тэлевізара, важныя навіны ён даведваецца хутка.

Так, праз два дні пасля атакі Хамас на Ізраіль, ён напісаў ліст, у якім пытаўся, што з блізкімі і сябрамі, якія жывуць у Ізраілі.

У Гродзенскім СІЗА ў зняволенага адабралі ружанец. «"Іншыя вязні будуць зайздросціць", "не трэба выдзяляцца" і гэта ўвогуле "атрыбут даўно асуджаных"», — перадае тлумачэнні ізалятарскага псіхолага Вольга.

Падчас этапаў канваіры таксама забіралі ружанцы ў Дзяніса, але пазней усё вярнулі.

Цынічныя лісты з «Советской Белоруссии»

Паводле слоў Вольгі, цяпер з Івашыным «прынцыпова» новага нічога не адбываецца: «Ён проста сядзіць і губляе час».

У лістападзе адзін з лістоў маці знішчылі цэнзары. Як яны растлумачылі, у лісце з раздрукоўкамі навін, статыстычных звестак і артыкулаў выдання «СБ. Беларусь сёння» была інфармацыя з «цынічным зместам».

Дзяніс «адчувае сябе нармальна» і не хварэе, піша лісты і чытае, чакае, што яму прыйдзе кніга Габрыэля Гарсіі Маркеса.

1000 дзён у палоне

Вольга не планавала весці канал пра Дзяніса так доўга. Спачатку ў фэйсбуку яна апісвала ператрусы. Потым пісала пра тое, што з ім адбываецца ў зняволенні.

«Лічылі, што гэта вельмі важна, нават дзеля ягонай бяспекі. Потым усё расцягнулася, і спыніцца было немагчыма. Тым больш, мы зразумелі, што гэта сапраўды хоць трошкі ўплывае на ўмовы, ў якіх ён знаходзіцца», — кажа Івашына.

Калі ў Івашына здарыўся сардэчны прыступ, медык прыйшоў «досыць хутка», хоць журналіст быў у карцары.

«Калі ўзгадаць сітуацыю з Пушкіным, то гэта, можа, уратавала жыццё Дзянісу», — тлумачыць яго жонка.

«Мы неяк перадавалі яму перадачу. Я паклала тое, што палічыла неабходным. Потым ён напісаў, што за дзень-два да перадачы ён захацеў гэтую рэч. Нібыта прачытала думкі на адлегласці. Мяне радуе, што я магу яго парадаваць такім чынам».

На 206 дзень зняволення Вольга пачала дубляваць пасты з фэйсбука ў тэлеграм. Штодня весці рэсурсы пра Дзяніса займае ў Івашынай каля дзвюх гадзін. Не пра ўсё можна пісаць, саму форму пастоў прыдумляць складана.

«Не ведаю, ці хопіць меня яшчэ на нейкія інстаграмы, ціктокі. Наўрад ці. Хочам, каб пра Дзяніса памяталі, не забываліся».

Без мужа Вользе даводзіцца цяжка. У лістах да сваякоў Дзяніс сам іх падтрымлівае.

«Дзяніс — такая моцная апора. Мур абаронны. І зараз яго няма, даводзіцца не толькі неяк уладкоўваць свой побыт, але яшчэ яму дапамагаць. Нават часам накатвае — бачыш: людзі усміхаюцца, разам ідуць, сям’я. І разумееш, што невядома, калі зможаш пабачыць зноў мужа».

Пакуль Івашын быў у калоніі, яго родныя разлічвалі на званок праз Skype. Не паспелі — яго перавялі ў турму. Засталіся толькі тэлефонныя званкі, але Вольга з’ехала з Беларусі.

«1000 дзён без каханага чалавека. Гэта неймаверна цяжка. Сколькі б там не было, тысяча з 13 год, якія выпісалі — неістотна. Кожны дзень цяжкі. Няважна, колькі іх».

Чытайце яшчэ:

У магілёўскага журналіста Барыса Вырвіча адбыўся ператрус. Ён сам на свабодзе

У Ваўкавыску судзяць зняволенага блогера Паўла Вінаградава

«Адкрыта прапагандуе палітыку тэрору ў дачыненні да "непаслухмяных" журналістаў». Як М’янма дэмакратызавалася наадварот

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!