• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксей Бацюкоў пакінуў Беларусь. У КДБ яго змушалі прызнаць, што ён «ачарняў рэчаіснасць» па загадзе з‑за мяжы

    Магілёўскі блогер і журналіст Аляксей Бацюкоў адбыў 15 сутак адміністрацыйнага арышту за рэпост з «экстрэмісцкага» рэсурсу. Падчас знаходжання ў ізалятары часовага ўтрымання яго двойчы дапытвалі супрацоўнікі КДБ, якіх цікавіла дзейнасць рэгіянальнага інтэрнэт-выдання «Магілёў. Меdia».

    Як распавёў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу БАЖ Аляксей Бацюкоў, 5 снежня каля 15‑й дня да яго прыйшлі з ператрусам. Вобшук праводзілі чатыры супрацоўнікі, яшчэ дваіх чалавек яны прывезлі з сабой у якасці панятых. Бацюкову паведамілі, што ператрус праводзіцца ў межах крымінальнай справы за «здраду дзяржаве», і ён мае статус сведкі ў гэтай справе.

    Ператрус доўжыўся каля трох гадзін, у выніку сілавікі забралі ноўтбук Аляксея Бацюкова і два мабільныя тэлефоны. Пасля ператрусу Бацюкова адвезлі ў Магілёўскае абласное ўпраўленне Камітэта дзяржаўнай бяспекі на допыт.

    «У КДБ мне сказалі, што крымінальная справа пра здраду дзяржаве распачатая супраць чалавека, прозвішча якога мне невядомае. Але супрацоўнікі распытвалі пра магілёўскіх актывістаў і журналістаў Лапцэвіча, Буракова, Салаўёва, якія цяпер знаходзяцца за мяжой. Падрабязна распытвалі пра інфармацыйныя рэсурсы, прызнаныя экстрэмісцкімі, — «Магілёў. Меdia» і 6TV Bielarus. Прычым я настойваў, што рэсурс «Магілёў. Меdia» самастойны і ад 6TV Bielarus аніяк не залежыць, што на «Магілёў. Меdia» няма палітыкі, а толькі гарадскія навіны, прынамсі, калі і палітычныя падзеі — то толькі гарадскога ўзроўню. Але супрацоўнікі КДБ «прывязалі» рэсурс да 6TV Bielarus, нібыта гэта адна структура. Я гэтаму адчайна супраціўляўся, тлумачыў, што «Магілёў. Меdia» меў іншыя мэты, але не пераканаў», — кажа Аляксей Бацюкоў.

    Журналіста затрымалі пасля допыту ў КДБ і адвезлі ў РАУС Ленінскага раёна Магілёва, дзе ён прабыў ноч з 5 на 6 снежня. Міліцыянты склалі на яго пратакол паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП — знайшлі на яго старонцы ў Face­book рэпост з «экстрэмісцкага» рэсурсу.

    Аляксей Бацюкоў сцвярджае, што выдаляў гэтую спасылку, але супрацоўнікі КДБ нейкім чынам яе аднавілі і перадалі звесткі ў райаддзел міліцыі.

    Суд над Бацюковым адбываўся праз месенджар Skype — на той час журналіста ўжо перавезлі ў ІЧУ.  Справу разглядала суддзя Ленінскага раёна Магілёва Вікторыя Палякова, вядомая тым, што «дае» ўсім, каго судзіць за падпіскі ці рэпосты, арышт на 15 сутак. Такое самае пакаранне яна вынесла і ў дачыненні да Аляксея Бацюкова.

    Паводле ягоных слоў, у магілёўскім ІЧУ мала што змянілася з тае пары, як ён трапіў туды сёлета ўлетку таксама за распаўсюд так званай «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі»:

    «Адно, што было іншым, — цяпер зняволеным дазвалялі ўдзень сядзець.

    Улетку нас прымушалі ўвесь дзень праводзіць на нагах. Можна было толькі стаяць альбо хадзіць, і ў хлопцаў страшэнна ацякалі і балелі ногі. Цяпер сядзець дазваляся, але ў нашу камеру на два месцы змяшчалі ў розныя дні і пяць, і шэсць, і нават восем чалавек.

    Гэтым разам да нас змяшчалі крымінальнікаў, якія ігнаравалі патрабаванні адміністрацыі і рэжым установы, яны маглі легчы спаць удзень ці разваліцца на падлозе. Адзін з іх няўдала пажартаваў з канваірамі, і праз гэта пакаралі ўсю камеру: на трэці дзень у нас забралі частку вопраткі — у мяне забралі масцерку, тапкі, ва ўсіх забралі зубныя шчоткі і пасту, а таксама ўсе перадачы ад сваякоў».

    Адміністрацыйнай справай для Аляксея Бацюкова ўсё не скончылася. Супрацоўнікі КДБ прыязджалі да яго на допыт 6 снежня яшчэ ў РАУС, а 7 снежня — у ІЧУ.  Яны патрабавалі, каб журналіст патэлефанаваў праз Telegram магілёўскаму актывісту Змітру Салаўёву, які яшчэ раней з’ехаў з Беларусі. Мэтай было давесці, што гэта ён кіруе рэсурсам «Магілёў. Меdia», кажа Бацюкоў:

    «Ад мяне патрабавалі весці гаворку такім чынам, каб было ясна, што гэта Салаўёў дае нам заданні, як і пра што пісаць. Адпаведна, пісаць кепска, «ачарняць» беларускую рэчаіснасць. Не атрымалася. Прыкладам, я пытаюся: «Зміцер, пра што нам пісаць?». А ён адказвае: «Пішыце пра навіны горада». Але Зміцер сказаў нешта пра магчымую эвакуацыю з Беларусі. І сілавікі тут жа за гэта ўчапіліся і загадалі мне, каб я даведаўся пра маршруты, якімі з Беларусі вывозяць людзей. Хацелі, каб я прайшоў эвакуацыйны маршрут пад іх поўным кантролем. Я адмовіўся ад такога».

    Перамовы са Змітром Салаўёвым, запісаныя на дыктафон і знятыя на відэа, пазней былі выкарыстаныя ў перадачы «Мордой в пол», якая была падрыхтаваная Магілёўскай тэлерадыёкампаніяй і выйшла ў эфір 15 снежня. У перадачы былі паказаныя і кадры затрымання Аляксея Бацюкова, і фрагменты «пакаяльных» відэазапісаў з удзелам былых журналістаў і грамадскіх актывістаў Барыса Вырвіча, Аляксандра Агеева і Ігара Шарухі.

    19 снежня, падчас знаходжання пад арыштам, Аляксея Бацюкова зноў адвезлі ў абласное ўпраўленне КДБ і там паведамілі, што ён з’яўляецца падазраваным па крымінальнай справе, распачатай паводле ч. 2 арт. 361–4 КК (спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці ў складзе групы асобаў па папярэдняй змове). Санкцыі гэтага артыкула прадугледжваюць пакаранне пазбаўленнем волі ад 2 да 7 гадоў.

    Аляксей Бацюкоў палічыў за лепшае пакінуць Беларусь — краіну, для якой ён зрабіў вельмі шмат як краязнаўца і навуковец. Прыкладам, падчас ягонай працы на пасадзе дырэктара Музея гісторыі Магілёва ўстанова здолела на грамадскія ахвяраванні вярнуць у Беларусь і папоўніць калекцыю каштоўнымі артэфактамі і старадрукамі. Сярод іх — Статут Вялікага Княства Літоўскага і кніга Казіміра Семяновіча «Вялікае майстэрства артылерыі». Гарадскі музей некалькі гадоў быў пляцоўкай для асветніцкіх, культурных і музычных дзеяў і імпрэзаў. Але Бацюкоў быў звольнены з пасады дырэктара: у 2020 годзе ён быў аштрафаваны паводле адміністрацыйнага артыкула за «ўдзел у несанкцыянаваных масавых акцыях», і , як следства, у студзені 2021 года з ім не працягнулі працоўны кантракт.

    Пасля сыходу з працы ў музеі Аляксей Бацюкоў стварыў на YouTube ўласны відэаканал, дзе знаёміў гледачоў з гісторыяй Магілёва.

    Чытайце яшчэ:

    В газете со дня основания, родственник тренера сборной по баскетболу — что известно о новом главреде «Прессбола»

    «Ідзе паступовае паглынанне калектыўнага беларуса расійскім кантэкстам». Крытыкі падвялі культурніцкія вынікі года

    Магілёўскага журналіста і блогера Алеся Сабалеўскага не выпусцілі пасля 10 сутак

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці