• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Магілёўскі блогер і журналіст Аляксей Бацюкоў, імаверна, затрыманы

    Паводле сяброў Аляксея Бацюкова, пасля ператрусу ў яго жыллі і допыту ў КДБ 5 снежня ён не вярнуўся дахаты. Дзе ён зараз — невядома.
     

    5 і 6 снежня ў Магілёве і магілёўскім рэгіёне прайшлі ператрусы і допыты журналістаў і актывістаў, падазраваных у сувязях з рэгіянальнымі інфармацыйнымі рэсурсамі «Магілёў. Меdia» і 6TV Bielarus. Гэтыя медыя Камітэт дзяржбяспекі прызнаў 29 лістапада «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Паведамленне пра такі статус з’явілася на сайце МУС Беларусі 4 снежня.

    Як вынікае са зместу перадачы «Мордой в пол!», паказанай у мінулую пятніцу на дзяржтэлеканале «Беларусь 4 Могилев», былога дырэктара Музея гісторыі Магілёва, відэаблогера Аляксея Бацюкова вельмі жорстка затрымлівалі ўзброеныя байцы АМАП. У ягоную кватэру выбілі дзверы, гаспадара змусілі легчы на падлогу тварам уніз, трымаючы рукі за галавой.

    У перадачы сцвярджаецца, што менавіта Аляксей Бацюкоў рэдагаваў адзін з медыярэсурсаў, які КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем». А таксама што менавіта ён удзельнічаў у размеркаванні нейкіх фінансаў, прызначаных на заробкі журналістаў.

    Ёсць у відэасюжэце і яшчэ адзін момант, што выклікае шмат пытанняў у магілёўскага актывіста Змітра Салаўёва, які зараз жыве за мяжой пасля вымушанай эміграцыі. (Вядоўца магілёўскага ТБ Віталіна Петрусевіч называе Салаўёва «подельником» Бацюкова.)

    «У перадачу ўключаныя фрагменты маіх гутарак з Бацюковым праз Тэлеграм. Першая размова адбылася 6 снежня: Аляксей распытваў мяне, як можна з’ехаць з Беларусі. Але мяне насцярожыла, што ён падрабязна распытвае пра тое, чым людзі з падобнымі намерамі звычайна не цікавяцца. 7 снежня ад яго быў яшчэ адзін падобны званок, і пасля прагляду перадачы я практычна перакананы, што Бацюкоў  звяртаўся да мяне проста ў службовым кабінеце падчас допыту. Што яго змусілі так зрабіць, каб выпытаць інфармацыю», — распавёў Зміцер Салаўёў.

    Ён таксама занепакоены тым, што нават блізкія не ведаюць, дзе цяпер Аляксей Бацюкоў:

    «Калі ўявіць сабе, што ён вырашыў выехаць з Беларусі, то за два тыдні ён дакладна знайшоў бы магчымасць выйсці на сувязь. Таму я амаль што ўпэўнены: яго затрымалі, і верагодна, у межах крымінальнай справы».

    Зміцер Салаўёў прыгадвае, што Алексея Бацюкова сёлета напрыканцы ліпеня – пачатку жніўня затрымлівалі па адміністрацыйнай справе. Ён адбыў у ізалятары часовага ўтрымання трое сутак да суда, а потым яшчэ восем сутак, ужо паводле рашэння суда Ленінскага раёна Магілёва. Тады Бацюкова прызналі вінаватым у парушэнні ч. 2 арт. 19.11 КаАП — у распаўсюдзе так званай «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі». 

    У 2020 годзе Аляксей Бацюкоў быў аштрафаваны за «ўдзел у несанкцыянаваных масавых акцыях». Як следства, у студзені 2021 года з ім не працягнулі працоўны кантракт, і навуковец быў вымушаны пакінуць пасаду дырэктара Музея гісторыі Магілёва.

    Дарэчы, за амаль 10-гадовы тэрмін працы пад ягоным кіраўніцтвам музейная ўстанова здолела на грамадскія ахвяраванні вярнуць у Беларусь і папоўніць калекцыю каштоўнымі артэфактамі і старадрукамі. Сярод іх — Статут Вялікага Княства Літоўскага і кніга Казіміра Семяновіча «Вялікае майстэрства артылерыі». Музей стаў пляцоўкай для асветніцкіх, культурных ды музычных дзеяў.

    Пасля сыходу з музея Аляксей Бацюкоў стварыў на YouTube ўласны відэаканал, дзе распавядаў пра гісторыю Магілёва.

    Чытайце яшчэ:

    Шведская асацыяцыя журналістаў адправіла калядныя паштоўкі зняволеным беларускім калегам

    «Отдыхать от театра можно в любой момент. Только зачем?» Год назад не стало критика Алексея Стрельникова

    Міністр інфармацыі: Супраць нас працуе сур’ёзная тэхналагічная машына

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці