• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Магілёўскае дзяржтэлебачанне выпусціла перадачу «Мордой в пол» — пра «экстрэмісцкія фармаванні» 6TV Bielarus і «Магілёў. Меdia»

    Перадача з назвай «Мордой в пол» выйшла ўвечары 15 снежня ў палітычна-прапагандысцкай праграме «Всё по делу». У відэашэрагу выкарыстаныя міліцэйскае відэазапісы, знятыя падчас затрымання былога дырэктара Музея гісторыі Магілёва, блогера Аляксея Бацюкова, а таксама фрагменты «пакаяльных» відэазапісаў з удзелам былых журналістаў і грамадскіх актывістаў Барыса Вырвіча, Аляксандра Агеева і Ігара Шарухі. Усе яны былі затрыманы 5 і 6 снежня — праз дзень як стала вядома, што КДБ абвясціў «экстрэмісцкімі фармаваннямі» мясцовыя інфармацыйныя рэсурсы «Магілёў. Меdia» і 6TV Bielarus.

    Ужо з анонса, размешчанага на афіцыйным Тэлеграм-канале магілёўскай  дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі было зразумела, што стваральнікі перадачы не пашкадуюць абразлівых выразаў на адрас сваіх калег з недзяржаўных медыяў: «Могилевские правоохранители вскрыли очередную экстремистскую конторку. Недожурналисты в подконтрольных им Интернет-ресурсах глумились над историей и памятью Беларуси. Кто эти мерзавцы, которые продали Родину за иностранный капитал? Их фамилии многим знакомы. Покажем всех!»

    Мовай варожасці гаворыць і вядоўца праграмы Віталіна Петрусевіч. Яна называе «барцуном» былога дырэктара Музея гісторыі Магілёва, блогера Аляксея Бацюкова падчас дэманстрацыі кадраў затрымання, калі ўзброеныя байцы АМАП выбіваюць дзверы ў ягоную кватэру і змушаюць гаспадара легчы на падлогу тварам долу. «Лоснящейся физиономией» тэлевядоўца Петрусевіч  называе твар вядомага магілёўскага актывіста Змітра Салаўёва, які быў вымушаны з’ехаць ад пераследу за мяжу. Паводле яе слоў, менавіта ён,  «хитрый и изворотливый недожурналист», быў стваральнікам «экстрэмісцкіх фармаванняў».

    На думку самога Змітра Салаўёва, які таксама бачыў прапагандысцкі сюжэт, у гэтым матэрыяле мясцовых тэлежурналістаў вельмі шмат падтасовак:

    «Прыкладам, дэманструецца перапіска ў Тэлеграм ад імя нейкага чалавека пад нікам Dima. На фотаздымку — выява Змітра Антончыка, зяця Рыгора Кастусёва. Але ў яго няма акаўнта ў Тэлеграм з такім фотаздымкам. Адпаведна, дыялог, агучаны ў перадачы, — фэйкавы. Ні да чаго і фрагмент відэазапісу з удзелам журналіста Аляксандра Буракова, гэта проста вырваны з кантэксту кавалак, як і фрагмент інтэрв’ю з удзелам аналітыка Валеры Карбалевіча. Увогуле ў перадачы, прысвечанай нібыта «экстрэмісцкім фармаванням», няма ніякіх тлумачэнняў, чаму яны «экстрэмісцкія». Адно ў гэтым сюжэце праўда — што ў 2016 годзе я меў дачыненне да стварэння сайта «Магілёўскі рэгіён», і потым, калі медыярэсурс прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі ў 2021 годзе , ён падзяліўся на дзве рэдакцыі — «Магілёў. Меdia» і 6TV Bielarus. Але гэта былі самастойныя СМІ, я не ўмешваўся ў іхнюю ўнутраную працу».

    Ператрусы ў магілёўскіх журналістаў адбыліся 5 і 6 снежня, назва перадачы «Мордой в пол» і паказаныя дакументальныя кадры сведчаць пра тое, што мелі месца гвалт і прымус у дачыненні да мірных грамадзян, якія знаходзіліся ва ўласным жытле. Таксама вядома, што Аляксандра Агеева, Аляксея Бацюкова, Барыса Вырвіча, Ігара Шарухі, Пятра Мігурскага і Сяргея Антонава дапытвалі ў КДБ.

    Сяргей Антонаў пасля гэтых падзей тэрмінова пакінуў Беларусь. Паводле яго слоў, падчас допыту сілавікі вымагалі прызнанняў у супрацоўніцтве з парталам «Магілёў. Меdia».

    На думку Змітра Салаўёва, галоўная мэта стваральнікаў перадачы, паказанай на тэлеканале «Беларусь 4 Могилев» — гэта запалохванне тэлегледачоў. Бо яе стваральнікі не задумваліся над хоць бы нейкай аргументацыяй, а проста раз за разам паўтаралі, што гэтыя рэдакцыі — «экстрэмісцкія фармаванні» і абражалі людзей у кадры. 

    Да слова, гэта ўжо не першы досвед мясцовай тэлерадыёкампаніі, што да стварэння прапагандысцкага кантэнту з абразамі палітычных апанентаў: на пачатку 2023 года ў той самай праграме «Всё по делу» быў паказаны відэасюжэт пра Валерыя Каранкевіча, даўняга грамадскага актывіста. Вядоўца   Віталіна Петрусевіч і там не бянтэжылася ўжываць мову варожасці ў дачыненні да «здраднікаў», «пратэстуноў» і «ўдзельнікаў шабашу-2020».

    Чытайце яшчэ:

    Магілёўскі блогер і журналіст Аляксей Бацюкоў, імаверна, затрыманы

    Міністр інфармацыі: Супраць нас працуе сур’ёзная тэхналагічная машына

    «Отдыхать от театра можно в любой момент. Только зачем?» Год назад не стало критика Алексея Стрельникова

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці