• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ці кантралююць у Беларусі незалежныя медыі? Што за Камісія этыкі БАЖ

    Прапанова Веранікі Цапкалы кантраляваць незалежныя медыі нарабіла шуму. Але ў Беларусі шмат гадоў дзеяла камісія, якая магла сказаць: вось так пісаць не варта.

    На канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 8 жніўня Вераніка Цапкала заявіла, што цяпер група актывістаў, блізкая да штабу ейнага мужа Валера Цапкалы, робіць аналіз згадак розных палітычных сілаў у беларускіх незалежных медыях. Яна казала, што «гэтак званыя» незалежныя медыі мала пішуць пра дзейнасць ейнага мужа і яе самой. У сувязі з гэтым яна прапануе стварыць камітэт кантролю над медыямі.

    Ды ў Беларусі з 1995 года існуе незалежная Беларуская асацыяцыя журналістаў (у 2021‑м яе фармальна зліквідавалі ўлады, але БАЖ працягвае дзейнасць). Таксама існуе праўладны Беларускі саюз журналістаў. Пры БАЖ існуе Камісія этыкі, пры БСЖ – Камітэт прафесійнай этыкі.

    Значыць, кантроль за незалежнымі медыямі ёсць? Намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі кажа «Белсату»: не, Камісія этыкі БАЖ – гэта не «кантроль за СМІ».

    Ды Гарэцкі дадае: у дэмакратычнай Беларусі гэтая камісія магла б ператварыцца ў «камісію скаргаў на медыі». Такія камісіі і камітэты існуюць калі не ўва ўсіх, то ў большасці еўрапейскіх краінаў Еўропы, і туды любы чалавек можа накіраваць скаргу. Але ўсё гэта не дзяржаўныя структуры, а супольнасці медыйнікаў (у адрозненне ад беларускага Міністэрства інфармацыі ці расейскага «Раскамнагляду»).

    «У Беларускай асацыяцыі журналістаў сапраўды да афіцыйнага пазбаўлення рэгістрацыі існавала такая камісія, усе гэтыя гады яна абсалютна паспяхова працавала, – расказвае Гарэцкі. – У адрозненне ад камітэту ў саюзе, які разглядаў на маёй памяці хіба адну адзіную скаргу».

    Сапраўды, у архівах сайту БСЖ можна знайсці толькі адно рашэнне Камітэту прафесійнай этыкі: асуджэнне публікацыі блогера Антона Матолькі ў Face­book, дзе да скрыншота з сайту дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва «Минск-новости» былі «прыфаташопленыя» мацюкі (хоць насамрэч ішлося пра пост у Telegram-канале праекту «МотолькоПомоги»: аўтар мэмам з лаянкаю выказваў сумневы ў тым, што кагосьці пакараюць за бруд вакол будаўнічых пляцовак комплексу «Менск-Свет»).

    Гарэцкі лічыць, што Камісія этыкі БАЖ была паспяховая: людзі часта звярталіся да яе (было ад двух да дзесяці скаргаў за год, таксама камісія магла сама пачаць разгляд нейкай справы), камісія разглядала звароты грунтоўна і шматбакова, слухала ўсе бакі, разгляд адной справы мог цягнуцца да месяца і выклікаць гарачыя спрэчкі. Чальцоў камісіі выбіралі на з’ездзе БАЖ звычайна на тры гады, яны працавалі як валанцёры.

    Гэтая камісія вырашала, напрыклад, што «Наша ніва» парушыла журналісцкую этыку, калі раскрыла імя жанчыны, якую эканаміст Сяргей Чалы згадваў у сваіх стрымах як «сваю жанчыну» і «блізкага чалавека». Або што журналісцкую этыку парушылі каналы «Беларусь головного мозга» і «#МотолькоПомоги», калі апублікавалі чарнавую версію нявыдадзенага фільму «Купала». Але не абавязкова прызнавала парушэнні: не раз выносіла пастановы, што ў нейкім матэрыяле, на які скардзіліся, няма парушэнняў журналісцкай этыкі.

    «Журналіст абавязаны абараняць свабоду слова, захоўваць незалежнасць сваіх палітычных поглядаў і перакананняў. Ён павінен супрацьстаяць любым спробам скажэння інфармацыі ці ўвядзення цэнзуры. Як і любы грамадзянін, журналіст мае права на палітычныя ды іншыя перакананні і прыхільнасці. Аднак у сваёй прафесійнай дзейнасці ён павінен заставацца нейтральным і абʼектыўным».

    Урывак з Кодэксу журналісцкай этыкі БАЖ

    Цяпер камісія «фізічна не можа працаваць», кажа Гарэцкі. БАЖ у Беларусі фармальна зліквідавалі, за «дзейнасць ад імя зліквідаванай арганізацыі» пагражае крымінальная адказнасць (арт. 193–1 КК РБ), а камісія не можа ананімна прымаць рашэнняў пра этыку. Пакуль аўтарытэтныя журналісты не могуць браць удзелу ў камісіі пад сваймі імёнамі, дзейнасць паставілі на паўзу.

    А калі камісію «здымуць з паўзы», ці здолее грамадзянін паскардзіцца туды, што нейкае выданне не піша пра нейкую палітычную сілу? Гарэцкі кажа, не: камісія разглядала публікацыі на адпаведнасць Кодэксу журналісцкай этыкі БАЖ (магла нават разглядаць допісы журналіста ў сацыяльных сетках, бо «журналіст паўсюль журналіст»).

    Гарэцкі прыводзіць прыклад: калі выданне прыйшло на нейкую імпрэзу і напісала так, як там не было, дык чалавек ці юрыдычная асоба маглі звярнуцца ў камісію і паказаць, што было не так, ёсць сведкі. Тады трэба правяраць, ці было парушэнне этыкі.

    «Калі медыя не напісала пра штосьці, то Камісія па этыцы не можа прымусіць выданне пра штосьці напісаць, – тлумачыць ён. – Гэта кампетэнцыя самой рэдакцыі, у гэтым і ёсць прынцып незалежнасці медыяў: калі няма такога, што палітыкі, юрасобы, культурныя дзеячы ці хтосьці іншы могуць прымусіць медыя пра штосьці напісаць».

    Намеснік старшыні БАЖ перакананы: калі выданне лічыць, што яго аўдыторыі штосьці нецікава, незразумела ці непатрэбна, дык медыі немагчыма прымушаць. Але, магчыма, БАЖ можа «падказваць» медыям, пра што пісаць, і «накіроўваць» увагу?

    Гарэцкі кажа, БАЖ ніколі так не рабіў, бо гэта было б няправільна, не адпавядала б самой канцэпцыі БАЖ і ідэі свабодных медыяў. Адзіным «умяшаннем» БАЖ у рэдакцыйную палітыку была дзейнасць Камісіі этыкі, якая разглядала выкананне журналісцкіх стандартаў.

    Чытайце яшчэ:

    Вераніка Цапкала: Калі СМІ будуць недастаткова асвятляць усіх палітыкаў, запатрабуем спыніць іх фінансаванне і падтрымку

    Каким было 9 августа 2020 года для будущей команды MOST

    Журналістка Кацярына Ваданосава выпусціла кліп «Акрэсцінскі вальс»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці