• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Несправядлівасць раніць больш за кулі». Год таму сілавік страляў у журналістку НН, крымінальнай справы няма дагэтуль

    Піша Наталля Лубнеўская. Яе паранілі гумавай куляй 10 жніўня — адзін з байцоў, меркавана, «Алмаза», спыніўся за 10 метраў ад групы журналістаў у сініх камізэльках «Прэса» і прыцэльна стрэліў з агнястрэльнай зброі. Рэпарцёрка правяла ў бальніцы 38 дзён.

    Я рэдка згадваю той дзень. Няма сіл жартаваць на гэту тэму, а назапашваць у сабе нянавісць і крыўду мне не хочацца. Гэты год з’еў ува мне вялікую частку любові і даверу да людзей. І нават калі цябе захлынае хваля салідарнасці, яна не можа запоўніць кожную дзірку, выпаленую сістэмай.

    Але я выразна памятаю ўсё, што адбылося 10 жніўня. Як з парваных над каленам джынсаў хлынула цёплая кроў. Як маладыя дактары з бальніцы хуткай дапамогі з ашарашанымі вачыма аглядалі рану і паклікалі старэйшага калегу яе зашываць. Як у калідоры за каталкай цягнулася чырвоная лужына — прывезлі мужчыну з пратэстаў, якому пашанцавала менш. Як праз пару гадзін дактары ўжо здымалі мне швы — паступілі новыя ўказанні па лячэнні (агнястрэльныя раны нельга адразу зашываць).

    Дзякуючы валанцёрам палата часам нагадвала санаторый. Яны прывозілі з кафэ то халаднік, то мяса па-французску, забяспечвалі вадой і вільготнымі сурвэткамі, заходзілі проста пагаварыць.

    Памятаю, як недзе праз тыдзень у бальніцу прыехалі дэпутаткі — Марыя Васілевіч і Ірына Луканская (у мінулым галоўны доктар гродзенскай дзіцячай паліклінікі). Нас у палаце было двое пацярпелых: другая дзяўчына — гэта Маша Зайцава, якую аглушыла і моцна параніла святлошумавой гранатай (Маша цяпер у Чэхіі, і калі раны зацягнуліся, то слых на адно вуха так і не вярнуўся). Дэпутаткі распытвалі, ці патрэбна нам якая дапамога. Спачувалі. На прапанову асудзіць гвалт і фальсіфікацыі рэціраваліся: маўляў, што ад нас залежыць, мы дробныя людзі, няма паўнамоцтваў.

    Пройдзе некалькі месяцаў, і людзі, ад якіх, па іх словах, нічога не залежыць, ухваляць папраўкі, якія зробяць больш жорсткім параканне за пратэсты і ўзаконяць выкарыстанне сілавікамі зброі супраць насельніцтва.

    За год па маёй справе змянілася трое следчых. Спачатку яе разглядаў Фрунзенскі раённы СК, пасля Мінскі гарадскі. Я не магу расказаць пра тое, што было ў кабінетах — падпіска аб неразгалошванні цяпер уваходзіць у базавы пакет камунікацыі з сілавымі органамі.

    Але магу расказаць пра запыты, якія прыходзілі рэдакцыі. Прасілі то характарыстыку на мяне, то копію майго службовага задання на 10 жніўня, то пацверджанне, што я прайшла інструктаж па ахове працы. Можна падумаць, там ёсць пункт, як уварочвацца ад куляў.

    Пасля такога следства кожны раз заставалася адчуванне, што цябе хочуць надурыць. Пераканаць, што твае ўласныя вочы памыляюцца. Гэта прыніжальна — апраўдвацца, што ты пацярпелы. Не ўяўляю, што адчуваюць людзі, якія пасля траўмаў замест расследавання атрымалі тэрмін у калоніі. Несправядлівасць раніць больш за кулі.

    Супрацоўнікі органаў апраўдваюць свае дзеянні тым, што «проста выконваюць сваю работу». У маім выпадку выканаць сваю работу ніхто не змог. Відэа выстрэлу і факт знаходжання ў бальніцы аказаліся недастаткова пераканаўчымі, каб завесці крымінальную справу. «Працягваецца праверка».

    У мяне часам пытаюць, ці ведаю я, хто страляў. Не. Хоць аднойчы маім знаёмым пісаў чалавек, які нібыта можа падзяліцца гэтай інфармацыяй. Я не стала адказваць. Што зменіцца, калі я буду ведаць імя? Упэўнена, у самой сістэме і так у курсе, хто гэта — тое, што бачыла група байцоў, не можа быць таямніцай.

    Калі-небудзь будзе суд. І мне не патрэбны будуць нічые выбачэнні — Крымінальны кодэкс не прадугледжвае такую меру адказнасці. Дый я не паверу ў шчырасць гэтых слоў.

    Маё здароўе цалкам аднавілася — дзякуй ЛФК, фізіятэрапіі і маладосці. Застаўся выродлівы шрам (след ад гвалту, якога афіцыйна не было) — але хіба гэта сістэма пакідае пасля сябе хоць штосьці прыгожае? Унутры шмат нецэнзурных слоў і эмоцый. Толькі гэты год зрабіў мяне яшчэ больш стрыманай — я вельмі рэдка плачу, бо цяпер не час агаляць душу. Але ведаю, што выплачу ўсё слёзы, калі мае калегі будуць на волі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці