• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пагрозы, харасмент, судовыя цяжбы. Журналісты краін Балтыі — пра выклікі для медыя

    На фоне рэпрэсій у Беларусі мы неяк забыліся пра звычайныя, «жыццёвыя» праблемы медыя. Сёння знявагі на адрас журналістаў, тролінг у сацсетках, пагрозы судом за «паклёп» успрымаюцца як лёгкія непрыемнасці. Але пасля завяршэння палітычнага крызісу гэтыя пытанні ізноў вернуцца на парадак дня. Як іх вырашаюць на Захадзе? У Рызе (Латвія) журналісты краін Балтыі сабраліся, каб абмеркаваць актуальныя пагрозы для медыя.

    Галоўнай рэдактарцы пагражалі адрэзаць галаву

    Незадаволеныя чытачы і героі публікацый, асабліва калі былі закранутыя іх інтарэсы, нярэдка пагражалі журналістам незалежных медыя. У асобных выпадках рэпарцёрам нават даводзілася некаторы час перасоўвацца з аховай.

    Гэта не ўнікальная сітуацыя. З харасментам прадстаўнікі медыя сутыкаюцца ва ўсім свеце. Часам перасцярогі — небеспадстаўныя. Перыядычна вербальныя пагрозы ператвараюцца ў фізічныя.

    — З моманту аднаўлення незалежнасці нашай краіны ніводны журналіст не загінуў падчас выканання прафесійных абавязкаў, — заўважыла кіраўніца Эстонскай асацыяцыі журналістаў Хеле Ціікмаа. — Аднак перыядычна журналісты паведамляюць пра пагрозы ім. Напрыклад, супрацоўніца вечаровай газеты нядаўна падала заяву ў паліцыю пра тое, што за ёй сочаць і пагражаюць.

    Але калі ў некаторых выпадках боязь за жыццё і здароўе можна спісаць на залішнюю недаверлівасць і трывожнасць, то шэраг пагроз немагчыма ігнараваць. Галоўная рэдактарка рэгіянальнага латвійскага выдання Ludzas Zeme (горад Лудза знаходзіцца каля мяжы з Расіяй) Лайма Лінужа расказала пра інцыдэнт, які адбыўся ў 2022 годзе:

    — Нейкі карыстальнік пагражаў, што 9 траўня здзейсніць напад на мяне. Пры гэтым спасылаўся на тэракт, які здарыўся ў 2015 годзе ў рэдакцыі Char­lie Heb­do (Францыя). Зразумела, мы ўспрынялі гэта сур’ёзна і звярнуліся ў паліцыю. А ў адзначаны дзень прынялі асаблівыя меры перасцярогі. Супрацоўнікі ўзялі з сабой газавыя балончыкі і бейсбольныя біты. На шчасце, яны не спатрэбіліся.

    Асцярогі журналістаў Ludzas Zeme грунтаваліся на мінулым досведзе. Раней пагрозы на адрас рэдакцыі паступалі ў асноўным ад прыхільнікаў расійскай агрэсіі. Асабліва пасля таго, як выданне заявіла пра сваю пазіцыю наконт вайны ва Украіне.

    А эстонская калега з вечаровай газеты прыгадала выпадак, калі справа дайшла да рэальных дзеянняў. У офіс выдання пракраўся невядомец, які нагадваў чалавека ў стане вострага псіхозу. Ён шукаў маладую журналістку. Пасля гэтага здарэння прынялі захады бяспекі, у прыватнасці, усталявалі камеры відэаназірання.

    Але ці дастаткова ўдасканалення сістэмы відэаназірання? Часта журналістам даводзіцца працаваць у грамадскіх месцах, дзе, трэба прызнаць, не заўсёды радыя чалавеку з дыктафонам ці фотаапаратам.

    — Пару гадоў таму падчас антыкавідных пратэстаў у Вільні некалькі журналістаў падвергліся фізічнаму гвалту, — узгадаў галоўны рэдактар The Lithua­nia Tri­bune Русланас Іржыкявічус. — Калі хтосьці з пратэстоўцаў заўважаў чалавека з мікрафонам, то вінаваціў яго ў хлусні ці нават штурхаў. Гэта стала шокам. Аказалася, журналістам не заўсёды і не паўсюль радыя.

    Паліцыя аднавіла расследаванне толькі пасля лістоў у парламент і прэзідэнту

    У медыя ёсць эфектыўны інструмент, які дазваляе забяспечыць неабходную ўвагу да праблемы. Часам дастаткова абнародаваць інфармацыю, каб кампетэнтныя службы прынялі меры. Але ці заўсёды відэасюжэт ці публікацыя дапамагае? І што, калі сам журналіст супраць звароту ў паліцыю?

    — Праз год пасля пагроз мы атрымалі ліст з паліцыі, што расследаваць няма чаго і таму справу закрылі, — распавяла працяг сваёй гісторыі Лайма Лінужа. — Аднак я проста так гэта не пакінула, напісала звароты ў парламент і прэзідэнту. Толькі тады мне паведамілі, што расследаванне адноўлена.

    Прысутныя журналісты падзяліліся такім назіраннем: калі хто-небудзь падае скаргу на журналістаў, то рэакцыя з’яўляецца неадкладна. Дык чаму ж гэта не працуе ў зваротным кірунку? Магчыма, таму супрацоўнікі медыя не заўсёды звяртаюцца ў кампетэнтныя органы. Хтосьці не ўспрымае пагрозы сур’ёзна, хтосьці не бачыць перспектывы знайсці ананіма.

    — Часам я падштурхоўваю сваіх калег звяртацца ў паліцыю, таму што ў некаторых выпадках яны лічаць за лепшае не прыцягваць праваахоўныя органы, — падзяліўся сваім досведам старшыня Саюза журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус. — Але рабіць гэта неабходна, каб пазбегнуць негатыўных наступстваў.

    Пасля нападак з боку грамадства журналіст з партнёрам вымушаныя былі пакінуць краіну

    А вось іншая небяспечная сітуацыя. Многія журналісты — публічныя і вядомыя людзі ў краінах Балтыі. Гэта можа быць як плюсам, так і мінусам.

    У траўні 2023 года здзейсніў самазабойства літоўскі журналіст Вілюс Станкявічус. Смерць маладога чалавека выклікала шмат спекулятыўных абмеркаванняў. Аказалася, што раней ён прызнаў сексуальную сувязь з 13-гадовым падлеткам. Гэты факт быў абнародаваны пасля гібелі рэпарцёра.

    Хаця крымінальную справу спынілі некалькі гадоў таму, але нешта прымусіла пайсці журналіста, які займаўся крымінальнай тэматыкай, на цяжкі крок. Цяпер многія гадаюць: ці баяўся ён таго, што пра гэты цёмны бок яго жыцця даведаецца грамадства? Ці на яго так паўздзейнічала звальненне з тэлекампаніі, дзе ён працаваў? А калі ўлічыць, што журналіст паходзіў з традыцыйнага грамадства, для якога гэта непрымальна… Не кожны здолее справіцца з такім ударам.

    Як бы там ні было, з прычыны высокай увагі грамадства звесткі сталі публічнымі, і гэта нанесла рэпутацыйную шкоду медыясферы, мяркуюць у Літве. Ва ўсялякім выпадку больш аўтарытэту СМІ не набылі. «Хто нам паведамляе навіны? Ці вартыя яны даверу?», — вось пытанні аўдыторыі.

    — Зараз зафіксаваны самы нізкі ўзровень даверу да СМІ ў Літве з 1998 года, — зазначыў Дайнюс Радзявічус. — Паводле апытання, праведзенага кампаніяй Vil­morus, медыя давяраюць 24,8% рэспандэнтаў, а 33,4% — не. Не апошнюю ролю адыгралі такога кшталту скандалы.

    Зваротная сітуацыя тычыцца выпадкаў, калі прыватнае жыццё журналістаў становіцца падставай для харасменту ў соцыуме. Так, у Літве некалькі рэпарцёраў падвяргаліся абразам і пагрозам праз прыналежнасць да ЛГБТ-супольнасці. Зафіксавана некалькі выпадкаў, калі арыентацыя супрацоўнікаў медыя станавілася здабыткам грамадскасці, і яны сутыкаліся ў краме, рэстаране ці самалёце са зняважлівымі выказваннямі на свой адрас. Дайшло да таго, што адзін з журналістаў з партнёрам былі вымушаныя на некаторы час пакінуць краіну.

    Муж прэм’ер-міністаркі запатрабаваў прабачэнняў і 1500 еўра

    У краінах, дзе індэкс свабоды прэсы ацэньваецца высока (у рэйтынгу за 2023 год «Рэпарцёраў без межаў» Літва знаходзіцца на 7‑м месцы, Эстонія — на 8‑м, Латвія — на 16‑м), журналісты таксама сутыкаюцца з ціскам з боку ўладаў. Як даюць рады з такімі выклікамі?

    — У Літве было некалькі выпадкаў, калі ўрад спрабаваў навязаць СМІ, як гэта пазіцыянавалася, прававыя меры, — нагадаў Русланас Іржыкявічус. — Тады журналісты і медыя салідарызаваліся, каб абараніць сваю пазіцыю. Мы можам не пагаджацца адзін з адным па шырокім коле пытанняў, але перад такімі выклікамі гатовыя аператыўна аб’ядноўвацца.

    Адна з галоўных пагроз для журналістаў сёння гэта судовыя цяжбы, у якія гатовыя з галавой акунуць прадстаўнікоў медыя ўплывовыя героі расследавальніцкіх публікацый. А што, калі такі прадпрымальнік мае іншыя рычагі ў высокіх колах палітыкі? Тады атрымаецца, як нядаўна ў Эстоніі, дзе муж прэм’ер-міністаркі стаў фігурантам вялікага скандалу.

    — Муж прэм’ер-міністаркі Каі Калас праз адваката запатрабаваў кампенсацыі маральнай шкоды ад былога выкладчыка ўніверсітэта, які напісаў пра бізнесоўца калонку. У тэксце была нязначная памылка ў адным з фактаў. Аднак муж палітыка прымусіў аўтара прасіць прабачэння, быццам уся публікацыя была няслушнай. Гэта непрапарцыйная рэакцыя, — адзначылі эстонскія калегі.

    Тым не менш тое, што тэма не замоўчваецца, а адкрыта і з абурэннем абмяркоўваецца ў грамадстве і ў медыя, — важны паказчык. Гэта дазваляе падкрэсліваць праблемы і выпрацоўваць контрзахады ў адказ на несумленныя дзеянні ўплывовых асоб.

    Большасць выклікаў, згаданых журналістамі з балтыйскіх краін, зараз аказаліся не ў фокусе ўвагі незалежных беларускіх медыя. Рэжым Лукашэнкі цудоўна спраўляецца з замяшчэннем усіх гэтых пагроз. Але прыйдзе час, і яны зноў стануць актуальнымі, а значыць, трэба рыхтавацца ўжо зараз.

    Чытайце яшчэ:

    Журналістка, якая працавала ў акупацыі: Аднакласнік з Беларусі казаў, што я хлушу, бо не могуць бамбіць Чарнігаў

    «Святкаваць штосьці разам — гэта дужа істотна». Як выжываюць рэдакцыі ў розных краінах

    «Незалежныя медыя перажываюць крах бізнэс-мадэлі, а грамадства падвяргае сябе самацэнзуры». Асноўнае са справаздачы Freedom House

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці