3167

Раёнкі: пра мясцовыя навіны – “паводле інфармацыі БелТА”?

29.03.2016 Крыніца: Марыя Савушкіна для www.baj.by

Аналіз рэгіянальнай прэсы па слядах трагічных падзеяў атручвання газам шасці чалавек у Барысаве і дзвюх жанчын у Слуцку.

Канец студзеня і пачатак лютага 2016 г. прынёс навіны пра раптоўныя смерці людзей з-за атручвання газам у Барысаве і Слуцку. У выніку трагічных здарэнняў загінулі 9 чалавек. Навіны пра падзеі шакавалі краіну – смерці адбыліся ў звычайных хатніх ці працоўных умовах (у шматпавярховым доме ў Барысаве і ў сталовай у Слуцку). Раптоўна аказалася,  што небяспека можа напаткаць кожнага, хто карыстаецца газавым абсталяваннем ці жыве ў шматпавярховіку. Здарэнні атрымалі шырокі рэзананс у цэнтральных выданнях. Як рэгіянальная прэса адрэагавала на трагедыю? Што і як напісалі афіцыйныя і незалежныя раёнкі пра раптоўную гібель людзей? Каб адказаць на гэтыя пытанні, быў праведзены аналіз мясцовых выданняў Барысава – “Борисовские новости” і “Адзінства”, а таксама Слуцка – “Інфа-Кур'ер” і “Слуцкі край”.

Вылучэнне тэмы, трагічныя падзеі

Паводле інфармацыі БелаПАН, вечарам 27 студзеня ў адным са шматпавярховых дамоў Барысава былі знойдзеныя целы шасці чалавек, у тым ліку дваіх дзяцей. Ахвяры атруціліся газам. Папярэдняй прычынай трагедыі была названая няспраўнасць газавага абсталявання.

Праз 9 дзён навіна пра падобнае здарэнне прыйшла са Слуцку: 5 лютага дзве жанчыны былі знойдзеныя нежывымі з прыкметамі атручвання ўгарным газам. Трагедыя адбылася ў кавярні на вуліцы Серпухаўскай, г. Слуцк. Жанчыны рыхтавалі ежу для мерапрыемства, кавярня была зачыненая на спецабслугоўванне.

Каб выявіць, як мясцовая дзяржаўная і незалежная прэса адрэагавала на трагічныя падзеі, былі прааналізаваныя нумары мясцовых выданняў Барысава і Слуцка, якія выйшлі ў свет адразу пасля інцыдэнтаў.

Апісанне выданняў, Барысаў:

Абраныя для аналізу незалежная і афіцыйная раёнкі Барысава – штотыднёвікі, выходзяць па серадах. Газета мясцовых уладаў “Адзінства” мае большы памер, наклад і заяўленую тэрыторыю распаўсюду. Для аналізу было выбрана два нумары кожнага выдання. Паколькі трагедыя адбылася ў сераду, 27 студзеня, даследаваліся нумары “Адзінства” і “Борисовских новостей”, якія пабачылі свет у наступныя дзве серады – 3 і 10 лютага 2016 г.

Апісанне выданняў, Слуцк:

Незалежнае мясцовае выданне “Інфа-Кур'ер” г. Слуцка – штотыднёвік, выходзіць у чацвер. Афіцыйная раёнка “Слуцкі край” мае перыядычнасць два разы на тыдзень. Тыднёвы наклад “Слуцкага краю” – разам аўторкавы і пятнічны нумар – каля 12 тыс асобнікаў.

Трагедыя ў Слуцку адбылася 5 лютага, у пятніцу, адпаведна аналізаваліся найбліжэйшыя да гэтай даты нумары: “Інфа-Кур'ер” (нумары за 11 і 18 лютага), “Слуцкі Край” (нумары за 9 лютага, аўторак, і 12 лютага, пятніца).

Аналіз нумароў выданняў

Матэрыялы пра трагедыі ў Барысаве і Слуцку, выяўленыя ў мясцовых дзяржаўных і незалежных выданнях:

Выданне Нумар, дата выхаду Тэматычныя матэрыялы Паласа размяшчэння
Борисовские новости №5 (1237),
3 лютага, серада
Трагедия в Борисове: шесть человек отравились газом 1 паласа
Заявление по случаю гибели граждан. Александр АБРАМОВИЧ, председатель Борисовской организации БСДП (Громада) 2 паласа
№ 6 (1238),
10 лютага, серада
Основная версия трагедии – отравление угарным газом 1 паласа
Адзінства № 7 (14088),
3 лютага, серада
Проишествия. Шесть погибших обнаружены в борисовской многоэтажке.
Пожарная безопасность. Соблюдайте правила безопасности при обращении с газовым оборудованием
18 паласа
№ 8 (14089),
6 лютага, субота
не выяўлена  ----
№ 9 (14090),
10 лютага, серада
Отравление угарным газом является главной версией причины трагедии в Борисове, инф. БелТА.
Как выявить утечку газа
18 паласа
Інфа-Кур'ер (Слуцк) № 6 (784),
11 лютага, чацвер
Трагедия на Серпуховской. У одной погибшей женщины остались двое несовершеннолетних детей. Загаловак, падзагаловак 1 паласа
Трагедия на Серпуховской: погибли две женщины 5 паласа
"Слуцкгаз" проаверит всех обонентов. Мнение эксперта.
От профилактики до первой помощи.
7 паласа (цалкам)
№7 (785), 
18 лютага, чацвер
От газоснабжения отключили пять магазинов. 5 паласа
Слуцкі край №35 (15136),
9 лютага, аўторак
Ведется следствие, БелТА 2 паласа
№39-41 (15137-15142),
12 лютага пятніца
Не выяўлена Не выяўлена

 

Апісанне атрыманых дадзеных

Барысаў. “Борисовские новости” першыя палосы нумароў за 3 і 10 лютага цалкам аддаюць навінам пра трагедыю і ход расследавання. Інфрамацыя суправаджаецца фотаздымкамі з месца падзеі. Загалоўкі ўказваюць на тэму артыкула і факты гібелі людзей.

“Адзінства” згадвае пра трагічныя выпадкі толькі на 18-й паласе, у самай “глыбіні” газеты. На першай паласе афіцыйнай раёнкі вынікі конкурса “Новые имена Беларуси 2016”. “Тэмай тыдня” “Адзінства” падае артыкул “А.Лукашенко обозначил приоритеты в дальнейшей работе МВД”.

Усяго ў разгледжаных нумарах “Адзінства” выяўлена два тэматычных артыкулы. У рубрыцы “Проишествия” артыкул “Шесть погибших обнаружены в борисовской многоэтажке” (№ 7 (14088) серада, 3 лютага) і “Отравление угарным газом является главной версией причины трагедии в Борисове”, інфармацыя БелТА (№ 9 (14090), 10 лютага). Побач з інфармацыяй пра трагедыю газета друкуе памяткі пра пажарную бяспеку. У нумары “Адзінства” за 6 лютага тэматычных матэрыялаў не выяўлена.

Слуцк. У газеце мясцовых уладаў “Слуцкі край” выяўлены толькі адзін артыкул пра трагедыю -- і той не ўласны, а інфармацыя БелТА пад нейтральным загалоўкам “Ведется следствие” (“Слуцкі край”, №35 (15136), 9 лютага, аўторак). Больш у разгледжаных нумарах інфармацыі пра гібель жанчын не знойдзена.

Незалежнае выданне “Інфа-Кур'ер” актыўна звяртаецца да тэмы. У нумары за 11 лютага загаловак пра трагедыю выданне змяшчае на першай паласе, падрабязна піша пра падзею на 5-й паласе, 7-ю паласу цалкам прысвячае пытанню газавай бяспекі. У нумары за 18 лютага “Інфа-Кур'ер” размяшчае інфармацыю па выніках праверкі, якая была ініцыяваная з-за трагедыі, – “От газоснабжения отключили пять магазинов” (“Інфа-Кур'ер”, №7 (785), чацвер, 18 лютага, 5-я паласа).           

Высновы

Разгледжаныя выданні выходзяць у розных рэгіёнах, але як у афіцыйных, так і ў незалежных мясцовых СМІ заўважныя падобныя падыходы да асвятлення трагічных выпадкаў.

“Інфа-Кур'ер” і “Борисовские новости” друкуюць артыкулы пра трагедыі на першых палосах, сочаць за ходам расследавання. Інфармацыя ў незалежных СМІ, як правіла, уласная. Загалоўкі ў абодвух разгледжаных незалежных мясцовых выданнях кідкія і адразу прадстаўляюць чытачу факты. З гэтага можна зрабіць выснову, што выданні не ўнікаюць праблемных тэмаў і не замоўчваюць іх наступствмў. Як правіла, давер аўдыторыі да такіх газетаў большы. Чытачы ведаюць: што б ні адбылося – журналісты не змаўчаць, і газета надрукуе рэальную інфармацыю.

Афіцыйныя раёнкі як у Барысаве, так і ў Слуцку “замялі тэму” – газеты надалі гібелі людзей нязначную ўвагу. Вясёлая і стракатая вокладка нумара “Адзінства” за сераду, 3 лютага, увогуле глядзіцца недарэчна. Калі горад у шоку ад навінаў, мясцовай газеце не варта гэтага ігнараваць. Першыя палосы разгледжаных нумароў афіцыйных раёнак пакінулі без увагі раптоўныя смерці людзей. Паказальна, што рэдакцыі і “Слуцкага краю”, і “Адзінства” пра трагедыю ў сваім горадзе друкуюць інфармацыю БелТА – дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва. У ідэале, БелТА і іншыя цэнтральныя СМІ павінны спасылацца на раёнкі. Але ў нас не так – мясцовыя газеты “ідуць” да сваіх чытачоў з мясцовымі ж навінамі “праз Мінск”.

Што матывуе рэдакцыі жыць у “паралельнай рэчаіснансці” і размяшчаць навіны, пра якія гаворыць увесь горад і краіна, толькі на 18-й паласе? Страх, недахоп інфармацыі, магчымая нечаканая рэакцыя чытачоў? Ці ўсё разам?  Газета, у якой не адбіваецца жыццё,  – не гнуткая і не здольная знайсці крыніцы, каб прадставіць чытачам уласную інфармацыю, не выконвае сваёй асноўнай місіі.

У асвятленні дадзеных трагічных выпадкаў як дзяржаўным, так і незалежным выданням варта было б больш папрацаваць над тэмай – магчыма, правесці ўласнае расследаванне, змясціць больш фотаматэрыялаў, інтэрв’ю. Трагедыя паказала, што небяспека можа напаткаць кожнага, у каго дома ёсць газ. А гэта значыць, што тэма застаецца актуальнай.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!