У дзень народзінаў Людмілы Чэкінай «Рэпарцёры без межаў» патрабуюць яе вызвалення
Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF) заклікала беларускія ўлады вызваліць палітзняволеную медыямэнэджарку Людмілу Чэкіну. RSF апублікавала заяву ў дзень народзінаў Чэкінай, 13 ліпеня. Сёлета генеральная дырэктарка TUT.BY сустракае народзіны за кратамі шосты раз запар.

Людміла Чэкіна. Фота: realt.by
«Людміла Чэкіна, генеральная дырэктарка цяпер ужо закрытага незалежнага выдання TUT.BY, сустракае чарговы дзень нараджэння за кратамі. Асуджаная, у прыватнасці, паводле абвінавачання ў дзеяннях, накіраваных супраць нацыянальнай бяспекі, яна з’яўляецца адной з ахвяр злоўжывання крымінальным пераследам з мэтай прымусіць журналістаў маўчаць, пра што гаворыцца ў апошняй справаздачы RSF. Яна павінна быць вызваленая», — заявілі ў RSF.
Справа Людмілы Чэкінай
Людмілу Чэкіну затрымалі 18 траўня 2021 года ў межах крымінальнай справы, распачатай супраць «Тут Бай Медыя» па абвінавачанні нібыта ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкулв 243 Крымінальнага кодэкса).
У офісе кампаніі, у кватэрах шэрагу супрацоўнікаў былі ператрусы. Сілавікі затрымалі 15 чалавек: акрамя гендырэктаркі, галоўную рэдактарку партала Марыну Золатаву, а таксама журналістаў, юрыстаў, бухгалтараў і іншых профільных спецыялістаў.
Следства доўжылася каля 20 месяцаў, увесь гэты час Людміла Чэкіна і Марына Золатава заставаліся ў СІЗА № 1 Мінска. Іншых фігурантаў цягам гэтага часу выпусцілі пад падпіскі аб нявыездзе і неразгалошванні ды асабовыя фінансавыя паручальніцтвы.
Людмілу Чэкіну ў выніку абвінавацілі паводле трох крымінальных артыкулаў:
- часткі 2 артыкула 243 КК (ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры);
- часкті 3 артыкула 130 КК (арганізацыя наўмысных дзеянняў, скіраваных на распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці, учыненых групай асобаў і якія пацягнулі цяжкія наступствы);
- часткі 3 артыкула 361 КК (кіраўніцтва заклікамі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненае з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт).
17 сакавіка 2023 года суддзя Валянціна Зянкевіч агучыла рашэнне суда: Людміле Чэкінай і Марыне Золатавай прызначылі па 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
У кастрычніку 2022 года Камітэт дзяржбяспекі РБ ўключыў Людмілу Чэкіну і Марыну Золатаву ў спіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
У снежні 2025 года Марыну Золатаву вызвалілі і дэпартавалі з Беларусі ў выніку перамоваў прадстаўніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла з афіцыйным Мінскам. Людміла Чэкіна дагэтуль застаецца ў зняволенні, яна адбывае пакаранне ў Гомельскай жаночай калоніі.
@bajmedia