• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «У калоніі дапамагаў іншым зняволеным, але непублічна, таемна». Інтэрв’ю Леаніда Судаленкі для БАЖ

    Вядомы гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка адсядзеў свой несправядлівы тэрмін, як кажуць, ад званка да званка. Але пасля турмы, заўважае ён, зноў трапіў нібыта у турму: бясконцыя праверкі, гутаркі, татальны кантроль.

    Былы палітвязень пакінуў Беларусь. Адным з першых месцаў, што ён наведаў, стаў офіс БАЖ. Пра што ішла гутарка?

    «Пасля вызвалення фактычна атрымаў два гады хатняй хіміі»

    — Вядома, лёгка быць моцным заднім розумам. Але ўсё ж, чаму вы не з’ехалі пасля першай хвалі атакі на праваабаронцаў у студзені 2021 года?

    — Канешне, магчымасць была. Але тады я цвёрда стаяў на нагах і казаў з высока паднятай галавой: «Хай яны з’язджаюць, я нікуды не збіраюся». Меркаваў, што ў краіны не ўсё згублена, і я змагу даказаць сваю невінаватасць.

    Аднак цяпер я добра разумею, што ў Беларусі не тое, што законаў і суду няма — адбываюцца страшэнныя рэпрэсіі, прыкладна на тым жа ўзроўні, што сто гадоў таму.

    Калі я вызваліўся і стаў на ўлік у міліцыі, даведаўся, што маё прозвішча знаходзіцца ў спісе «экстрэмістаў». Мне пералічылі тое, што я павінен быў выконваць на працягу двух гадоў. Папярэдзілі, што за парушэнне абавязкаў прадугледжаны штраф ці нават арышт.

    Напрыклад, калі я мусіў з’ехаць з Гомеля больш чым на тры дні, то абавязаны быў атрымаць дазвол. У любы момант яны маглі ўвайсці ў кватэру, а я не меў права не адчыніць дзверы. Па два разы ў дзень прыходзілі з відэарэгістратарам, адзначалі час. Штотыдзень я абавязаны быў з’яўляцца для так званых прафілактычных гутарак.

    Я выйшаў не па амністыі, не па ўмоўна-датэрміновым вызваленні… Лічыў, што я вольны чалавек. Але фактычна атрымаў два гады хатняй хіміі.

    Разумеў, што мне не дадуць працаваць праваабаронцам, і мая дзейнасць, на думку ўладаў, крымінальная. Аднак аказалася, што ў любы момант могуць яшчэ і арыштаваць за наведванне «няправільнага» сайта ці які-небудзь камент. Апошнім часам я бачыў, па якіх артыкулах Крымінальнага кодэкса «заязджалі» хлопцы ў калонію — за лайкі, каментары, наведванне «экстрэмісцкіх» інтэрнэт-рэсурсаў.

    Улічваючы ўсё гэта, я вырашыў, што другі тэрмін для мяне можа стаць квітком у адзін канец. Таму вырашыў перачакаць рэпрэсіі ў бяспечнай краіне.

    — А навошта ўладам трэба было аказваць ціск на вас пасля вызвалення? У чым яны бачылі пагрозу?

    — Дакладна ведаю, што да іншых пасля вызвалення такой увагі не было. Можа, і выціскалі з краіны… Зараз складана сказаць. Але асноўная прычына — што я залічаны ў спіс «экстрэмістаў».

    Як толькі з’явіцца незалежны суд, я пайду бараніць свае правы. Але цяпер яго няма. Ёсць будынак, ёсць чалавек у мантыі, аднак не суд.

    «Адразу разумеў, што мне дадуць максімальна магчымы тэрмін»

    — Як гэта апынуцца за кратамі і разумець, што цябе самога абараніць няма каму?

    — Адразу разумеў, што мне дадуць максімальна магчымы тэрмін. Занадта відавочным быў палітычны характар справы, і што ніхто мне не дапаможа.

    Я сам юрыст і разумеў, што складу злачынства ў маіх дзеяннях няма. А тое, што аплочваў штрафы за іншых людзей, гэта на той момант не з’яўлялася нават адміністрацыйным правапарушэннем.

    Мы дамовіліся з адвакаткай, што па справе з ёй мы не размаўляем. Фактычна яна выконвала функцыі паштальёна. Калі я сядзеў у гомельскім СІЗА, яна прыносіла навіны, расказвала пра сям’ю, паведамляла маім родным пра мае навіны.

    — Вы часта ўзгадвалі ўласныя парады іншым? Наколькі яны падаліся актуальнымі і адпавядалі той рэчаіснасці, у якой апынуліся?

    — Заўсёды казаў, што не трэба ніколі прызнаваць паражэнне. Тое, чаму вучыў людзей, застаецца актуальным. Гэтыя правы — на мірны сход, выказванне меркавання — нам дае не дзяржава.

    Усе людзі, якія ў 2020 годзе выходзілі на вуліцы, падтрымлівалі мірныя пратэсты і выказвалі сваё меркаванне. А тое, што ўлада назвала іх экстрэмістамі і тэрарыстамі, гэта праблема ўлады. Правы, якія гарантуе нават дзейная Канстытуцыя, нікуды не зніклі.

    Але рэчаіснасць іншая. Паспрабуйце цяпер выйсці нават на адзіночны пікет — адразу забяруць, і будзе крымінальная справа. У кожнай краіне ёсць пратэсты па розных кірунках. І мала дзе ўлада ўжывае сілу так брутальна, як у нас.

    — У адным з інтэрв’ю пасля вызвалення вы сказалі: адстойваць свае правы, знаходзячыся там, адназначна немагчыма. Іначай можна страціць здароўе ці нават жыццё. Ці цяжка было скарыцца з такой думкай?

    — Кожны чалавек, які «заязджае» ў калонію, падпісвае паперу аб згодзе на выкананне правілаў распарадку. Калі адмаўляецца, яго адразу закрываюць у ШІЗА. Пратрымаюць паўгода — зноў прапануюць падпісаць. Не? Тады яшчэ паўгода ў ШІЗА. Пасля перадаюць матэрыялы ў суд і па 411‑м артыкуле Крымінальнага кодэкса (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) дабаўляюць яшчэ тэрмін і пераводзяць у турму. Таму амаль усе падпісваюць, я ў тым ліку.

    Што значыць адстойваць правы ў калоніі? Зняволены павінен выконваць абавязкі, якія прапісаныя ў правілах знаходжання. Напрыклад, галіцца кожны дзень. Інакш — рапарт і пакаранне, у якасці якога можа выступаць адмова ў тэлефонных гутарках ці спатканні з роднымі. У горшым выпадку — ШІЗА, які з’яўляецца турмой у турме.

    Гэта цяжкі вопыт. У гомельскім СІЗА я сядзеў каля года і не дыхаў свежым паветрам, не бачыў неба. Мне як чалавеку сталага ўзросту вельмі няпроста даводзілася.

    Дарэчы, у калоніі мяне адразу папярэдзілі, каб я нават не думаў дапамагаць другім вязням парадамі. Зразумела, я кансультаваў, як напісаць скаргу. Але непублічна, таемна.

    «Той выпадак, калі прапагандысцкія газеты былі для мяне карыснымі»

    — Прыём інфармацыйнай блакады шырока ўжываецца ў дачыненні да палітвязняў. Гэта таксама катаванне? Наколькі гэта ўплывае на настроі і розумы? Як вы пераадольвалі засмучэнне?

    — Інфармацыйная блакада была самым галоўным выпрабаваннем. Калі я год сядзеў у СІЗА, то рэгулярна атрымліваў лісты — да дваццаці штодня. Мне перадавалі кнігі, газеты.

    Аднак як толькі палітвязень трапляе ў калонію — аказваецца ў блакадзе. Я мог перапісвацца толькі з роднымі. Ад іншых людзей не атрымаў ніводнага ліста.

    Дазвалялася тэлефанаваць. Чатыры званкі па дзесяць хвілін у месяц, але ў прысутнасці аператыўнага супрацоўніка, які нас слухаў. Калі заходзіла гаворка пра вайну ці пра палітыку, то размова тут жа заканчвалася. Яшчэ і ў ШІЗА можна было трапіць.

    Канешне, трымаць чалавека без інфармацыі — гэта катаванне. Не дадае добрага настрою, калі не ведаеш, як сям’я, блізкія. Ходзіш і думаеш: як яны там? Што адбываецца на волі?

    Увечары можна было глядзець тэлебачанне, але толькі беларускія і расейскія дзяржканалы. А там расказвалі, як РФ філігранна вядзе «спецыяльную ваенную аперацыю» і «знішчае фашыстаў». У такім асяродку давялося пражыць тры гады.

    — Аднак інфармацыя рана ці позна прасочваецца нават у самыя аддаленыя куткі калоній і турмаў. Якім чынам?

    — Праз непалітычных вязняў. Яны маглі тэлефанаваць сваякам і сябрам. За імі кантроль не такі пільны. Родныя ім расказвалі пра сітуацыю ў краіне і навокал: як вайна ва Украіне? Чаго дамагаўся «Вагнер»? Так мы і даведваліся пра апошнія навіны.

    — Раней вы ўзгадвалі, што выкарыстоўвалі любую магчымасць атрымаць інфармацыю. Нават выпісвалі дзяржаўныя газеты. Гэта значыць, у асобных выпадках і прапаганда можа быць карыснай?

    — Я навучыўся чытаць паміж радкоў. Тую ж «Советскую Белоруссию» выпісваў у Гомелі, калі быў у СІЗА, і ў лагеры (маецца на ўвазе папраўчая калонія — Аўт.). Так я даведаўся, што над «Вясной» пачаўся суд, калі Мукавозчык, перакручваючы, напісаў пра першае пасяджэнне. Гэта той выпадак, калі прапагандысцкія газеты, цалкам залежныя ад дзяржавы, былі для мяне карыснымі.

    «Мне здаецца, улада вымушаная будзе нешта рабіць. Столькі палітвязняў — гэта беспрэцэдэнтна!»

    — Ужо на волі, атрымаўшы доступ да навін з незалежных крыніц, вы неяк фіксавалі, ці правільна разумелі падзеі нават паводле такіх скажоных звестак?

    — У асноўным так. Да мяне і іншыя людзі падыходзілі, каб параіцца ці спытацца пра вайну ва Украіне, амністыю і г. д. Ведалі, што я цікаўлюся, выпісваю газеты. Таму ішлі за верыфікацыяй нейкай інфармацыі. Багата было такіх размоў.

    — А на што яшчэ звярнулі ўвагу, чытаючы артыкулы таго ж Мукавозчыка ды іншых? На вашу думку, перажылі яны траўму 2020 года? Ці яна бясконца будзе свярбець для іх?

    — Канешне, свярбіць! Пасля выбараў у 2006‑м, 2010‑м палітзняволеных хутка выпускалі. А тут тры гады прайшло, і старонку перагарнуць усё ніяк не атрымліваецца.

    Указ пра вяртанне «беглых» не працуе, але гэта сведчанне таго, што ўлада шукае выйсце. Мне здаецца, яна вымушаная будзе нешта рабіць. Столькі палітвязняў — гэта беспрэцэдэнтна!

    — Блогер Аляксандр Кабанаў успамінаў пра адзін лайфхак: у камерах ёсць радыё, і па вечарах там круцяць праграму, падчас якой перадаюць віншаванні, у тым ліку палітвязням. А якія яшчэ хітрыкі выкарыстоўваюцца, каб перадаць інфармацыю?

    — Я ведаю пра гэты спосаб. Выглядае як завуяванае віншаванне: «Віктар знаходзіцца ў камандзіроўцы ў Віцебску, перадаю яму прывітанне. Жонка». Але сам не карыстаўся. Бо лічу дзяцінствам. Ну што гэта за віншаванне? Іншая справа, калі пасля вызвалення нехта перадаваў інфармацыю родным. Я, напрыклад, дзвюм маці патэлефанаваў і расказаў, што прасілі паведаміць іх блізкія.

    «Цэнзар сказаў: “Падумаеш, далі і далі”. Нібыта грамату ад выканкама ўручылі»

    — Менавіта так пракралася інфармацыя, што Алесь Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію. Як вы ўспрынялі навіну? Якой была першая думка?

    — Высокая ўзнагарода. Я працаваў у той камандзе, у «Вясне». То бок гэта адзнака і маёй дзейнасці.

    Мы ішлі са сталоўкі, а насустрач — яшчэ адзін атрад. Хтосьці з жоўтабірачнікаў крычыць: «Леанідавіч, віншую з Нобелеўскай прэміяй!». Пасля пачаў шукаць інфармацыю, знайшоў пацверджанне.

    Калі мне даслалі ліст, то цэнзар сказаў: «Падумаеш, далі і далі». Нібыта грамату ад выканкама ўручылі. А я не ўстрымаўся: «Дзе ж заняць чаргу, каб нобелеўку атрымаць?»

    — Вы згадвалі, што сукамернікі даведаліся, хто іх сусед, з артыкула «Новага Часу». Наколькі вядомасць замінала ці дапамагала ў зносінах з супрацоўнікамі пенітэнцыярных устаноў?

    — Адміністрацыя ведала, хто я, і стаўленне было больш-менш. А шараговым кантралёрам увогуле ўсё роўна. Іх панабіралі па аб’яве ў мясцовай газеце. Яны нават не здагадваюцца, чаму людзі выйшлі пратэставаць у 2020 годзе. Як прапаганда падае, так і думаюць. Але калі казаць цалкам, адносная вядомасць мне дапамагала. Звярталіся нават з павагай.

    — Пра сустрэчу з Максімам Знакам у калоніі. Можаце сказаць, пра што ўдалося пагаварыць? Як ён трымаецца?

    — Я заехаў у калонію ў студзені 2022 года. Максім Знак — на паўмесяца раней. Даведаўся, што ён працаваў у швейным цэху. Мяне туда правялі. Змаглі з ім паразмаўляць. Ён цікавіўся агульнымі падзеямі. Камунікавалі яшчэ некалькі разоў.

    Яскравы выпадак быў 15 сакавіка, калі абвесцілі: «Знак, з рэчамі на выхад». А куды? Ніхто ж не ведае… У турму? У ШІЗА? Пратрымалі тры гадзіны і вярнулі ў атрад. Такім чынам «павіншавалі» з Днём Канстытуцыі.

    Трымаўся ён добра, а потым я даведаўся, што ўлада ўключыла яму самы жорсткі рэжым — далі шэсць месяцаў ШІЗА, выпусцілі, а пасля зноў прызначылі паўгода. Гэта значыць, хутчэй за ўсё будзе ўжыты артыкул 411 Крымінальнага кодэкса.

    «Здзівіла, што ўсе сайты, якія я наведваў, захаваліся і працуюць»

    — Праз два гады зняволення вы выйшлі на волю. Не было перанасычэння ад інфармацыі? Якой падалася медыясфера? Што здзівіла больш за ўсё?

    — Цяпер інфармацыю ўжываю пакрыху, як, дарэчы, і ежу. Трэба паступова ўлівацца ў жыццё, бо іначай захлісне. Калі адкрыў электронную паштовую скрыню, то ўбачыў звыш тысячы лістоў. А здзівіла тое, што ўсе сайты, якія я раней наведваў, захаваліся і працуюць. Я думаў, што ўсё гэта згублена.

    — Ці меркавалі вы, што давядзецца жыць у эміграцыі? Наколькі складана даўся пераезд у Вільню?

    — Вельмі складана. Я ніколі не планаваў з’язджаць з Беларусі. Але вярнуўся з турмы ў турму, як ужо казаў вышэй. Не было ўпэўненасці пад нагамі. У любы момант маглі прыйсці, надзець ланцугі і даць новы тэрмін. Таму прыняў такое рашэнне. Блізкія казалі: лепш мы будзем ездзіць да цябе ў Вільню, чым у калонію.

    — Якія цяпер планы? Можаце расказаць, чым зоймецеся?

    — Буду займацца праваабаронай. Тут жа БАЖ, «Вясна», мой сябра Андрэй Стрыжак з BYSOL… Я з імі ўсімі ўжо сустрэўся. Прыйду ў сябе, наладжу побыт і пачну працаваць.

    Калі размаўляў са Святланай Ціханоўскай, так і сказаў: «Прыехаў сюды, каб працаваць. Дзеля таго, каб мая камандзіроўка хутчэй скончылася».

    — На вашу думку, наколькі рэалістычна казаць пра тое, каб у міжнародным заканадаўстве было ўведзена паняцце пра мэтанакіраваны пераслед беларусаў па палітычных матывах? Ужо занадта шмат супадзенняў з тым, што адбывалася падчас Другой сусветнай вайны: спецыяльныя біркі, катаванні, нават смерці…

    — Вельмі слушнае пытанне. Я б падтрымаў такую ініцыятыву і папрацаваў у ёй. Як чалавек, які быў там, я ўсё гэта адчуў на сабе: і спецыяльныя біркі, і дыскрымінацыю. Нас, палітычных, пераследавалі мэтанакіравана.

    Але калі казаць пра рэалістычнасць ініцыятывы, то гэта складана. Прабіць еўрапейскую бюракратыю занадта няпроста. Аднак працаваць над гэтым трэба.

    — Пад канец яшчэ адна ваша цытата: «Не планую ўсё сваё астатняе жыццё правесці ў эміграцыі». А які выхад бачыце? Здаецца, дэмакратычныя сілы ў тупіку. Эфектыўных сродкаў змянення сітуацыі не бачна.

    — Унутры сябе настроіў, што гэта мая камандзіроўка, і яна хутка скончыцца.

    Калі ў 2015 годзе, у вельмі дэпрэсіўны момант, Святлана Алексіевіч прыязджала ў наш гомельскі офіс, яна сказала: «Трэба, каб кожны на сваім месцы, займаўся сваёй справай».

    Я працую ў праваабароне, іншага шляху не бачу. Няма чароўнай кнопкі. Але працаваць дзеля перамен — наш абавязак.

    Чытайце яшчэ:

    «Атрымаліся не толькі нататкі пра турэмнае жыццё». Алег Груздзіловіч — пра сваю кнігу

    “Зараз ёсць імкненне і жаданне. Больш нічога”. Гутарка з блогерам Аляксандрам Кабанавым

    Ці сапраўды Польшча адмовілася плаціць за «хатні арышт» Пачобута, як цвердзіць Васкрасенскі? Расследаванне Свабоды

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці