• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Апеляцыю Сяргея Сацука Вярхоўны суд будзе разглядаць у закрытым рэжыме

    На сайце Вярхоўнага суда з’явілася абвестка з указаннем даты разгляду апеляцыйнай скаргі галоўнага рэдактара інтэрнэт-партала “Ежедневник” Сяргея Сацука, асуджанага на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.   

    Як удакладняецца ў апублікаваным запісе, пасяджэнне пачнецца 10 лютага а 9.30, адбывацца яно будзе ў закрытым рэжыме — прычыны мэтазгоднасці такога фармату не раскрываюцца. На працэс прызначана суддзя Вярхоўнага суда Таццяна Васілевіч

    Крымінальныя артыкулы, пералічаныя ў графе “сутнасць матэрыяла/скаргі”, супадаюць з першапачатковым абвінавачаннем. Такім чынам, гэта ч. 2 арт. 426 — “перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў”; ч. 2 арт. 130 — “распальванне расавай, нацыянальнай, релігійнай або іншай сацыяльнай варожасці”; ч. 2 арт. 430 — “атрыманне хабару”. 

    Прысутнасць Сяргея Сацука ў зале не прадугледжваецца, канчатковы вердыкт ён будзе чакаць у СІЗА №4 магілёўскай турмы. Інтарэсы асуджанага журналіста прадставіць адвакат.  

    Ад сваякоў стала вядома, што над тэкстам апеляцыі Сяргей Сацук у большай ступені працаваў сам — да 10-старонкавага чарнавіка юрыста дадаў яшчэ 75 уласных аркушаў, дзе падрабязна распісаў усе аргументы на карысць уласнай невінаватасці.

    Праўда, нават не чакаючы фінальнага пасяджэння па скарзе, у канцы мінулага года журналіста перавялі з СІЗА №1 Мінска ў аналагічную ўстанову Магілёва. Калі 10 лютага Вярхоўны суд заяву не задаволіць, вязня этапуюць у адну з калоній узмоцненага рэжыму для адбыцця прысуджанага 8‑гадовага тэрміну. 

    Сяргей Сацук — адзін з самых вядомых у Беларусі журналістаў- расследавальнікаў. Яго затрымалі 8 снежня 2021 года, у той жа дзень рашэннем Міністэрства інфармацыі быў заблакаваны доступ да сайта ej.by (“Ежедневник”). Праваабарончая супольнасць прызнала яго палітычным вязнем. 

    26 кастрычніка 2022 года суддзя Мінскага гарадскога суда Святлана Бандарэнка пакарала Сяргея Сацука 8 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафам у эквіваленце 16 тысяч рублёў, абвінаваціўшы па трох крымінальных артыкулах: “перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў” (арт. 426 КК), “распальванне варажнечы” (арт. 130 КК), “атрыманне хабару” (арт. 430 КК).

    Акрамя таго, ён пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў. Таксама суд вырашыў спагнаць з абвінавачанага ў даход дзяржавы суму ў памеры 12 тысяч 384 рублёў. Дзеля забеспячэння выканання прысуду арыштавана маёмасць журналіста: аўтамабіль, ноўтбукі, планшэты, мабільныя тэлефоны ды іншыя электронныя прылады.

    А вось элементарная правы вязня пры гэтым ігнаруюцца. У сваіх лістах на волю Сяргей Сацук неаднаразова наракаў, што адміністрацыя магілёўскага ізалятара наўмысна не выдае яму лекі, атрыманыя ад сваякоў. У журналіста сур’ёзныя праблемы з сэрцам, яму прапісаны пажыццёвы прыём адмысловых прэпаратаў, інакш могуць быць непажаданыя наступствы – за кратамі ўжо здарыўся прыступ мярцальнай арытміі.  

    Паколькі ніякія аргументы на сілавікоў не ўздзейнічаюць, Сяргей Сацук вымушаны самастойна зніжаць дозы, каб расцягнуць таблеткі ў часе. Аднак у доўгатэрміновай перспектыве гэта пагражае істотным ускладненнем яго фізічнага стану. 

    Акрамя таго, турэмнае начальства з невытлумачальных прычын пастаянна перакідвае яго з месца на месца, банальна не даючы адаптавацца — за месяц ужо зменена каля дзясятка розных камер.   

    Чытайце яшчэ:

    Силовики задержали администратора телеграм-канала газеты «Народная Воля»

    3 февраля Андрей Бастунец обратился в КПЧ ООН с индивидуальным сообщением о нарушении его прав в результате принудительной ликвидации БАЖ

    “Внимательно читайте договор!” Особенности авторского права в Литве

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці