• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Беларусь мяне здзівіла». Гісторыя паляка Альбэрта Ежы Вяжбіцкага, які вядзе тэлеграм-канал па-беларуску

    «Радыё Свабода» распавядае пра этнічнага паляка Альбэрта Ежы Вяжбіцкага, які праводзіць у Варшаве экскурсіі па-беларуску і вядзе тэлеграм-канал для беларусаў «Польскія аповесці».

    Як этнічны паляк захапіўся беларушчынай

    Альбэрт Ежы Вяжбіцкі нарадзіўся ў польскім Гарволіне, паміж Варшавай і Люблінам. Калісьці вучыўся на юрыдычным факультэце, але нядоўга — толькі адзін сэмэстар. Паехаў у Грузію па эўрапейскай валянтэрскай праграме Eras­mus, захапіўся вывучэньнем моваў. Калі вярнуўся ў Польшчу, набор у ВНУ ўжо скончыўся, толькі катэдра беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту абвясьціла дадатковы набор. І каб атрымаць студэнцкае пасьведчаньне і карыстацца зьніжкамі, пайшоў вучыцца туды. З набору ў 30 чалавек застаўся адзін, захапіўся беларушчынай. Летась абараніў дыплём магістра.

    Цяпер Альбэрт водзіць па Варшаве экскурсіі па-беларуску, выкладае польскую мову замежнікам, шмат перакладае. І вядзе беларускамоўны тэлеграм-канал.

    — Я пачаў вадзіць беларускамоўныя экскурсіі па Варшаве ў 2022 годзе. І мне не хапала прасоўваньня гэтай інфармацыі. Я супрацоўнічаю зь Беларускім моладзевым хабам, што арганізуе іх. Мне хацелася даводзіць абвесткі пра экскурсіі менавіта да беларусаў. Выкладаў іх спачатку ў сваім інстаграме. Але ў мяне ёсьць польскія сябры, і калі я буду выкладаць інфу спрэс для беларусаў, яны гэтага не зразумеюць. І тады я вырашыў яе «адгалінаваць» у асобны канал. Мне падалося, што асобны тэлеграм-канал — найбольш зручны і прыдатны для гэтага. Так зьявіліся «Польскія аповесьці».

    Сам Альбэрт такім чынам патлумачыў, навошта на гэта адважыўся:

    — Я паляк, які ўжо некалькі год тусуецца ў беларускай сфэры ў Польшчы. У гэтым канале буду дзяліцца з вамі рознай рознасьцю, буду інфармаваць пра свае беларускамоўныя экскурсіі па Варшаве (а мо і па іншых кутках краіны), цікавінкі па гісторыі Варшавы, Польшчы, сьвету, а таксама час ад часу выкажу сваю пазыцыю на нейкую тэму.

    «Я хачу, каб беларусам стала больш зразумела, што адбываецца ў Польшчы»

    — Але пачыналі вы з абвестак пра экскурсіі, а цяпер у канале падкасты, парады, што цікавага пачытаць, паглядзець, шмат тлумачалак пра палітыку — паўнавартасны інфармацыйны канал.

    — Чаму пачаў гаварыць пра палітыку? Бо іншаземцам у палітыцы чужой краіны цяжка разабрацца, нават калі ты ведаеш дасканала мову і чытаеш СМІ. Я хацеў, каб беларусам стала больш зразумела, што адбываецца ў Польшчы. І каб беларусы адчулі, якія могуць быць праблемы ў краіне, дзе дэмакратычны лад. Бо часта пра гэта пытаюцца і мае вучні (я выкладаю польскую мову для беларусаў). Яны часьцяком бачаць на вуліцах пратэсты, пікетаваньне, шматлюдныя маршы — і не разумеюць, што тут адбываецца. Нібыта ў нас блізкія культурна-гістарычныя адносіны, але ў палітычным кантэксьце мы знаходзімся вельмі далёка адзін ад аднаго. Мы можам слухаць аднолькавую музыку, глядзець адны і тыя ж сэрыялы, але калі пасадзяць нейкага польскага палітыка — гэта ўжо сюр нейкі для беларусаў!

    Парлямэнцкія выбары ў Польшчы для мяне сталі нагодай, каб раскласьці па палічках перадвыбарчую сытуацыю, распавесьці пра кааліцыі на выбарах.

    — А зваротная сувязь з чытачамі ёсьць?

    — Так. Калі зьяўляліся пасты пра палітыку, людзі нават сварыліся ў камэнтах па гэтых палітычных тэмах. Але ў апошні час я збольшага даваў парады, куды схадзіць, што паглядзець, што паслухаць. Часам чытачы пішуць і ў асабістыя кантакты.

    — Ведаю, вы толькі што вярнуліся з экскурсіі, якую праводзілі для замежнікаў. Вось экскурсіі па-беларуску і экскурсіі па-ангельску аднолькавыя па зьмесьце праводзіце? Альбо ёсьць розьніца?

    — На экскурсіях па-ангельску зьбіраюцца людзі з розных краінаў. Сёньня была даволі вялікая група — турысты з Італіі, Партугаліі, Чэхіі, зь Лёндану. То бок усе яны з розным культурна-гістарычным кантэкстам, з розных культурных асяродзьдзяў, скажам так. Я люблю прыводзіць у прыклад партугальцаў. Гэта даволі далёкая ад нас нацыя. Пра тое, што тут побач расейцы і што акупавалі нас у ХІХ стагодзьдзі, што з аднаго боку была Расея, з другога Нямеччына — яны амаль нічога ня ведаюць, гэта не выклікае ў партугальцаў ніякіх асацыяцый.

    А чэх ці румын будуць да гэтага неяк інакш ставіцца, бо іх закранула Другая ўсясьветная вайна. Таму даводзіцца ўкладаць гісторыю ў такі кантэкст, каб усім было аднолькава зразумела, ясна, як Варшава, як Польшча зьмяняліся на працягу стагодзьдзяў. Тлумачу, што тут была Рэч Паспалітая, які быў палітычны лад.

    Але што тычыцца беларусаў і ўкраінцаў, то для іх праводзіць экскурсіі — гэта дзьве розныя рэчы. Таму што тып эміграцыі розны. Многія беларусы маюць «карту паляка», візу Poland. Busi­ness Har­bour — то бок многія плянавалі пераезд у Польшчу ў 2020–2022 гадах, ведалі, чаго чакаць. Для беларусаў ня трэба пачынаць з самых асноваў — яны больш падрыхтаваныя.

    А бальшыня ўкраінцаў апынулася тут зусім нечакана і нежадана, і яны ня тое што не цікавяцца гісторыяй, але ў іх няма гэтай асновы.

    Для беларусаў я паказваю больш разгорнуты кантэкст, бо яны ўжо ведаюць, што такое калёна Жыгімонта альбо ў якім годзе адбудавалі Катэдру ў Старым горадзе. І іх ужо цікавіць, да прыкладу, дзе ў 1981 годзе падчас «Салідарнасьці» былі пратэсты. Канечне, будуць і новыя, ужо некалькі новых экскурсій. Трэба разьвіваць беларушчыну і спрашчаць беларусам жыцьцё ў эміграцыі.

    «Дзяржава мае сваю назву, сваю мову — а яе амаль не чуваць»

    — Вы некалькі разоў былі ў Беларусі — у 2018–2019 гадах. Падзяліцеся сваімі ўражаньнямі.

    — У цэлым уражаньні ў мяне вельмі добрыя. Беларусь мяне вельмі зьдзівіла — моцна і пазытыўна. Але спачатку я быў агаломшаны, якая гэта небеларуская краіна. Гэта ж зусім нелягічна: дзяржава мае сваю назву, сваю мову — а мовы амаль не чуваць у асяродзьдзі. І гэта для беларусаў — звычайная справа? Калі паглядзець збоку, гэта здаецца сюррэалізмам. Так што ў мяне гэта выклікала зьдзіўленьне.

    Добра, што беларуская мова захоўваецца за мяжой. Заўсёды так было — беларуская мова за мяжой жыла і будзе жыць. Спадзяёмся, што вернецца яна і ў дзяржаву.

    — А ці чакалі вы, што літаральна праз год, у 2020‑м, могуць адбыцца такія падзеі?

    — Калі вы пытаецеся, ці чакаў я, што адбудуцца такія рэпрэсіі, то не чакаў. Дый мала хто чакаў.

    Дарэчы, пратэставыя настроі і незадаволенасьць, якія назапашваліся ў людзях, у Беларусі было немагчыма адсочваць. З той прычыны, што сацыялёгіі ў Беларусі не было, ніхто не сачыў за настроем народу, за грамадзкімі хваляваньнямі. Ні ўлада, ні незалежныя сацыялягічныя асяродкі не праводзілі аб’ектыўных дасьледаваньняў, апытаньняў грамадзкай думкі, як гэта ёсьць у Польшчы. У Польшчы мы можам адсачыць, да прыкладу, рэакцыю народу на пэўныя дзеяньні палітыкаў ад дзясятка сацыялягічных службаў. У Беларусі такога няма.

    Я не палітоляг, я чалавек, які круціўся ў пэўным асяродку беларусаў і ведаў, што мае сябры прагаласуюць супраць Лукашэнкі. А ці зробяць так іх суседзі, знаёмыя, калегі, — я ня ведаў. У паветры штосьці лунала. Але такога я не чакаў…

    Чытайце яшчэ:

    Блогер з раёнкі. Як цяпер улада спрабуе вярнуць уплыў друкаваных выданняў

    Аляксандр Івулін запусціў новы праект на YouTube

    «Я сумую па сваёй маці…» Больш за паўсотні журналістаў па ўсім свеце знаходзяцца ў закладніках

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці