• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Блогер Андрэй Павук з Акцябрскага падаў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН

    Гэта ўжо шосты зварот ад журналісцкай грамады.

    Блогер і стваральнік папулярнай суполкі ў сацыяльных сетках «Рудабельская паказуха», сябра ГА “БАЖ” Андрэй Павук з райцэнтра Акцябрскі звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН з індывідуальнай скаргай. Ён аспрэчвае ва ўплывовай міжнароднай структуры забарону беларускіх уладаў на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, паколькі ў судах унутры краіны не змог абараніць свае правы. Пра гэта паведамляе сайт “Гомельская вясна”.

    У жніўні мінулага года старшыня суда Акцябрскага раёна Люміла Гармаш аштрафавала Андрэя Павука на 735 рублёў (30 базавых велічынь) за выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага  спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” – паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП.

    Падставай стаў ліпеньскі сюжэт на “Белсаце” пра самога Павука як галоўнага героя: “Блогеру пагражаюць судом за майку з надпісам «Яны любяць цябе». Такі надпіс быў зроблены на майцы пад партрэтамі мясцовых чыноўнікаў.

    Паказальна, што Андрэй Павук не мантажаваў відэаздымкі, не адсылаў на “Белсат”. Ён толькі запісаў на відэа і змясціў на сваёй старонцы ў YouTube адказы жыхароў Рудабелкі (гістарачыная назва г. п. Акцябрскі) наконт таго, ці можна лічыць абразай майку з фотаздымкам чыноўнікаў і надпісам “Яны любяць цябе”. Частку гэтых адказаў скарыстаў тэлеканал. Тлумачэнні блогера суд не ўзяў пад увагу і пакараў штрафам.

    У накіравай у Жэневу скарзе Андрэй Павук распавёў таксама пра адмову Акцябрскага райвыканкама і райсавета дапусціць яго на адкрытыя пасяджэнні.

    Зварот у Камітэт па правах чалавека ААН Андрэю Павуку дапамог падрыхтаваць юрыст, сябра ГА “БАЖ” Леанід Судаленка. Ён адзначыў, што гэта не першая скарга блогера ў Камітэце па правах чалавека. Урад Беларусі ўжо пракаментаваў яго скаргу пра штраф за адзіночны пікет з транспарантам «Вазьміце Павука на працу».

    Апроч  таго, беларускаму ўраду прапанавана пракаментаваць зарэгістраваныя ў КПЧ ААН скаргі гомельскіх журналістаў-фрылансераў Ларысы Шчыраковай, Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына наконт буйных штрафаў за супрацоўніцтва з «Белсатам», а таксама журналістаў Тамары Шчапёткінай з Бярозы і Аляксандра Буракова з Магілёва за супрацу адпаведна з «Радыё Рацыя» і Deutsche Welle.

    У індывідуальных скаргах у Камітэт па правах чалавека ААН, акрамя ўстанаўлення фактаў парушэння асабістых правоў, блогер і журналісты-фрылансеры прапануюць рэкамендаваць ураду Беларусі прывесці нацыянальны Закон аб СМІ ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязацельствамі краіны.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці