• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Блогер Пратасевіч даказаў у судзе, што здаваў экзамен, калі міліцыя «бачыла» яго ў Курапатах

    Прынесці даведку з ВНУ і прывесці сваіх выкладчыкаў у суд спатрэбілася студэнту 3 курса журфака БДУ, блогеру Раману Пратасевічу, каб даказаць, што ён здаваў экзамен раніцай 25 лютага. Справа ў тым, што ў гэты час міліцыянты, мяркуючы па адміністратыўным пратаколе, бачылі яго на акцыі ў Курапатах.

    Суд над блогерам пачаўся яшчэ 10 красавіка. На Пратасевіча склалі пратакол за ўдзел 25 лютага ў несанкцыянаванай акцыі ў Курапатах. У пратаколе правапарушэння было ўказана, што студэнт «актыўна ўдзельнічаў у незаконным пікетаванні на будаўнічай пляцоўцы па адрасе: вул. Мірашнічэнкі, 49. Паводле звестак міліцыі, ён быў там у 10.00.

    Але Пратасевіч прынёс даведку з дэканата, што ў гэты дзень ён здаваў экзамен на журфаку, які доўжыўся з 10.00 да 12.00 па прадмеце «мова і стыль СМІ». Гэтага аказалася недастаткова, і суддзя Дзмітрый Цыкал выклікаў у суд сведкамі выкладчыкаў, якія прымалі іспыт у Пратасевіча 25 лютага. Сёння яны прыйшлі ў суд.

    Дацэнт кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання журфака БДУ Вольга Горбач распавяла, што студэнты рыхтуюцца да адказу ў прысутнасці выкладчыкаў. Здача экзамена праходзіла з 10 да 12 гадзін. Па словах выкладчыка, Пратасевіч быў на кафедры да 11.30–11.40.

    — Здаў? — спытаў суддзя.

    — Вы ведаеце, нават на 5 здаў. Да гэтага была курсавая на 4, там шмат спісаў. А тут напэўна баяўся, падрыхтаваўся. Я нават узрадавалася, што не на 4.

    Старшы выкладчык Маргарыта Цыбульская таксама пацвердзіла, што Пратасевіч 25 лютага здаваў экзамен, але сама ўжо не памятае з якога часу да якога часу ён знаходзіўся на кафедры.

    — Ён нядрэнна здаваў дарэчы, зрабіў нядрэннае ўражанне.

    Суддзя пайшоў у дарадчы пакой, а калі вярнуўся заявіў, што віна Пратасевіча не даказана:

    — Справу аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да Пратасевіча спыніць за недаказанасцю яго вінаватасці.

    Сябры Пратасевіча і іншыя актывісты ў залі сустрэлі рашэнне суддзі апладысментамі.Раней Пратасевіч адбыў 10 сутак арышту пасля затрымання на акцыі 26 сакавіка ў Мінску каля Кастрычніцкай плошчы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці