• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Брэст: Журналіста Алеся Ляўчука аштрафавалі на 9 мільёнаў (+ПАСТАНОВА)

    2 ліпеня суд Ленінскага раёна Брэста (суддзя Алег Міранюк) прызнаў Алеся Ляўчука вінаватым у парушэнні арт. 22.9 КаАП ч.2 (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) і пакараў максімальным па гэтым артыкуле штрафам – 50 базавых велічынь.

    Пазаштатнага карэспандэнта інфармацыйнай кампаніі БелаПАН звінавацілі ў супрацоўніцтве са спадарожнікавым тэлеканалам “Белсат” без акрэдытацыі. Падставай для справы стала інтэрв’ю з капітанам футбольнага клуба “Брэст” Раманам Васілюком, якое міліцыя знайшла на сайце тэлеканала “Белсат”. Адміністрацыйны пратакол на Ляўчука склаў 23 чэрвеня старшы лейтэнант міліцыі Барыс Дзмітрук.

    Як распавёў прэс-службе ГА “БАЖ” сам журналіст, ён прадаставіў суду даведку ад БелаПАН пра тое, што працуе на агенцтва як пазаштатны карэспандэнт, і сваё пасведчанне. Таксама ён перадаў раздрукоўку матэрыялу, што стаў падставай для складання пратакола, але ўжо з сайта БелаПАН.

    “Яны задумаліся, бо ніводнага доказу таго, што я рабіў матэрыял для “Белсата”, не было”, – кажа Ляўчук. Па яго словах, суддзя абвесціў перапынак на паўтары гадзіны, а пасля агучыў рашэнне – 9 мільёнаў штрафу.

    Паводле пастановы суда, “нягледзячы на непрызнанне віны Ляўчуком А.С., яго вінаватасць у здзейсненым правапарушэнні… пацвярджаецца сукупнасцю доказаў”. (Тэкст пастановы гл. унізе матэрыялу.)

    Доказамі суддзя лічыць тое, што герой матэрыялу Раман Васілюк пацвердзіў факт інтэрв’ю з ім. Акрамя таго, матэрыял на “Белсаце” мае подпіс “СА”. Суддзя палічыў, што гэта ініцыялы Ляўчука (А.С.) наадварот – “не выключана з мэтай увесці ў зман” (цытата з пастановы)).

    Паколькі журналіста ўжо не раз прыцягвалі да адказнасці па згаданым артыкуле і “належных высноваў ён для сябе не зрабіў”, суддзя палічыў адэкватным захадам максімальны штраф.          

    Журналіст збіраецца абскарджваць судовую пастанову ў вышэйшых інстанцыях.

    Такім чынам, на падставе артыкула 22.9 КаАП журналіста судзілі ўжо тройчы: напрыканцы 2014 года ён быў пакараны штрафам у 40 базавых велічынь (6 мільёнаў рублёў), а сёлета ў сакавіку – на 21 базавую велічыню (3 мільёны 780 тысяч рублёў), прычым другі суд адбыўся без удзелу самога фрылансера.

    Па звестках Ляўчука, 24 чэрвеня на яго завялі яшчэ адну аналагічную справу. Але ніякіх падрабязнасцяў пакуль ён не паведамляе.

    Усяго па арт. 22.9 ч.2 КаАП сёлета журналістаў судзілі ўжо 22 разы. Агульная сума штрафаў складае 117 млн 180 тыс. рублёў. Яшчэ два суды чакаюцца 9 і 10 ліпеня.  

     

    На гэтую ж тэму:

    Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП (Табліцы, абнаўляецца)

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці