• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    За спасылкі на «Витебский курьер news» будуць судзіць рэдактара выдання Аляксандра Корнышава

    Позвы ў суд рэдактар рэгіянальнага інтэрнэт-выдання «Витебский курьер news» атрымаў арыгінальным чынам: міліцыянты даслалі іх як прыватныя паведамленні праз сацыяльную сетку «ВКонтакте».

     Рэдактара «Витебский курьер news» Аляксандра Корнышава будуць судзіць

    Аляксандр Корнышаў. Фота: скрын з эфіру Белсата

    Такім жа чынам Аляксандр Корнышаў атрымаў і адміністрацыйныя пратаколы — у дакументах пазначана, што для знаёмства з імі ён у пастарунак «не з’явіўся».

    З дасланага пратакола ад 30 красавіка вынікае прычына адміністрацыйнага пераследу. Рэдактар выдання «Витебский курьер news» размясціў на ўласнай старонцы «ВКонтакте» дзве спасылкі на тэксты свайго ж інтэрнэт-рэсурсу, прызнанага 14 студзеня 2022 года судом Чыгуначнага раёна Віцебска «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй». Гэтым, паводле складальніка пратакола Аляксандра Бальшакова, Аляксандр Корнышаў парушыў частку 2 артыкула 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў).

    У другім пратаколе, складзеным 13 траўня тым самым супрацоўнікам райаддзела міліцыі Першамайскага раёна Віцебска Аляксандрам Бальшаковым, абвінавачанне паўтараецца. За яшчэ дзве спасылкі на  «Витебский курьер news» рэдактара гэтага выдання зноўку вінавацяць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў».

    «Фотаздымкі пратаколаў і позвы ў суд мне даслаў праз сацсетку «ВКонтакте» ўчастковы інспектар Глеб Ласкін, які курыруе той участак, дзе знаходзіцца маё месца рэгістрацыі. У яго таксама ёсць старонка «ВКонтакте», і такім чынам ён вырашыў са мной звязацца, бо ніякім іншым не атрымліваецца: у лістападзе 2020 года я з’ехаў з Беларусі. Тым не менш, у абодвух пратаколах сцвярджаецца, што я размяшчаў спасылкі, «находясь по месту жительства, а также в других неустановленных местах», — распавёў Аляксандр Корнышаў.

     Рэдактара «Витебский курьер news» Аляксандра Корнышава будуць судзіць

    Паводле першай позвы, у суд Першамайскага раёна Віцебска ён мусіць з’явіцца да 10 гадзін 16 траўня, паводле другой — да 12 гадзін 20 траўня. У раскладзе суда на гэтыя дні дадзеных пра працэсы над Аляксандрам Корнышавым няма. Падобнае здараецца, калі міліцыянты прызначаюць даты, не ўзгадніўшы іх з судамі: чалавек прыходзіць у час з позвы, выдадзенай супрацоўнікамі міліцыі, а ў судзе пра ягоную справу нават не чулі.

    Рэдактара «Витебского курьера news» такая сітуацыя абурае:

    «Так, я размяшчаў спасылкі на тэксты, якія лічу важнымі і цікавымі. Нічога «экстрэмісцкага» ў іх няма. Таму вінаватым сябе я не прызнаў бы ні ў якім выпадку. Але на судовыя працэсы, па зразумелых прычынах, я не траплю, бо ў бліжэйшы час не збіраюся вяртацца ў Беларусь. 10 траўня мяне ўключылі ў «экстрэмісцкі» пералік МУС як удзельніка «экстрэмісцкага фарміравання «Еўрапейскі выбар»». А ў красавіку ў хаце бацькоў па месцы маёй рэгістрацыі правялі ператрус у межах крымінальнай справы, прычым падрабязнасцяў маім родным не патлумачылі».

    Аляксандр Корнышаў адзначае, што міліцыянты наведваліся да ягоных бацькоў і раней: распытвалі, дзе ён цяпер жыве і калі збіраецца прыехаць дадому. Інтарэс да ягонай асобы з боку міліцыі і Следчага камітэта стаў больш выразны пасля таго, як ён узяў удзел у праграме «Белсата», дзе распавёў пра пагаршэнне здароўя падчас вымушанай эміграцыі.

    15 траўня стала вядома, што рэдактара выдання «Витебский курьер news» Аляксандра Корнышава ўнеслі ў міждзяржаўную базу вышуку, агульную для Беларусі і Расіі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці