• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Будучыня журналістыкі: хто пераможа — сацыяльныя медыі ці традыцыйныя СМІ?

    Да нядаўняга часу існаванне так званай грамадскай, ці, лепей сказаць, сацыяльнай журналістыкі выклікала cярод медыяпрафесіяналаў шмат пытанняў і нават недаверлівых усмешак. Маўляў, графаманы былі і будуць, і нават калі яны час ад часу пішуць пра падзеі, пра якія не ведаюць журналісты, гэта яшчэ не ставіць іх на адну дошку з тымі, хто «ведае правілы гульні».

    Арабская вясна ўскалыхнула не толькі палітычны і сацыяльны свет, але і сур’ёзна паўплывала на медыйную прастору, прызнаюць зараз усе тыя ж медыяпрафесіяналы. Ролю сацыяльных медыяў, да якіх адносяць як асобныя блогі, так цэлыя сацыяльныя сеткі ў асвятленні падзеяў у Егіпце, Лівіі, Сірыі цяжка перааацаніць.

    Эксперты прызнаюцца, што ва ўмовах канфліктаў у закрытых грамадствах блогеры працуюць аператыўней за любых журналістаў, бо яны звычайна знаходзяцца ў гушчы падзеяў.

    «Як паказвае практыка, журналісты нярэдка займаюць пазіцыі на дахах сваіх гатэляў і адтуль, за пяць кіламетраў ад падзей, „распавядаюць праўду“, а хутчэй спрабуюць здагадацца, што адбываецца насамрэч», — адначае нямецкі журналіст Маркус Бекедаль (Markus Beckedahl).

    Аднак тутака ж ён зазначае: наколькі б добра і хутка не перадавалі інфармацыю блогеры, у ТОП-навіны яна трапляе толькі тады, калі тэму ўздымаюць журналісты.

    Разнастайная і, нярэдка, сенсацыйная інфармацыя, якая з’яўляецца ў блогах і сацыяльных сетках, — дапамога і, адначасова, сур’ёзны выклік для журналістаў. Спакуса выдаць першым інфармацыю, знойдзеную праз сацыяльныя медыі, ў рэшце рэшт, зніжае планку прафесійнасці журналістаў, адзначаюць медыяэксперты.

    «Карыстаючыся інфармацыяй з блогаў журналісты заўсёды павінны памятаць, што блогеры могуць казаць усё што заўгодна, бо яны не звязаныя ніякіямі этычнымі кодэксамі», — нагадвае калегам прафесар Калумбійскага ўніверсітэта Томас Ланснер.

    Адным з самых вядомых апошніх журналісцкіх «праколаў», які стаўся магчымым з‑за залішняга даверу да напісанага ў блогах, стала гісторыя з «дамаскай лесбіянкай».

    Нейкая Аміна Абдала Араф аль-Амары (Ami­na Abdal­lah Arraf al Omari) стварыла ўласны блог , у якім прызналася, што жыве ў Дамаску (Сірыя) і з’яўляецца лесбіянкай. У сваім блогу дзяўчына пісала пра сябе і крытыкавала ўрад краіны. Аміна паспела нават даць інтэрв’ю журналісту Asso­ci­at­ed Press, як раптам у яе блогу з’явілася паведамленне ад імя яе стрыечнай сястры, якая паведаміла пра затрыманне блогеркі.

    Лёс дзяўчыны ўсхваляваў праваабаронцаў, журналістаў і саміх блогераў. Як жа ж былі яны здзіўленыя, калі высветлілася, што ніякай лесбіянкі Аміны ніколі не існавала! Папросту блог ад яе імя вёў 40-гадовы амерыканец, які жыве ў Шатландыі. Мужчына патлумачыў, што завёў блог ад імя «лесбіянкі з Дамаску», каб прыцягнуць увагу людзей да абароны правоў меншасцяў у арабскіх краінах. Ці дасягнуў Том МакМастар сваёй мэты? Пытанне адкрытае.

    А вось тое, што «даверлівасць», а, па сутнасці, непрафесійнасць некаторых журналістаў з сусветна вядомых СМІ прывяла да распаўсюду непраўдзівай інфармацыі па ўсім свеце — факт.

    «Пасля гісторыі з лесбіянкай нямецкія журналісты двойчы падумаюць, ці пісаць пра нейкіх дысідэнтаў, ці не. Бо зараз мы няўпэўненыя, ці там нешта насамрэч адбывалася», — адзначае нямецкі журналіст Маркус Бекедаль.

    Былы генеральны сакратар Міжнароднай федэрацыі журналістаў Эйдан Уайт лічыць, што адзіны спосаб для журналістаў пазбегнуць такіх памылак — заўсёды памятаць пра прафесійныя стандарты.

    «Мы, журналісты, сёння сутыкнуліся з новай інфармацыйнай хваляй сацыяльных медыяў, і тут нам проста не абысціся без адказнай прафесійнай журналістыкі. Блогеры з Лівіі ды іншых краінаў зрабілі вялікі ўплыў на развіццё медыяў. Аднак нам трэба падумаць, як стварыць новую медыярэальнасць, якая будзе паважаць праўду, правы чалавека і будзе разумець сваю адказнасць перад грамадствам», — адзначае Эйдан Уайт.

    Адказнасці за свае словы ў роўнай ступені чакаюць як журналісты ад блогераў, так і блогеры ад журналістаў. Некаторыя эксперты нават лічаць, што канкурэнцыя паміж журналістамі і блогерамі пачалася ў той момант, калі рэпарцёры зразумелі, што ў іх з’явіўся сапраўдны «вартавы сабака» ў асобе блогера, які заўсёды можа «схапіць за язык» недабрасумленнага журналіста.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці