Былога відэааператара Андрэя Толчына вінавацяць у экстрэмізме
Крымінальную справу супраць былога відэааператара-фрылансера Андрэя Толчына следчыя перадалі ў пракуратуру для вывучэння і накіравання ў суд. Як стала вядома, гомельскага журналіста вінавацяць не ў нанясенні шкоды нацыянальнай бяспецы, як меркавалася раней, а ў экстрэмізме паводле артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса РБ. Гэта — «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім».
Якія канкрэтна праграшэнні ставяцца ў віну Андрэю Толчыну, дагэтуль невядома, паколькі абвінавачанне трымаецца ў таямніцы. У лістах на волю з прычыны турэмнай цэнзуры напісаць пра гэта адкрыта вязень не можа.
У Толчына з’явілася адвакатка, але яна таксама абмежаваная падпіскай пра неразгалошванне таямніцы следства.
Сябры і сваякі ўжо перадалі яму ў следчы ізалятар харчовыя перадачы, сродкі гігіены і цёплыя рэчы.
64-гадовы журналіст пакутуе на гіпертанію, мае праблемы з нагамі.
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала відэааператара Андрэя Толчына палітычным вязнем.
Толчына затрымалі сілавікі сёлета 23 верасня. На наступны дзень пасля затрымання ў кватэры, дзе ён жыў з жонкай, правялі ператрус. Следчыя забралі камп’ютарную тэхніку ды іншыя лічбавыя носьбіты.
Андрэй Толчын у дэмакратычным асяродку Гомеля стаў заўважнай асобай яшчэ ў 90‑х гадах, калі Беларусь здабывала сваю незалежнасць. Працаваў тады наладчыкам апаратуры на радыёзаводзе «Прамень». Удзельнічаў у незалежным прафсаюзным руху, які выступаў за абарону правоў рабочых. На дэмакратычнай аснове абіраўся дэпутатам Гомельскага гарадскога савета 21-га склікання — гэта акурат той савет, адзін з двух у Беларусі, які ў жніўні 1991 года адкрыта выступіў супраць камуністычнага дзяржаўнага перавароту ў Маскве і вітаў абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Улады хочуць адабраць стары дамен. Мы змянілі пошту і сайт!
У гарсавеце Андрэй уваходзіў у камісію па сувязях з грамадскасцю і СМІ. Быў сябрам зліквідаванай цяпер уладамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, працяглы час ачольваў гарадскую арганізацыю гэтай партыі. Апекаваўся дзейнасцю дэмакратычных дабрачынных фондаў. Зведаў таксама і беспрацоўе.
Пасля выбараў 2010 года Толчын у якасці відэааператара-фрылансера супрацоўнічаў з незалежнымі медыярэсурсамі. За журналісцкую працу Андрэя Толчына шмат разоў штрафавалі і нават адпраўлялі «на суткі» за краты на падставе адміністрацыйных пратаколаў, якія складала міліцыя, бо ў відэааператара-фрылансера не было акрэдытацыі ў беларускім Міністэрстве замежных спраў.
У 2020 годзе Толчына затрымлівалі разам з журналісткай Ларысай Шчыраковай за асвятленне пратэстаў, афіцыйна — нібыта за ўдзел у масавых беспарадках. Таксама журналіста затрымлівалі ў 2021 годзе каля гомельскага СІЗА‑3, дзе ён здымаў сваякоў палітвязняў Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка, якіх разам з іншымі абвінавачанымі 24 чэрвеня пачалі судзіць у памяшканні ізалятара. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, палітвязняў абвінавачвалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, распальванні варажнечы і перашкодзе дзейнасці ЦВК. Тады спадар Толчын запісваў і каментар аднаго з дыпламатаў Еўрасаюза, якія прыехалі ў Гомель на суд. Усе відэазапісы ў фрылансера забрала міліцыя.
Падтрымайце зняволенага журналіста лістамі, паштоўкамі ці тэлеграмай. Таксама можна зрабіць грашовы перавод.
Пішыце на адрас: СІЗА № 3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1. Толчын Андрэй Мікалаевіч.
Чытайце яшчэ:
Выйшла на волю Таццяна Пыцько
Два гады за кратамі. Пра што піша ў лістах палітзняволены журналіст Андрэй Кузнечык
Выйшла кніга пра легендарныя беларускія музычныя медыя