• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Выйшла на волю Таццяна Пыцько

    Жонка відэааператара-фрылансера Вячаслава Лазарава Таццяна Пыцько правяла ў віцебскім СІЗА амаль паўгода. Супраць яе завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) за дапамогу мужу, якога звінавацілі ў працоўных стасунках з «Белсатам». Гэты незалежны тэлеканал прызнаны беларускімі ўладамі «экстрэмісцкім фармаваннем». 

    25 верасня 2023 года Таццяна Пыцько была асуджана да 3 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі. Такі вырак вынес суддзя Віцебскага абласнога суда Яўген Буруноў.

    Жанчына абскардзіла гэты прысуд у вышэйшую судовую інстанцыю. 22 лістапада 2023 года калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда перакваліфікавала склад злачынства. Суддзя Вярхоўнага суда Юрый Руткоўскі прызнаў Таццяну Пыцько вінаватай паводле ч. 3 арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і пастанавіў прысудзіць ёй 3 гады зняволення, але з адтэрміноўкай выканання пакарання на 3 гады. 

    Асуджаную маглі выпусціць на волю ў той самы дзень, але ў віцебскім СІЗА чакалі дакументаў з Вярхоўнага суда. Атрымаўшы іх, Таццяну Пыцько сёння вызвалілі з‑пад варты.

    Адтэрміноўка выканання пакарання на тры гады азначае, што жанчына будзе пад адмысловым наглядам. У  выпадку, калі цягам гэтага часу яна парушыць заканадаўства, здзейснеўшы правапарушэнне альбо злачынства, то ўступіць у сілу пакаранне, якое было адтэрмінаванае, у дадатак да пакарання паводле апошняга інцыдэнту.

    Жонку відэааператара-фрылансера Вячаслава Лазарава затрымалі сёлета 6 чэрвеня 2023 года — пасля чарговага ператрусу ў яе жыллі. На гэты момант яе муж ужо 4 месяцы знаходзіўся ў віцебскім СІЗА паводле абвінавачання па ч. 1 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса (спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці).

    21 чэрвеня беларуская праваабарончая супольнасць прызнала яе палітзняволенай.

    На момант затрымання Таццяна была ў адпачынку па даглядзе за дзіцём — гадавала агульную з Вячаславам дачку, якой тады было 1 год і 1 месяц. Дзяўчынку забралі супрацоўнікі сацыяльнай службы, яе спачатку змясцілі ў дзіцячую абласную лякарню, потым дзіця змаглі забраць пад апеку сваякі Таццяны. Дваіх ейных дзяцей ад першага шлюбу даглядае іх родны бацька.

    Улады хочуць адабраць стары дамен. БАЖ пераехаў на новы — baj.media

    Вячаслаў Лазараў па-ранейшаму знаходзіцца ў віцебскім СІЗА‑2, ён чакае адпраўкі на месца адбыцця прысуджанага пакарання. Як і Таццяне Пыцько, Вярхоўны суд перакваліфікаваў склад злачынства, у якім яго звінавацілі. Паводле выраку Віцебскага абласнога суда, Вячаслаў быў прызнаны вінаватым па ч. 2 і ч. 1 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса (спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна альбо групай асоб па папярэдняй змове) і асуджаны да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

    Вынікам разгляду апеляцыйнай скаргі стала тое, што суддзя Вярхоўнага суда Юрый Руткоўскі прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і зменшыў пакаранне. Відэааператар Вячаслаў Лазараў мае адбыць за кратамі 5 гадоў у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

    Чытайце яшчэ:

    Блогера Уладзіміра Цыгановіча, ужо асуджаннага на 16 гадоў, зноў будуць судзіць

    Кніга аўтара «Новага часу» Міколы Дзядка пра турму выйшла па-польску

    Вольга Класкоўская: Я асвяжыла пачуцці і апынулася зноўку за кратамі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці