Былы відэааператар АНТ Антон Казельскі абскарджвае прысуд у Вярхоўным судзе, слуханне прызначанае на 13 жніўня
Разгляд апеляцыйнай скаргі былога відэааператара дзяржтэлеканала АНТ Антона Казельскага ў Вярхоўным судзе прызначаны на 13 жніўня а 10.30 раніцы. Справу будзе разбіраць суддзя Руслан Царук.
Антон Казельскі, былы відэааператар дзяржаўнага тэлеканала «Агульнанацыянальнае тэлебачанне» (ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал»), спрабуе абскардзіць рашэнне Мінскага гарадскога суда ад 20 мая 2024 года.
Тады суддзя Святлана Макарэвіч прызнала яго вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: у распальванні сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК) і ў закліках да санкцый і іншых дзеяннях, накіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы (ч. 3 арт. 361 КК). Які вердыкт вынесла суддзя — застаецца невядомым.
Што адбывалася з Антонам Казельскім?
Антона Казельскага затрымалі 12 кастрычніка 2023 года на працоўным месцы. Паводле аповедаў аднаго з былых сукамернікаў Казельскага, у той дзень аператару патэлефанаваў адзін з калегаў і выклікаў на працу. Папярэдзіў, каб ён узяў с сабой працоўную тэхніку. Затрыманне адбылося ў адным з кабінетаў офіса тэлеканала на вуліцы Камуністычная ў Мінску.
Спачатку Антона Казельскага пакаралі арыштам паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП за знойдзеныя ў сацсетках «лайкі» і каментары пад матэрыяламі інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных у Беларусі экстрэмісцкімі матэрыяламі. Пад увагу сілавікоў з ГУБАЗіКа трапілі каментары Казельскага, пакінутыя ў 2020 годзе, у якіх ён нібыта заклікаў людзей да пратэстаў. Праўда, сам ён падчас адбыцця адміністрацыйнага арышту сцвярджаў, што ў акцыях пратэсту не ўдзельнічаў.
Адбыўшы адміністрацыйны арышт, на волю відэааператар не выйшаў — у дачыненні да яго была распачатая крымінальная справа. З ЦІП на Акрэсціна Казельскага перавялі ў следчы ізалятар, дзе ўтрымлівалі пад вартай да суда.
21 мая 2024 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Антона Казельскага палітычным вязнем.
Вядома, што нейкі час мужчына жыў у Расіі, але апошнім часам — у Мінску. На дзяржаўным тэлебачанні ён працаваў з 2022 па 2023 год. Апошні рэпартаж, падрыхтаваны з удзелам Казельскага, выйшаў у эфіры АНТ 7 кастрычніка 2023 года.
Мяркуючы па сацсетках, Антону Казельскаму 38 гадоў. На волі ў яго засталася жонка і чацвёра дзяцей, малодшае дзіця нарадзілася ўжо пасля затрымання бацькі.