• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Час на прафесіяналізм

    Мудрыя казалі — калі маеш ворага, проста пажадай яму жыць у часе пераменаў. Але, мабыць, яшчэ цяжэй жыць у часе «стабільнасці» — калі нічога не змяняецца да лепшага, ад адчаю часам сціскаюцца кулакі і ўзнікае жаданне будаваць свае барыкады, біцца ў кроў, каб хоць на міліметр ссунуць з месца памяркоўную абыякавую глыбу… І калі ўжо адзін-другі адчайны герой за тую глыбу ўзяліся, чалавек сумленны проста не зможа не дапамагчы…

    У дачыненні да нашага брата-журналіста гэты абстрактны малюнак — адбітак рэчаіснасці, якая зводзіцца да амаль рытарычнага пытання: «Павінен журналіст быць „над падзеяй“ ці ўсё ж ён мае права на грамадзянскую пазіцыю і грамадзянскія ўчынкі калі заўгодна, а не толькі пакінуўшы „корачку“ дома?»

    Апошнім часам нават ад самых памяркоўных калег даводзіцца чуць, што высокія журналісцкія стандарты, этычныя кодэксы і правілы — канешне, рэч добрая і неабходная, але… За гэтым «але», часцей за ўсё, хаваецца доўгая тырада пра «асаблівыя беларускія ўмовы», пра моцны вонкавы ціск уладаў, пра сур’ёзныя праблемы з доступам да інфармацыі і г.д… Спіс, думаю, кожны журналіст-практык можа працягнуць самастойна.

    «А ці не лічыце вы, што ў краіне, дзе пануе татальны кантроль дзяржавы над СМІ, не час гаварыць пра самарэгуляванне?» — пачула на адной з сустрэч са шведскім прэс-амбудсменам пытанне ад аднаго з калегаў, якога вельмі паважаю. Пытанне трохі агаломшыла…

    А як жа ж быць, напрыклад, з беларускай карэспандэнткай Бі-Бі-Сі Таццянай Мельнічук, з беларускім рэпарцёрам Asso­ci­at­ed Press Юрасём Карманавым ды іншымі калегамі, якія працуюць на замежныя СМІ? Не думаю, што іх босы робяць ім «зніжкі», зважаючы на сітуацыю ў нашай краіне. Сумняюся, што адмыслова для беларусаў прапісалі асобныя пункты ў рэдакцыйных палітыках гэтых медыя, дзе дазволілі калегам асвятляць тэмы «як выпадае» ці выказваць свае ацэнкі і меркаванні ў інфармацыйных паведамленнях…

    Заўважце, што для мясцовых журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ, асаблівых умоваў працы дзяржава не стварае, у прэс-туры па краіне не возіць, падарункамі не закідвае. Яны з такімі ж цяжкасцямі здабываюць інфармацыю, прабіваюцца ў кабінеты да чыноўнікаў, асвятляюць вулічныя акцыі пратэсту…

    Можа, не маюць грамадзянскай пазіцыі? Упэўненая, што маюць. Проста ведаюць мяжу паміж прафесійным і асабістым. Так, як ведае гэта ўрач, які не выказвае патрабаванняў, аперуючы хворага, альбо настаўнік, які не спыняе ўроку на сярэдзіне — маўляў, «на колькі заплацілі, на столькі і працую».

    І ці можаце вы сабе ўявіць, як доктар адкладае ў далёкі кут свой прафесійны кодэкс, клятву Гіпакрата, «да лепшых часоў» — пакуль абсталяванне ў лякарні зменіцца, кіраўніцтва ацэніць альбо надыдзе «мір ва ўсім свеце»?..

    Час на прафесіяналізм не сыходзіць. Як не знікае і патрэба ў маяках, агнямі якіх кіруюцца караблі і ў непагадзь, і калі на моры поўны штыль…

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці