• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Рашэнне ААЦ стала падножкай, але не трагедыяй». Медыяменеджары і эксперты каментуюць пастанову ўладаў

    Беларускія ўлады спрашчаюць механізм расправы над незалежнымі выданнямі: усе сайты, унесеныя ў  Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, з ідэнтыфікатарамі, зарэгістраванымі ў нацыянальнай даменнай зоне .by, перастануць працаваць.  Якімі наступствамі абернецца гэты загад для незалежных медыяў? Што можна супрацьставіць прававому свавольству беларускіх уладаў? БАЖ разбіраўся разам з экспертамі.

    Фота: Field Engi­neer для pexels.com

    Reform.by: «Перад намі ўзнікаюць тэхнічныя складанасці»

    Сайт Reform.by ужо аб’явіў, што пераходзіць на даменнае імя Reform.news, якое і раней выкарыстоўвалася ў якасці люстэрка. Праўда, і гэтае даменнае імя заблакаванае на тэрыторыі Беларусі.

    Фёдар Паўлючэнка, галоўны рэдактар Reform.by, кажа, што, як толькі цяперашні дамен у рэдакцыі забяруць, сайт адразу пераедзе на адрас Reform.news.

    Перад намі ўзнікаюць тэхнічныя складанасці: Google ды іншыя пошукавыя сістэмы ацэньваюць сайты з перспектывы ягонай гісторыі, па частаце спасылак, па аўтарытэту.

    Рашэнне ААЦ стала для нас падножкай (нам давядзецца практычна ўсё пачынаць з нуля), але не трагедыяй: сайт так і так заблакаваны ў Беларусі, дамен песімізаваўся.

    Фёдар Паўлючэнка. Фота: з асабістага архіва

    Але мы працягнем сваю працу, будзем актыўней выкарыстоўваць нашыя сацсеткі для прасоўвання нашага новага дамена, каб нашая ядзерная аўдыторыя ўнесла яго ў закладкі. Толькі аднаму богу вядома, як беларускія ўлады збіраюцца выкарыстоўваць канфіскаваныя дамены. Думаю, мы прыйдзем да сітуацыі, калі на канфіскаваных даменах будуць размяшчацца нейкія прапагандысцкія матэрыялы ці ладзіцца правакацыі.

    Фёдар Паўлючэнка мяркуе, што пераезд выдання не моцна адаб’ецца на «ядзернай аўдыторыі», але ўяўляе пэўную праблему для той часткі аўдыторыі, якая спажывае кантэнт перыядычна.

    Тыя карыстальнікі, якія прыходзяць да нас праз пошук, праз сацсеткі, сутыкнуцца з праблемамі. Безумоўна, гэты загад ААЦ паўплывае на скарачэнне нашай патэнцыйнай аўдыторыі, але мы не адчайваемся, бо мы і дагэтуль працавалі ў досыць жорсткіх умовах.

    Даменнае імя Reform.news ужо заблакаванае ў Беларусі. Ствараць новыя люстэркі Фёдар Паўлючэнка не бачыць сэнсу.

    Пераскокваць з люстэрка на люстэрка — не вырашэнне праблемы. Ёсць простыя і эфектыўныя спосабы абыходу блакіроўкі: VPN, выкарыстанне часовых адрасоў, ці AMP-адрасы (Google прапануе такую тэхналогію, якую заблакаваць нашмат цяжэй). Мне здаецца, беларускія спажыўцы павінны падвышаць свой тэхналагічны ўзровень — іншага рашэння праблемы не існуе.

    Фёдар Паўлючэнка кажа, што загад ААЦ супярэчыць глабальным правілам інтэрнэту, які ўстанаўліваюць міжнародныя карпарыцыі. Таму бачыць сэнс звярнуцца ў ICANN з ініцыятывай пазбавіць ААЦ статуса нацыянальнага адміністратара даменнай зоны .by. «Праца доўгая, таму яе трэба пачынаць ужо зараз», кажа галоўны рэдактар.

    Улады пазбавілі БАЖ даменнага імя і пошты

    Еўрарадыё: «Ніводны наш дамен не залежыць ад беларускага рэгістратара»

    Галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Павел Свярдлоў адзначае, што загад ААЦ дадатковых праблем для рэсурса не стварае:

    Ніякіх праблем для «Еўрарадыё» новы загад не стварае, бо мы ад пачатку думалі пра тое, як зрабіць сваё медыя максімальна ўстойлівым. Пасля таго, як мы адмовіліся ад кірылічных даменаў у зоне .бел, якія калісьці зарэгістравалі на ўсялякі выпадак, ніводны дамен «Еўрарадыё» не залежыць ад беларускага рэгістратара.

    Павел Свярдлоў. Фота: kyky.org

    Асноўны і рэзервовы дамены, на якіх мы працуем, — euroradio.fm і euroradio.by — зарэгістраваныя ў іншых краінах, бо мы даўно разумеем рэпрэсіўную прыроду таго, як лукашэнкаўскія чыноўнікі спрабуюць «рэгуляваць» інтэрнэт.

    З гэтымі імёнамі, упэўнены спадар Свярдлоў, нічога здарыцца не можа:

    Каб пазбавіць нас нашых даменаў, ААЦ мусіць звяртацца ў ICANN — некамерцыйную грамадскую карпарацыю па кіраванні даменнымі імёнамі і IP-адрасамі. Але мы спадзяемся, што там у курсе, што беларускія ўлады ўжываюць слова «экстрэмізм» не па адрасе, а прызнанне незалежных СМІ «экстрэмісцкімі матэрыяламі» ёсць для іх толькі зручным спосабам цэнзураваць медыярынак і змагацца са сваімі палітычнымі праціўнікамі.

    «Пакуль у Беларусі не адключаць інтэрнэт, татальны кантроль над ім немагчымы»

    Старшы аналітык «Media IQ» Паўлюк Быкоўскі кажа, што ўлады не прыдумалі новых спосабаў «ўплыву і кантролю над медыяпрасторай». Аднак у загадзе ААЦ эксперт бачыць і некалькі «ключавых зменаў».

    Цяпер дамены могуць уключацца ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» не толькі за змест, але і ў «мэтах нацыянальнай бяспекі». Суды і без гэтага загаду імкнуліся шырока інтэрпрэтаваць «экстрэмісцкі кантэнт», а зараз практыка «шырокай трактоўкі» можа набыць большыя маштабы.

    «Прапаганда пераабуецца імгненна, ім ня так важна, што гаварыць. Быў бы загад», — Быкоўскі

    Паўлюк Быкоўскі

    Кантроль за рэгістрацыяй і кіраваннем даменнымі імёнамі ажыццяўляўся вельмі сур’ёзна і дагэтуль, а загад ААЦ разбаўлены дадатковымі «адценямі ці гранямі, якіх раней не было».

    У мяне ёсць знаёмыя, якія набывалі даменныя імёны. Яны не цікавіліся палітыкай, але часам набывалі даменныя імёны не толькі «экстрэмістаў», але і «тэрарыстаў». Яны выходзілі на аўкцыён і куплялі прыгожае даменнае імя, уладальнікаў якога было не знайсці ў адкрытым доступе, бо самых рэсурсаў ужо няма. Што цяпер стане з даменнымі імёнамі, якія прадаваліся і купляліся не ведаю. Падобна на тое, што гэтыя імёны будуць проста недаступныя, ануляваныя, кажа спадар Быкоўскі.

    Загад ААЦ у першую чаргу падштурхне незалежныя выданні і блогераў «эмігрыраваць» на заходнія дамены і платформы. З аднаго боку, зарабляць стане цяжэй, але знікае пагроза «экспрапрыяцыі».

    Указам №60 ды іншымі нарматыўнымі актамі беларускія ўлады прывязвалі ўсіх выдаўцоў кантэнту да беларускай прасторы. Хочаш зарабляць на рэкламе ў Беларусі? У цябе мусіць быць беларускае прадпрыемства, у цябе мусіць быць даменная зону .by, ты мусіш мець беларускі хосцінг. Хто раней зарабляў у Беларусі на рэкламе, той зараз згубіць доступ да гэтага беларускага сектара, і будзе працаваць або за праектнае фінансаванне, або будзе шукаць кантэкстную ці менш даходную рэкламу. Але ніхто не хоча скласці ручкі і паміраць.

    Што атрымліваецца ў выніку?

    Калі ўлады хацелі ўстанавіць больш жорсткі нагляд за кантэнтам для беларускіх спажыўцоў інтэрнэта, то цяпер яны згубяць ранейшы кантроль. Усе прычыны для самацэнзуры будуць знятыя, калі выдаўцы гэтых рэсурсаў пяройдуць у іншыя даменныя зоны: ужо ГУБАЗіК да іх не дойдзе, ужо беларускай рэкламы яны не маюць, а вырабляць кантэнт усё адно могуць. Гэта палка з двума канцамі: з аднаго боку, гэта лагічнае для ўладаў падмацаванне зачысткі беларускай медыяпрасторы, а з другога боку, амаль усе незалежныя выданні ў выгнанні, якія сыходзілі з даменнай зоны .by,  мусілі заводзіць даменныя імёны іншага тыпу: media, info, com і гэтак далей.

    Загад ААЦ не прывядзе да «вялікіх узрушэнняў», але нюансы ўсё ж ёсць: паводле ранейшых паправак у крымінальны кодэкс шыльдачка «экстрэмізм» аўтаматычна пераносіцца на любое люстэрка:

    Для гэтага дадатковага рашэння суда не патрабуецца. Таму зараз пачнецца гонка, хто хутчэй заблакуе «няправільныя» дамены. А вытворцы кантэнта будуць не толькі ствараць люстэркі, якія можна кляпаць бясконца, так і ствараць люстэркі, якія цяжка заблакаваць у Беларусі (такія тэхналогіі існуюць). Паглядзім, хто ў гэтым спаборніцтве выйдзе пераможцам, кажа эксперт. Для аўдыторыі гэты загад прынясе дадатковыя абмежаванні па доступу для альтэрнатыўнай інфармацыі. Але той, хто захоча знайсці такую інфармацыю, знойдзе. Датульу Беларусі не будзе адключаны інтэрнэт, поўны татальны кантроль, які б хацелі наладзіць улады, будзе немагчымы.

    «Улады прыбіраюць прававыя перашкоды, каб спрасціць рэпрэсіі»

    Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў упэўнены, што большая частка незалежных медыя ўжо даўно пакінула даменную зону .by:

    —  Адпаведна, гэтае новаўвядзенне ўяўляе пагрозу для тых медыя, якія дагэтуль знаходзяцца ў даменнай зоне .by і можа быць унесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Хутчэй за ўсё, у хуткім часе яны могуць страціць магчымасць адміністраваць сайты, бо іх проста адбярэ Аператыўна-аналітычны цэнтр.

    Алег Агееў. Фота: БАЖ

    Алег Агееў. Фота: БАЖ

    Які лёс чакае канфіскаваныя даменныя імёны? У медыйнай супольнасці ходзяць размовы, што на месцы вядомых грамадска-палітычных рэсурсаў, па іх ранейшай прапісцы, могуць з’явіцца рускамірскія і проста правакатарскія сайты. Юрыст пагаджаецца, што такая пагроза існуе.

    —  Яе рэалістычнасць цяжка ацаніць, бо для стварэння медыя, напаўнення кантэнтам, трэба жаданне, трэба арганізацыйныя рэсурсы, трэба грошы. Пры наяўнасці рэсурсаў і жаданні выкарыстаць вядомае даменнае імя для расійскай прапаганды, канешне, гаворыць спадар Агееў. ААЦ, відавочна, хоча гандляваць гэтымі даменнымі імёнамі і выстаўляць іх на аўкцыён.

    — Ці можна пазбавіць ААЦ права нацыянальнага адміністратара, які кіруе даменнай зонай .by?

    Такое жаданне ёсць, але магчымасці няма. ICANN проста не мае такога функцыяналу. Адбіраць статус нацыянальнага рэгулятара даменнай зоны ICANN не можа, бо не мае такіх паўнамоцтваў.

    — Адзінае, што застаецца ў цяпершаняй сітуацыі незалежным медыя, — канчаткова эміграваць нават з даменнай зоны .by?

    Гэта як з інвестыцыямі. Беларускія ўлады ўпарта дэманструюць сваю неадэкватнасць і прававое бязмежжа. Усе актыўнасці, у якія можа ўмяшацца беларуская дзяржава, рызыкоўныя. Трэба разумець, што ўсё, звязанае з даменнай зонай .by, поўнасцю кантралюецца, рэгулюецца і робіцца гэта ў адвольным парадку. Вельмі неразумна падвяргаць сябе такім рызыкам і ў такіх неадэкватных умовах яшчэ штосьці рабіць пад кантролем уладаў.

    Беларускія ўлады доўга і ўпарта твораць усё, што захочуць, нават не робячы выгляду, што прытрымліваюцца нейкіх прававых рамак. Улады доўга адбіралі сайты паасобку.

    На прыкладзе сайта БАЖ скажу, што ўся працэдура ад выстаўлення загадзя невыканальных патрабаванняў да адбірання самога сайта заняла тры месяцы. Мы абскарджвалі, мы спрачаліся, мы абгрунтоўвалі сваю пазіцыю той бок патраціў вялікую колькасць рэсурсаў, каб забраць адзін сайт. Тады яны вырашылі забіраць дзясяткі сайтаў па адным шчаўчку пальцаў. Каб гэтага дабіцца, улады прыбіраюць прававыя перашкоды, якія перашкаджаюць забіраць сайты масава, а не паштучна.

    Гэта чарговы крок узмацнення рэпрэсій: на жаль, ён першы, і, хутчэй за ўсё, не апошні. Калі мы паглядзім на адмінітратыўнае, на крымінальнае права, то гэта асноўны накірунак прававых зменаў: спрасціць рэпрэсіі для рэжыма.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці