• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналістка «Белсату» Юлія Цяльпук: Мая нага трымаецца на дзевяці шурупах і тытанавай пласціне

    Пра страшную аварыю, у якую трапіла журналістка «Белсату» Юлія Цяльпук, пісалі многа. У тым выпадку шмат містычнага: ДТЗ адбылося на Хэлоўін, аперацыю рабілі на Дзяды. Праз пяць месяцаў пасля аварыі БАЖ пагутарыў з Юліяй: пра ДТЗ, лячэнне і рэабілітацыю. І пра людзей, якія ў цяжкі момант апынуліся побач.

    Журналістка Белсату Юлія Цяльпук зламала нагу

    31 кастрычніка пасля аварыі Юліі Цяльпук наклалі гіпсавую шыну. Прааперавалі журналістку на Дзяды

    ДТЗ адбылося на Хэлоўін

    — ДТЗ адбылося 31 кастрычніка 2023 года ў Гданьску, дзе я з маленькай дачкой жыву ўжо тры гады. Той раніцай я вырашыла наведаць кватэру, з якой толькі што развіталася. Мы пераехалі ў іншую — на другі бок ракі. Везла кветкі, каб падзякаваць гаспадарам былой кватэры і забраць сваіх коцікаў. Ліў дождж, а я ехала двухколавым сігвэем.

    Стала на пешаходным пераходзе як дысцыплінаваны чалавек. З левага боку спынілася аўто, каб мяне прапусціць, і я, не спешваючыся, пачала рух. А з правага боку машына не спынілася… Каменная дарога, абмежаванні руху да 30 кіламетраў, пераход насупраць школы…

    Няпраўда, што перад вачыма нешта пралятае: у мяне быў проста шокавы стан, калі я нічога не разумела і проста падала. Усё адбываецца вельмі хутка, нават не памятаю, што было пазней.

    Мне распавядалі, што я сцягном разбіла лабавое шкло аўтамабіля і з боку кіроўцы ўпала на брук. Машына праехала яшчэ на 30 метраў наперад, бо кіроўца не разумела, што збіла мяне: проста мяне не бачыла. Падаў додж, я ляжала на бруку і глядзела на сваё адлюстраванне (паміж булыжнікамі збіралася вада, і я глядзела ў гэтую лужыну, як у люстэрка), бачыла раскіданыя чырвоныя ружы і думала: вось бы хто фотку зрабіў…

    Журналісты, я лічу, дапамагаюць людзям. Як і медыкі. Так і са мной: памятаю, мяне добра абязбольваюць і намагаюцца са мной жартаваць, намацваючы мае межы. Медбрат абклаў мяне на каталцы сабранымі чырвонымі кветкамі, і кажа: што, на могілкі збіралася? Бо назаўтра якраз былі Дзяды. Як высветлілася пазней, кабета, якая мяне збіла, ехала на могілкі да свайго дзеда — ледзь мяне з сабой не забрала.

    Закон быў не на маім баку, бо літаральна ў 2023 годзе змяніліся правілы дарожнага руху і сігвэі прыраўнялі да іншых самакатаў, хаця раней яны лічылася сродкам перасоўвання, прыроўненым да пешага, бо не развіваюць вялікую хуткасць. Як і паўсюль, паліцыя ўчапілася ў правілы дарожнага руху і зрабіла з мяне вінаватую, бо я не ішла пешкі. А тое, што пажылая кіроўца нават не бачыла мяне, ніхто не разбіраўся. А ў мяне не было ні жадання, ні сілаў на пошукі праўнікаў, бо мне проста было вельмі дрэнна. 

    Малая бярцовая косць зламаная, вялікая бярцовая — раскрышаная

    — У аварыі мне раскрышыла вялікую бярцовую косць пад каленам. Дактарам падчас аперацыі давялося для мяне ўзяць два кавалкі косці з трупа, бо сваёй косці для аднаўлення не хапіла. Малая бярцовая таксама была зламаная.

    Таму зараз мая нага трымаецца на дзевяці шурупах і тытанавай пласціне. Цяпер асноўная мая праца — гэта распрацоўванне самой стапы. Не пазней чым праз тры месяцы пасля аперацыя я мусіла пачаць нагружаць нагу. Таму ў адзін дзень рэабілітант проста сказаў: а ну пайшла. І давялося ісці…

    Што самае горшае ў маёй сітуацыі? Што ты за мяжой і без сям’і, і ў горадзе, дзе не сканцэнтраваная большасць тваіх сяброў. Тым больш крутой і чуллівай аказалася дапамога. Бальшыня яе — ад беларусаў, у тым ліку дзякуючы маім калегам з «Белсату», дзякуючы таму, што Беларуская асацыяцыя журналістаў, «Наша ніва» і іншыя медыі падхапілі хвалю салідарнасці.

    Ты маеш добрага тэрапеўта, дзякуючы старанням тваіх сяброў, ты маеш дапамогу ад сваёй дачкі, якая за гэтыя паўгода неймаверна пасталела, і «тэрапію» ад двух коцікаў. Я навучылася прымаць дапамогу, бо яна была настолькі нечаканая, што я плакала ад таго, што яна ў прынцыпе ёсць.

    Юлія Цяльпук рэабілітацыя каты

    У першыя дні пасля аперацыі галоўнымі тэрапеўтамі працавалі два мэйн-куны: Урсус — каля галавы, Белка — каля нагі. Фота: з асабістага архіва

    Да мяне прыходзілі дзве цудоўныя ўкраіначкі, сяброўка-полька, дзве беларускі, якія ў першыя дні завіталі да мяне дадому і дапамагалі разбіраць рэчы (усё ж было яшчэ спакаванае пасля пераезду). А я магла ўставаць не больш за тры разы на дзень, ды й то па патрэбах. Другога дня мне прынеслі боршч (з‑за абязбольвання я не магла патрапіць у кнопкі на тэлефоне, каб замовіць ежу), згатаваны на мясе — а я вегетарыянка.

    Я ўзяла гэты боршч — і не магу згадаць у сваім жыцці нічога больш цэннага за апошнія гады: хатняя ежа, прыгатаваная адмыслова для мяне.

    «Штодня мушу хадзіць тры кіламетры»

    — Пераломы вельмі складаныя. Апошнія гадоў восем я прафесійна займалася спортам, я дысцыплінаваны чалавек (у мяне бацька вайсковец). Таму калі грымелі феерверкі на Новы год, я, адгледзеўшы іх праз акно, узялася за вячэрнюю гімнастыку — перапынкаў я сабе не рабіла.

    З дачкой мне дапамагалі сябры: забіралі яе ля пад’езда, вазілі ў школу і прывозілі дахаты. У доме быў зламаўся і суткі не працаваў ліфт. Прывезлі дачку, я дапаўзаю на мыліцах да ліфта, а ён не працуе. І мая кнопачка падымалася сама на сёмы паверх.

    Ці замаўляеш дастаўку ежы вечарам. Пакуль дацягнешся да мыліц, пакуль даклыпаеш да дзвярэй… Некалькі разоў дастаўшчыкі сыходзілі. А я потым сядзела пад дзвярыма і плакала.

    Альбо аднойчы разбіла шкляны слоік ад вадкага мыла. У  маёй хаце дзіця, два каты, на гадзінніку — а 10‑й вечара, нікога на дапамогу ўжо не паклічаш. І вось ты 45 хвілін поўзаеш на каленях, каб сабраць усе аскепкі. Гэта моцна закаляе сілу волі.

    Калі ты праходзіш праз усё гэта, то пазней пачынаеш цешыцца з дробязяў. Першаму дню, калі кватэру прыбірае не жанчына, якая дапамагае, а сама. Магчымасці самастойна выйсці на вуліцу — гэта адбылося праз 18 дзён — радуешся як дзіця. Проста спусцілася ўніз, пастаяла і падыхала восеньскім паветрам. І зразумела, што  пахаладнела ўжо за той час, як я ляжала. І ты далей вучышся рабіць малыя крокі.

    Юлія Цяльпук мыліцы

    Той самы момант, калі ў Юліі Цяльпук «адабралі» мыліцы. Фота: з асабістага архіва

    Мой тэрапеўт настойвае на тым, каб я прысядала, нават са штангай (трымаючы да 30 кілаграмаў на плячах). Два дні таму я пачала прысядаць, і я адчула, што магу нагружаць нагу — і гэта больш не страшна.

    Сёння я штодня мушу хадзіць 3 кіламетры і абдумваць свой кожны крок. Што б ні рабіла, я мушу прадумваць кожны крок — каб не сапсаваць нагу. Да таго я не маю права расклейвацца, бо існую не толькі для сябе: я жыву для сваёй сям’і, для сваіх блізкіх, для сваіх двух мэйн-кунаў і для беларускага грамадства. Бо журналістыка для мяне — не на працу хадзіць, гэта маё асабістае жыццё.

    Паўтара года да рэмісіі

    — Артапед-хірург ладна склеіў маю ножку. Але ў польскай бясплатнай медыцыне ёсць такая адметнасць: медыкі бяруцца за самую вялікую праблему (у маім выпадку трэба было сабраць з кашы маю нагу), а ўсё астатняе па прынцыпу «як-небудзь само». Але праблемы самі не знікаюць — іх трэба разрульваць. У мяне засталіся дзве такія праблемы: звязка ўнізе нагі і пашкоджаная мышца на сцягне. І яны аказаліся запушчаныя.

    Маё лячэнне абышлося прыкладна ў 35 тысяч злотых. Значная частка гэтых грошай пайшла на дыягностыку і таксоўкі, бо грамадскім транспартам вельмі доўга не магла ездзіць. На жаль, старыя раны давядзецца лячыць хірургічным шляхам, інакш да канца здароўе не адновіцца. Наперадзе — яшчэ дзве аперацыі на звязцы і на мышцы, іх зробяць у адзін дзень. Пазней мяне чакае рэабілітацыя пасля гэтых аперацый. Але як толькі я рэабілітуюся — мяне разрэжуць зноў, каб выняць арматуру, якую ўстаўлялі на самым пачатку. І ўсё пачнецца па новай.

    У мяне выкуплена яшчэ каля 20 візітаў да лекараў: брала шмат і адразу, бо так танней. Але гэта ўжо будзе больш самастойная работа і больш рэдкія візіты да тэрапеўта. Так што выздараўленне — справа няроўная. Яно будзе ісці хвалямі: лепш-горш, горш-лепш. Я думаю, года праз паўтара я буду на рэмісіі.

    Белсатаўскі павук, які ахоўвае кватэру

    — На «Белсаце» я сфармавалася і працавала як журналіст амаль з самага пачатку. Хоць за плячыма ў мяне быў профільны ўніверсітэт, на практыцы ўсё іначай, чым у БДУ. Мы разам раслі са шматлікімі калегамі, мы заўсёды былі сям’ёй. Справы ішлі то лепш, то горш — усё залежала ад настрояў унутры каманды.

    Пазней у мяне быў перапынак на некалькі гадоў: я спрабавала свае ўласныя праекты, марыла пра іншыя творчыя рэчы. У канцы 2018 года я вярнулася — і адчула, што вярнулася ў сям’ю.

    Калі я трапіла ў аварыю, ніхто і не думаў ні заробкі зразаць, ні ўпікнуць у нечым. На бальнічным я правяла два месяцы: можна было пасядзець і трэці, але я адчула, што ўжо можна ўключацца. І пачала паціхеньку працаваць з дома. Недзе праз тыдзень я ўжо ўвайшла ў ранейшы рытм працы. Я ўжо тры гады жыву ў Гданьску і працую дыстанцыйна, за час хваробы парадкі не змяніліся. Вось толькі днём хацелася спаць, бо цела патрабавала аднаўлення.

    Аліна Коўшык прынесла «Напалеон» на дзень нараджэння дачкі Юліі Цяльпук. Фота: з асабістага архіву

    Пазней да мяне прыехалі мае любімыя сябры: Аляксей Дзікавіцкі і Ігар Кулей. Яны прывезлі мне ў падарунак сплеценага нашай калегай Ірынай Дарафейчук беларускага павука, які мусіў ахоўваць мяне ў гэтым моманце. І гэты павук прынёс беларускасць не толькі ў маю галаву, але ў мой дом. І не збіраюся яго ўвогуле здымаць.

    Прафесійнае жыццё вярнулася ў звыклую каляіну. Вялікія абмежаванні і нерашучасць засталіся ў прыватным жыцці, якое стаіць пакуль на паўзе: сустрэчы з сябрамі, паездкі на ровары пакуль мне не даступныя. Але новы сезон прыйдзе!

    Беларуская журналістка Юлія Цяльпук трапіла ў жорсткую аварыю ў Польшчы. Збор сродкаў закрыты

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    Карцер, ПКТ, ШИЗО — что это такое? Как наказывают политзаключенных, которые уже находятся за решеткой

    «Медиазона» часто пишет новости о том, как заключенных отправляют в ШИЗО, ПКТ или переводят на тюремный режим. В колониях политзаключенные не сидят в камерах, а живут в бараках, ходят на работу по улице. Но даже этих «удобств» можно лишить. По сути, осужденные отбывают двойное наказание — часто по надуманным поводам — мерзнут в одиночных камерах, дышат хлоркой и не получают письма. «Медиазона» рассказывает, как наказывают тех, кто уже наказан заключением в колониию и СИЗО.
    28.06.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці