• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Чыноўнікі паабяцалі накарміць беларусаў «ідэалагічна правільнай інфармацыяй»

    Уладная вертыкаль не на жарт заклапацілася, што сучасны чалавек можа «даўжэй пражыць без ежы, чым без інфармацыі». А таму праз  мазгавыя штурмы распрацоўвае «правільны рацыён» для спажыўцоў.      

    200 удзельнікаў сабраў у Гомелі семінар «Інфармацыйнае ўзаемадзеянне і сітуацыйнае рэагаванне ва ўмовах актуальнага медыяпарадку», адсправаздачылася афіцыйная прэса. Для абмеркавання  контрзахадаў у абласны цэнтр камандзіравалі ўладных  функцыянераў, ідэалагічных актывістаў, кіраўнікоў медыяхолдынгаў і рэгіянальных СМІ.  

    На правах гаспадара «дыялогавай пляцоўкі» старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко акрэсліў галоўную задачу цяперашняга рэжыму: навучыць людзей адрозніваць праўду ад адкрытай хлусні. 

    «Людзі павінны быць пераборлівымі ў спажыванні інфармацыі. У цэлым неабходна паклапаціцца аб інфармацыйным імунітэце нашых жыхароў, асабліва моладзі. Не толькі на рэспубліканскім узроўні, але і ў рэгіёнах патрэбны свае цікавыя, аўтарытэтныя, адукаваныя спікеры, якія выклікаюць давер і жаданне прыслухоўвацца. На жаль, у наш час чалавек можа даўжэй пражыць без ежы, чым без інфармацыі», — панаракаў ён. 

    Пры гэтым пахваліўся рэгіянальным ноў-хаў — адзінай сістэмай для аналітыкі інфармацыйнага поля. І падзяліўся алгарытмам супрацьстання «ўкідам і фэйкам».

    «Схема працы празрыстая: выявіць праблемнае пытанне, фейк або ўкід і адпрацаваць яго ў пазітыўным фармаце. Хлусню абвергнуць, праблему вырашыць або пазначыць тэрмін яе вырашэння. Абнародаваць вынікі работы ў сродках масавай інфармацыі. У апошнія гады гэта сістэма прайшла праверку на трываласць», — запэўніў чыноўнік.

    Імпэт на месцах ухваліў намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі, колішні міністр інфармацыі Ігар Луцкі. Ён адзначыў неабходнасць надзвычайная дысцыпліны ў інфармацыйным полі, нагадаўшы галоўны «прэзідэнцкі пасыл».

    «Кіраўнік дзяржавы пастаянна патрабуе па-вайсковаму жорсткай дысцыпліны ва ўсіх сферах, у тым ліку інфармацыйнай. Бо ў ідэалагічнай працы гэты складнік надзвыча важны элемент. Неабходна выявіць моцныя і слабыя бакі, вызначыць далейшыя дзеянні і стратэгіі. Тым больш падзеі ля межаў, якія некаторыя ўспрымаюць не больш як стужку навін, у рэгіёне адчуваюцца асабліва востра», — папярэдзіў сталічны госць. 

    Экс-кіраўнік інфармацыйнага ведамства акцэнтаваўся на важнасці своечасовай рэакцыі на «мэтавыя ўкіды» і заўважыў, што цяпер патрабуюцца прынцыпова іншыя падыходы з боку прадстаўнікоў улады, арганізацый, мас-медыя. 

    «Мы бачым, што алгарытм «цішыні» (або адсутнасць рэакцыі) не працуе. Патрэбны адказ на кожны пасыл. У гэтым плане важная асоба кіраўніка, які возьме на сябе адказнасць пракаментаваць тую ці іншую сітуацыю. А ў цэлым мусіць быць спецыяльны пратакол дзеля дакладнага выканання,  адпаведныя тэхнікі і тэхналогіі. Вось тады будзе хуткая рэакцыя», — падштурхнуў ён профільныя службы на распрацоўку такіх «пратаколаў».

    Паралельна аналагічны дэсант з прапагандыстаў ды ідэолагаў высадзіўся ў Віцебску, дзеліцца Міністэрства інфармацыі. У абласным медыяцэнтры абмяркоўвалі «інфармацыйную бяспеку» ва ўмовах уздзеяння недружалюбных спікераў, а таксама верыфікацыю крыніц і прыёмы супрацьдзеяння фэйкам. 

    «Хэдлайнерам» быў заяўлены адыёзны карэспандэнт расійскага тэлеканалу Rus­sia Today Канстанцін Прыдыбайла, які задаў танальнасць размовы: неабходна сегментаваць аўдыторыю, каб «біць інфармацыяй» кропкава, а не спадзеючыся на агульны эфект. 

    Ягоная калега з тэлеканалу СТБ Юлія Арцюх, якая ў статусе «жонкі афіцэра» заслупавала месца ў кадры перадусім дзякуючы апраўданню гвалту сілавікоў у 2020 годзе, перакананая, што гэтаму можа паспрыяць «аўтарская журналістыка».    

    «Байцы інфармацыйнага фронту, лідэры, якім людзі давяраюць, якія валодаюць ведамі і прафесіяналізмам, тлумачаць інфармацыю навін, робяць яе больш даступнай і разгорнутай. Лідэры меркаванняў праз аўтарскую журналістыку не даюць інфармацыйным супернікам запоўніць вакуум», – разабралася яна ў сітуацыі. 

    Некаторыя казалі, што апанентаў трэба атакаваць іхняй жа зброяй. Праўда, як прызнаўся журналіст-блогер Станіслаў Яскевіч, дзеля гэтага яшчэ трэба «ўдасканаліць навыкі».

    «На Захадзе наймагутныя інстытуты па падрыхтоўцы журналістаў для вядзення інфармацыйнай вайны. Мадэль падачы яны будуюць на непрамых сэнсах, на падсвядомасці: карцінка, невялікі тэкст або нейкая прапанова. То бок, не ў лабавую, а паволі», — падзяліўся ён назіраннямі.  

    Сярод іншага прысутных хвалявала, ці рэальна на дзяржаўным узроўні абмежаваць для «неакрэплых розумаў» доступ да сайтаў, дзе ўсплывае «непатрэбная інфармацыя». Кропку ў спрэчках паставіў… ваенны камісар Віцебскай вобласці і па сумяшчальніцтву «блогер» Руслан Шкодзін, які  прапанаваў павесіць адказнасць за лічбавую культуру на бацькоў. Маўляў, не трэба чакаць, што дзяржава забароніць інтэрнэт, а самім займацца сваімі дзецьмі. 

    Чытайце яшчэ:

    Прасоўваць кантэнт праз Tinder і білборды. Журналісты Беластока абмеркавалі, як дагрукацца да аўдыторыі ў Беларусі

    Личный опыт: как оформить «гуманитарный ВНЖ» в Белостоке

    «Як пісаў кардынал Рышэльё, цярпеннем можна ўсё пераадолець». Яшчэ трохі мудрасці ад Андрэя Скурко

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці