• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ці існуе аб’ектыўная журналістыка?

    Пад аб’ектыўнай журналістыкай зазвычай разумеюць нескажонае, збалянсаванае, незаангажаванае асьвятленьне падзеяў і фактаў, а таксама сытуацыяў, што выклікаюць публічны рэзананс.

    Але ці сапраўды існуе аб’ектыўная журналістыка? І справа тут ня толькі ў тым, што мэдыя могуць выкарыстоўвацца дзеля маніпуляваньня грамадзкай апініяй. Сумневы ў аб’ектыўнасьці паўсталі якраз у дэмакратычных грамадзтвах і датычна зусім ня тых мэдыя, што абслугоўваюць партыйныя ці ўладна-карпаратыўныя інтарэсы.

    Прычым гэтыя сумневы былі настолькі моцныя, што Таварыства прафэсійных журналістаў ЗША у 1996 годзе нават выдаліла панятак «аб’ектыўная журналістыка» са свайго этычнага кодэксу.

    Што ж сталася падставай для такога радыкальнага кроку? І ці сапраўды мы мусім разьвітацца з гэтым паняткам?

    «Першародны грэх», г.зн. «адпрыродную» неаб’ектыўнасьць журналістыкі выявіла новая дысцыпліна, якая атрымала назву «Мэдыя-пісьменнасьць» (Media Lit­er­a­cy ці Media Edu­ca­tion) і якая ў 90‑х гадах мінулага стагоддзя досыць хутка здабыла заўважнае месца ва унівэрсітэцкіх і коледжавых раскладах.

    Галоўныя пастулаты гэтай дысцыпліны можна сфармуляваць так:

    - усе мэдыяпрадукты канструююцца (г.зн. «збудаваныя» на аснове пэўнага сэлектыўнага прынцыпу);

    - усе мэдыяпрадукты базуюцца на каштоўнасьцях ці адлюстроўваюць пэўны пункт гледжаньня (г.зн. ёсьць вынікам перадвызначанай (да пэўнай ступені) пазыцыі назіральніка);

    - у выніку падаваная карцінка рэчаіснасьці з’яўляецца фрагмэнтарнай, а адзін і той жа мэдыяпрадукт розныя людзі ўспрымаюць («прачытваюць») па-рознаму;

    - і, нарэшце, усе мэдыяпрадукты канструююцца з мэтай атрымаць прыбытак (мэдыя як бізнес) і/ці мець уплыў (мэдыя як «чацьвёртая ўлада»).

    Гэткім чынам, можна бачыць, што нават тады, калі журналістыка (як прафэсія) і самі мэдыя не знаходзяцца пад ідэалягічным ўціскам, аб’ектыўнасьць ёсьць сумнеўнай рэччу. Гэта так, але…

    Няўжо ня існуе хоць якіх сродкаў дзеля карэкцыі сытуацыі? Няўжо мы аніяк ня можам узьняцца па-над фрагмэнтарнасьцю? Няўжо аніяк немажліва ўсьвядоміць абмежаванасьць сканструяванай намі карцінкі рэчаіснасьці і тым самым пераадолець яе?

    Парадаксальна, але станоўчы адказ на ўсе гэтыя пытаньні як раз і ляжыць там, дзе і паўстаў ідэал «аб’ектыўнай журналістыкі», г.зн., у пласкіні прафэсійнай (журналісцкай) этыкі.

    Бо любая этыка перадусім і ёсьць спробай выйсьці па-за межы наяўнай, прагматычнай, эгацэнтрысцкай, карпаратыўнай ці ўладна-партыкулярнай карцінкі сьвету. Задача любой этыкі якраз і палягае ў тым, каб унівэрсалізаваць мой погляд на рэчы, унівэрсалізаваць за кошт таго, што этычныя прадпісаньні вымагаюць ад мяне пераадолець партыкулярнасьць майго погляду і мае ўласныя (эгаістычныя, у тым ліку, і карпаратыўныя) інтарэсы.

    А аб’ектыўнасьць якраз і ёсьць вынікам незаангажаванай, надпартыкулярнай пазыцыі, пазыцыі па-над маімі ўласнымі (асабістымі) інтарэсамі.

    І, нарэшце, ёсьць яшчэ адзін надзвычай важны інструмэнт (сродак), неабходны дзеля пераадоленьня фрагмэнтарнасьці (абмежаванасьці) любых канструяваных прадуктаў. Гэты інструмэнт — крытычнае мысьленьне. Дарэчы, адзначым, што культываваньне крытычнай апініі (кажучы прасьцей, уменьне задаваць вострыя пытаньні) — неад’емная частка журналісцкай прафэсіі. А таму выглядае на тое, што калегі з Таварыства прафэсійных журналістаў усё ж пасьпяшаліся выдаліць панятак «аб’ектыўная журналістыка» са свайго этычнага кодэксу.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці