347

Адзін з арганізатараў забойства Ганны Паліткоўскай вызвалены. Ён ужо ваюе супраць Украіны

14.11.2023 Крыніца: Аўтар для сайта БАЖ

Сяргей Хаджыкурбанаў быў асуджаны на 20 гадоў за забойства вядомай расійскай журналісткі Ганны Паліткоўскай. Ён павінен быў выйсці на свабоду ў 2034 годзе, аднак, як высветліў пракрэмлёўскі Telegram-канал Baza, мужчыну вызвалілі датэрмінова, і ён з канца 2022-га ваюе супраць Украіны.

Па інфармацыі Baza, Сяргей Хаджыкурбанаў пачаў вайсковую службу на пасадзе камандзіра аддзялення выведкі, неаднаразова хадзіў у тыл і даслужыўся да камандзіра батальёна. Праз паўгода працягнуў кантракт з Мінабароны Расіі: на які менавіта тэрмін, і на якой ён пасадзе цяпер, невядома. На дадзены момант мужчына вызвалены ад адбыцця пакарання.

Сяргей Хаджыкурбанаў — былы аператыўнік МУС Расіі, які займаўся этнічнымі злачыннымі групоўкамі, быў затрыманы ў 2007 годзе па абвінавачанні ў арганізацыі забойства Ганны Паліткоўскай. У 2009-м суд прысяжных прызнаў яго невінаватым. Аднак пасля яго затрымалі па іншай справе і зноў абвінавацілі ў датычнасці да замаху на журналістку. Ён да канца адмаўляўся даваць паказанні і заяўляў пра сваю невінаватасць і быў асуджаны да 20 гадоў зняволення.

Ганна Паліткоўская была застрэленая ў ліфце свайго дома 7 кастрычніка 2006 года. Па версіі следства, арганізатарам злачыннай групы з'яўляўся адзін з лідараў чачэнскай (алазанскай) групоўкі, паколькі да журналісткі мелі «сур'ёзныя прэтэнзіі вялікія людзі ў Чачні».

Раней калегі Ганны Паліткоўскай па «Новай газеце» правялі вялікае расследаванне забойства журналісткі. Яны ўздымаюць пытанні, чаму не былі пакараныя ўсе ўдзельнікі злачынства.

Чытайце яшчэ:

Ён быў першым з беларускіх журналістаў, які стаў персанальным ворагам рэжыму. Сем гадоў з забойства Паўла Шарамета

Ірына Халіп: «У таталітарнай краіне не можа быць вялікай мяжы між грамадзянскай пазіцыяй і пазіцыяй журналіста...»

Забойцаў Веранікі Чаркасавай дагэтуль не знайшлі

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!