Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі 29 верасня абнавіла на сваім сайце «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Сярод тых, каго дадалі ў гэты спіс, — палітзняволены Андрэй Фамін, асуджаны да 7 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Андрэя Фаміна звінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх); арт. 361 (Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь); арт. 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім).
Судовы працэс распачаўся 15 чэрвеня 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе, справу вяла суддзя Анжэла Касцюкевіч. Па выніку трох пасяджэнняў 21 чэрвеня яна агучыла вырак: 7 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Андрэй Фамін быў затрыманы 27 кастрычніка 2022 года. Зранку да хлопца заявіліся супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа ў поўным баявым абмундзіраванні і са зброяй. Андрэя збівалі — гэта было заўважна і на прымусовым «пакаяльным» відэа, якое на наступны дзень пасля затрымання апублікавалі праўладныя Telegram-каналы.
Паводле боку абвінавачання, Андрэй Фамін каардынаваў сетку самвыдатаўскіх бюлетэняў «Веснікі», якія выходзілі ў друкаваным выглядзе ва ўсіх абласцях Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Таксама паведамлялася, што ён нібыта быў аўтарам тэкстаў і рэдактарам усёй сеткі «Веснікаў», якую 9 снежня 2022 года ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем», — праз паўтара месяца пасля затрымання Фаміна.
Таксама яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў маршы пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2020 года.
Амаль адразу пасля вынясення прысуду, не дачакаўшыся выніку абскарджання ў Вярхоўным судзе, Фаміна на пачатку ліпеня перавялі з мінскай Валадаркі ў СІЗА пры магілёўскай турме № 4. Паводле раскладу на сайце ВС, апеляцыйную скаргу 8 верасня разглядаў суддзя Ігар Любавіцкі. Паколькі апраўдальны вердыкт малаверагодны, то меркавана, што на сёння Андрэй Фамін этапаваны ў адну з папраўчых калоній Магілёўскай вобласці.
Андрэй Фамін нарадзіўся і скончыў школу ў Магілёве, вышэйшую адукацыю атрымаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у Мінску, да затрымання працаваў капірайтарам.
30 лістапада 2022 г. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Андрэя Фаміна палітычным зняволеным.
Чытайце яшчэ:
Как репортёры раскрывают военные (и не только) преступления? Рассказываем, о чём говорили на Глобальной конференции журналистов-расследователей
Горькое наследство. Анна Мирочник объясняет, зачем протесту рассказывать о своих жертвах
У Латвіі да 2026 года павінны закрыць рускамоўныя грамадскія медыя. Камерцыйныя СМІ гэтая забарона пакуль не закране