• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Будні прафанацыі: як “саўбелаўскія” прапагандысты сталі хэдлайнерамі Дня беларускага пісьменства

    Цягам 3-4 верасня ў Добрушы на Гомельшчыне праходзіць Дзень беларускага пісьменства. І хоць дэкларавалася, што чырвонай ніткай будзе ўшанаванне выбітнага нараджэнца краю, народнага пісьменніка Івана Шамякіна, на пярэдні план нечакана выйшлі “літаратары” новай фармацыі – адыёзныя прапагандысты з “прэзідэнцкага рупару” “Советская Белоруссия” (“Беларусь сегодня” пасля касметычнага апгрэйду).   

    Поўная праграма імпрэзы выкладзена на сайце Міністэрства інфармацыі. Збольшага гэта пералік падзей у тэматычных секцыях, назвы якіх у ідэалагічных кабінетах закансерваваліся яшчэ з савецкіх часоў, хіба паболела шматкроп’я ў  загалоўках: “У вянок класіку…”, “Шануй край свой бацькоўскі…”, “Пад небам зорным, небам мірным…”, “Беларусь – наша Радзіма-маці…’, “Зямля ў нас на ўсіх адна…”. З асучасненага пад актуальныя лякалы Генпракуратуры, хоць і не зусім па тэме – перасоўная выстава “Генацыд беларускага народа”.  

    Афіша абагульненая, без пайменнага пераліку запрошаных “зорак” і гасцей. Выключэннем так званы “Фестываль кнігі і прэсы”, дзе праграма распісваецца падрабязна. Увечары 3 верасня прадпрыемства “Белдрук” у межах сумеснай экспазіцыі з прэзідэнцкай адміністрацыяй, выдавецкім домам ”Беларусь сегодня“ і выдавецтвам “Беларусь” не толькі арганізуе гандаль спецыфічнай перыёдыкай і прадукцыяй з дзяржсімволікай, а яшчэ ладзіць прэзентацыю “масава-палітычных праектаў”. Гаворка пра аўтараў, “засвечаных” цягам апошніх двух гадоў – уласна кажучы, на пратэстных падзеях 2020-га і наступных рэпрэсіях сабе імя і зрабілі. Што ж за шэдэўры прапануюць чытачам заяўленыя “літаратары”?

    Нараджэнец расійскага Навасібірска Андрэй Мукавозчык наваяў аж цэлы двухтомнік – “Корни” і “Корнееды” адпаведна. Гэта збор “аналітычных разважанняў” пра апанентаў рэжыму і “гістарычную місію” Лукашэнкі. Скандальны “стэндапер” некалі выйшаў з “Клубу вясёлых і знаходлівых” і дагэтуль ўпэўнены, што сваімі палітычнымі пасквілямі зрывае апладысменты публікі. А паколькі паўстаць “феніксам” на руінах КВЗ так і не ўдалося, прыйшоўся своечасовай прапагандысцкай “затычкай” на старонках “Советской Белоруссии” і ў эфіры паднявольнага саўбелаўскаму холдынгу “Альфа радыё”.    

    Ягоныя маладзейшыя калегі – Людміла Гладкая і Юрый Церах – напрацавалі дуплетам іншы заказны твор пад назвай “Изнанка мятежа”. Тэма, зноў жа, “удзячная” – масавыя пратэсты двухгадовай даўнасці. Да таго пра існаванне Гладкай у публічнай прасторы, бадай што, ніхто не здагадваўся. Але ў працэсе зачыстак грамадзянскай супольнасці і наступных судзілішчаў сілавікі ўзнагародзілі яе эксклюзіўным правам кляпаць карцінку з палітычных працэсаў (відаць, сваю ролю адыграў напрацаваны аўтарэтыт ранейшай службы ў часопісе “Милиция Беларуси” і газеце МУС “На страже”). 

    Адрозна ад іншых аглядальнікаў, якім забаронена ўсё, тэндэнцыёзныя справаздачы на мяжы фолу дагэтуль не бянтэжаць ні пільных суддзяў, ні Міністэрства юстыцыі. Нібыта ўсё гладка. Яшчэ яе часцяком можна пабачыць у кампаніі з “тэлекілерам” Рыгорам Азаронкам, калі яны пры любой нагодзе “ловяць” і потым істэрычна дапытваюць заходніх дыпламатаў. Дарэчы, каб адпавядаць статусу ў Добрушы, журналістку– “расследвальніцу” тэрмінова і адзінагалосна прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Паспрабавалі б засумнявацца… 

    Два іншыя “публіцысты” – гэтаксама гадаванцы “Советской Белоруссии”. Юрый Церах, як і Максім Осіпаў, які падчас прэзентацыі асабіста раскажа пра рэкордную па часе працу над брашурай “Преступление Польши и Литвы против беженцев”, значацца ў штаце газеты палітычнымі аглядальнікамі.

    Паэтка, перакладчыца, лаўрэатка літаратурных конкурсаў, ураджэнка Гомельшчыны Юлія Цімафеева гэтаксама звяртае ўвагу: калі ўгледзецца ў праграму Дня беларускага пісьменства, амаль не знойдзеш у ёй імён жывых аўтараў — адно памерлыя класікі, з якімі “заўжды бяспечней”. Жывой чытацкай цікавасці тут не месца, – падсумоўвае яна.

    “З сотняў сябраў саюзу згадваецца толькі аўтарка пасквіляў у “СБ”, якую нядаўна прынялі ў СПБ, ды яе калегі. Але ці стане іх хтосьці чытаць? Як на мяне, Дзень беларускага пісьменства – гэта прафанацыя літаратурнага працэсу, танная (вядома, не ў плане затрат на яе) і пошлая падробка. Усё звалена да кучы: футбол і хросны ход, літаратурная прэмія і генацыд беларускага народу, выстава ўстаноў адукацыі і свята духавых аркестраў. У гэтым нагрувашчанні ні густу, ні фантазіі, ні думкі. Арганізатары плануюць (з)ахапіць сабою ўсё, накрыўшы цунамі духоўнасці, патрыятызму і прапаганды чарговы раённы цэнтр, цынічна робяць выгляд, што можна займацца “культурай”, ігнаруючы жорсткі пераслед іншадумства ў краіне і вайну, у якой іх дзяржава ёсьць саўдзельніцай”.

    Як і ў іншых ідэалагічных сферах, арганізатары імпрэзы намагаюцца  штучна падцягнуць Беларусь да фантомнага надбудавання, якое, з іх гледзішча, дадае міжнароднай вагі – калегі з іншых краін запрашэнні праігнаравалі. Так, запланавана аўтограф-сесія пісьменнікаў “саюзнай дзяржавы” “Нашай долі славянскай карункі…” і прэзентацыя беларуска-расійскага праекта “Зямля – наш агульны дом”.

    У гэтай сувязі Юлія Цімафеева нагадвае: шмат гадоў у Беларусі існавалі “паралельныя літаратурныя сусветы”. З аднаго боку, манапалізаваны дзяржавай, з іншага – незалежных творцаў, які ўлады папросту стараліся не заўважаць – са сваімі выдавецтвамі, кнігарнямі, часопісамі і газетамі, літаратурнымі прэміямі і конкурсамі, адукацыйнымі і перакладнымі праектамі, а таксама пісьменніцкімі арганізацыямі.

    “Мы развівалі літаратуру, спрабуючы рабіць выгляд, што праўладнага, люстэркавага “літаратурнага працэсу” не існуе. Магчыма, памыляліся, але той ігнор дазваляў не траціць сілы на барацьбу, а скіраваць іх на творчасць і стварэнне. Цяпер жа, калі ўсе нелаяльныя да дзяржавы пісьменніцкія арганізацыі зліквідаваныя, калі большасць незалежных кнігарняў і выдавецтваў зачыненыя, калі многія аўтаркі і аўтары вымушаныя з’ехаць за мяжу, калі кнігі называюць “правільнымі” і “няправільнымі”, калі раманы прызнаюць экстрэмісцкімі (экстрэмізм шукаюць нават у творах нобелеўскай лаўрэаткі), калі ў Беларусі засталася бачнай фактычна толькі праўладная літаратура, мабыць, больш не варта гэты падзел ігнараваць”.

    На перакананне Юліі Цімафеевай, у атмасферы страху і несвабоды, чыстак і рэпрэсій у дзяржаўных літаратурных інстытуцыях і арганізацыях вольнае мастацкае слова развівацца і жыць не зможа, як не зможа знайсці сабе там спатолі і разумны, цікаўны чытач. Дзень пісьменства — гэта дакладна не тое свята, дзе яны змогуць сустрэцца, лічыць літаратарка.  

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці