• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч выйшаў на волю

    Сёння на старонцы ў фэйсбук Ягора Марціновіча з'явіўся новы допіс.

    «Я хачу сказаць ВЕ-ЛІ-ЗАР-НЫ дзякуй тысячам беларусаў, якія падтрымлівалі мяне, дапамагалі мне ці іншым палітвязням альбо хаця б у душы перажывалі за нас. Гуртом шмат што лягчэй) Пастараюся адпісаць ці адзваніцца кожнаму, ад каго атрымліваў вестачкі. Я толькі пераканаўся, што прыстойных, сумленных беларусаў, сапраўдных патрыётаў нашай краіны ў разы больш, чым я мог сабе ўявіць у самых смелых фантазіях», — напісаў спадар Марціновіч у фэйсбуку.

    «Балюча ад разумення, колькі дадатковых клопатаў і праблемаў звалілася на нашых родных і блізкіх. Асноўны цяжар выцягнулі на сваіх плячах менавіта яны. Нам што? — сядзі на месцы і падлічвай дні. Але ж родныя не падпісваліся на тое, каб бачыць тэрарыстаў у балаквалах у сваёй кватэры, стаяць у чэргах пад СІЗА, а пасля яшчэ і губляць нервы ў чаканні, выпусцяць ці не выпусцяць.

    Карацей, занадта шмат розных “але”, каб дакладна сказаць, як усім нам варта было рабіць правільна — каб мінімазаваць магчымыя страты і павялічыць шанцы на перамогу Беларусі і здаровага сэнсу. Па-ранейшаму веру, што гэта адбудзецца.

    А персанальна для мяне важна, што я вяртаюся на свабоду з чыстым сумленнем. Мне не сорамна глядзець у вочы людзям, і гэта ўжо нямала».

    Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» быў вызвалены адначасова з рэдактарам аддзела рэкламы выдання Андрэем Скурко 18 жніўня. Абодвух затрымалі ў ліпені 2021 года.

    Вядома, што затрыманне суправаджалася натуральным здзекам над Ягорам Марціновічам.

    — Са мной не размаўлялі, мяне білі, ім было няважна, што я скажу, — пісаў у лісце журналіст. — Пыталіся: «За каго галасаваў на выбарах?» І адразу ўдар. «Хто зараз прэзідэнт?» Нават калі адказваеш, што Лукашэнка, атрымліваеш па галаве кулаком. Аператыўнікі, якія везлі мяне, самі крычалі [лозунгі апазіцыі] «Перамен», «Верым, можам, пераможам» — і працягвалі біць мяне. Яны лічылі гэта вельмі смешным.

    Пазней затрыманым «нашаніўцам» прад’явілі абвінавачванні па артыкуле 216 Крымінальнага кодэкса Беларусі «Прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу».

    Прэтэнзія сілавікоў была ў тым, што «Наша Ніва» аплачвала камунальныя паслугі па тарыфах для фізічных асоб, а не для юрыдычных асоб.

    — З мяне смяюцца нават ахоўнікі, мне сорамна сукамернікам казаць, у чым мяне абвінавачваюць, — расказваў з‑за кратаў Ягор Марціновіч.

    Абвінавачаныя пакрылі шкоду — 10 тысяч рублёў — у поўным аб’ёме. Аднак у сакавіку 2022 года журналістаў асудзілі на два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму.

    Адзначым, што пасля выбараў 2020 года галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» затрымлівалі двойчы. Першы раз — у ноч з 10 на 11 жніўня падчас асвятлення актыўнай фазы пратэстаў. Тады некалькі дзён журналіст правёў у турме Жодзіна, але пасля загаду колішняга міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева быў вызвалены.

    А 23 верасня Ягора Марціновіча затрымалі зноў ў межах крымінальнай справы паводле артыкулу 188 — за «паклёп на намесніка кіраўніка МУС Барсукова». Падставай стала апублікаванае на сайце «Нашай Нівы» інтэрв’ю з адным з «дыджэяў перамен» Уладзіславам Сакалоўскім. Пасля трох сутак на Акрэсціна Ягора Марціновіча зноў вызвалілі, але ён заставаўся падазраваным.

    Нягледзячы на рэпрэсіі і ціск на прадстаўнікоў медыя, галоўны рэдактар папулярнага беларускамоўнага выдання прынцыпова заставаўся ў Беларусі.

    — У якасці журналіста я ў тым ці іншым выглядзе прысутнічаў абсалютна на ўсіх нядзельных маршах з 16 жніўня да апошніх шэсцяў у канцы лістапада, — казаў Ягор Марціновіч у сакавіку 2021 года. — Гэтага запалу бадзёрасці, веры ў народ, у перамогу народу і грамадства мне дастаткова, каб падтрымліваць аптымістычны настрой яшчэ на некалькі гадоў наперад. Я разумею, што калі кагосьці запалохалі, кагосьці пасадзілі, нехта страціў веру, то гэта яшчэ не значыць, што людзі змірыліся. Гэта немагчыма. Калі ты аднойчы паказаў сотням тысячаў, мільёнам свабоду, яны гэта будуць трымаць у сабе. І ў нейкі момант выбухне так, што накрые з галавой усіх і ўсё.

    Чытайце яшчэ:

    У лістах з‑за кратаў Андрэй Кузнечык разважае пра беларускія СМІ і пра тое, як сніць Мінск

    «Ён мне нагадваў Маленькага прынца — вечнага вандроўніка, які шукаў схаваныя сэнсы рэчаў і ўласнага жыцця». Мікалаю Дзядку — 35

    «Турэмныя дзённікі» Вольгі Класкоўскай. Злавесны цень НКВД і той, хто смяецца апошні

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці