Хакеры спрабавалі ўзламаць сайт кампаніі назірання “Права выбару-2015”
Сайт кампаніі назірання “Права выбару-2015” спрабавалі ўзламаць хакеры. Пра гэта паведаміў адзін з каардынатараў кампаніі назірання за прэзідэнцкімі выбарамі Дзяніс Садоўскі.

therunet.com
Спроба ўзлому адбылася 23 верасня каля 13‑й гадзіны. Паводле адміністратара сайта, гэта была спроба DDOS-атакі з вялікай колькасці IP-адрасоў. З якой краіны ішла атака, вылічыць не ўдалося.
Потым праз дзве гадзіны нехта спрабаваў падабраць паролі для ўваходу на сайт. Адміністратар рэсурсу кажа, што сайт працуе ў штатным рэжыме, ніякая шкода яму не было нанесена. У сувязі з інцыдэнтам на сайце ўзмоцненыя меры бяспекі.
Каардынатары кампаніі “Права выбару-2015” звязваюць спробу DDOS-атакі на сайт з жаданнем перашкодзіць незалежнаму назіранню за выбарчай кампаніяй і яе інфармацыйнаму суправаджэнню.
У кампанію па назіранні за выбарамі “Права выбару-2015” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя», кампанія “Гавары праўду!”, Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу.
