3662

Іосіф Сярэдзіч распавёў, за якія выданні ён заступіўся перад Лукашэнкам

14.02.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Галоўны рэдактар “Народнай Волі” ў межах канферэнцыі “Медыя Беларусі: выклікі і шанцы” распавёў калегам акалічнасці ўчорашняй сустрэчы з Лукашэнкам і за якія выданні ён хадайнічаў.

— Я выклікаў агонь на сябе. Шуміць інтэрнэт і нават некаторыя мае аднадумцы заяўляюць, што пераходзяць у іншы лагер. Але я лічу, што маю права на ўласнае меркаванне, нават калі яно не супадае з чыімсьці. Як бы хто не ставіўся да Лукашэнкі, ён сёння кіруе балам.

Таму нават калі я сваім паходам да Лукашэнкі выйграў адно ачко, я вельмі рады. Я перадаў яму спіс дзевяці выданняў, якія не могуць трапіць у тую ці іншую дзяржаўную сетку распаўсюду. Гэта «Борисовские новости», «Вольнае Глыбокае», «Газета Слонімская», «Intex-press», «Новы час», «СНплюс. Свободные новости плюс», «Рэгіянальная газета», «ARCHE. Пачатак».

Лукашэнка паабяцаў, што пытанне з доступам у дзяржаўныя сеткі распаўсюду выданняў здымаецца. Спадзяюся, ён выканае сваё абяцанне.

Таксама ў нас з Лукашэнкам ішла размова пра круглы стол. І я сказаў, што адназначна адным з пытаннем круглага стала будзе пытанне СМІ. Дзяржаве даўно пара адысці ад ціску і кіравання медыямі. Менавіта таму патрэбны дыялог. Лукашэнка папрасіў выкласці яму мае прапановы пісьмова. У бліжэйшыя два-тры тыдні я збіраюся пакласці на стол Лукашэнку такую паперу.

А абняцца з Лукашэнкам прыйшлося, бо не хапіла палітычнага досведу. Калі б жонка параіла трымацца на адлегласці ды падаць руку, абдымкаў удалося б пазбегнуць. А так не ўдалося.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!