• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Магілёўскага блогера і былога журналіста Алеся Сабалеўскага прызналі палітычным зняволеным

    Адпаведная заява беларускай праваабарончай супольнасці выйшла 18 студзеня. У ёй, у прыватнасці, гаворыцца, што «рэпрэсіўныя дзеянні ў  дачыненні да Алеся Сабалеўскага з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова».

    Ад  12 снежня мінулага года Алеся Сабалеўскага трымаюць за кратамі: спачатку яму былі прысуджаны два адміністрацыйныя арышты, потым былога журналіста перавялі ў Магілёўскі СІЗА.

    Паводле інфармацыі ад тых, хто знаходзіўся ў адной камеры з Сабалеўскім у ізалятары часовага ўтрымання, мужчыну  збівалі падчас допыту супрацоўнікі ГУБАЗіК. На ягоным целе доўгі час былі відаць сляды катавання.

    Такім чынам ад журналіста вымагалі прызнанняў у тым, што ён супрацоўнічаў з рэдакцыяй  6tv.by — выданнем, якое 29 лістапада мінулага года было прызнана  «экстрэмісцкім фарміраваннем». 

    Праз допыты ў межах распачатай крымінальнай справы за спрыянне экстрэмізму 6 і 7 снежня 2023 года прайшлі таксама журналісты і грамадскія актывісты Магілёўшчыны:  Барыс Вырвіч, Аляксандр Агееў, Ігар Шаруха, Пётр Мігурскі, Сяргей Антонаў і Аляксей Бацюкоў, якіх КДБ палічыў датычнымі да працы рэдакцыі інтэрнэт-выдання «Магілёў.Media».Сяргей Антонаў неўзабаве пасля допыту з’ехаў з Беларусі, Аляксей Бацюкоў таксама пакінуў краіну, адбыўшы 15 сутак адміністрацыйнага  арышту.

    Што да Алеся Сабалеўскага, то ён даўно адышоў ад журналістыкі і ў апошнія гады працаваў у сферы паслуг.  Паводле згадак у магілёўскіх незалежных СМІ, Сабалеўскі сапраўды з’яўляўся карэспандэнтам выдання 6tv.by, але гэта было ў тыя часы, калі партал меў дзяржаўную рэгістрацыю і асвятляў мясцовыя падзеі, у тым ліку пратэсты 2020 года.

    30 жніўня 2020 года Сабалеўскага  затрымалі, калі ён вёў анлайн-рэпартаж з пратэстнага шэсця ў Магілёве. Амаль суткі сваякам нічога не было вядома пра яго месца знаходжання. 1 верасня суддзя Ленінскага раёна Магілёва Вікторыя Палякова прызнала журналіста вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП). «Вёў анлайн і такім чынам прыняў удзел у несанкцыянаванай акцыі», — заявіла  суддзя і пакарала журналіста арыштам на восем сутак. Па сканчэнні судовага працэсу журналіст заявіў, што распачынае галадоўку. Сабалеўскі трымаў яе ў Магілёўскім ІЧУ на працягу ўсяго тэрміна пакарання.

    14 студзеня 2022 г. сілавікі правялі ператрус  дома ў Алеся Сабалеўскага і забралі ў яго аргтэхніку, якую вярнулі толькі праз 10 месяцаў. У лютым  2022 года былы журналіст быў  асуджаны на 12 сутак арышту нібыта за рэпост з інфармацыйнага рэсурсу, прызнанага экстрэмісцкім.

    Такія самыя абвінавачванні былі прад’яўленыя Сабалеўскаму і цяпер: 13 снежня мінулага года яму прысудзілі  10 сутак арышту, і ўжо ў зняволенні ён быў асуджаны другі раз запар. Пазней стала вядома, што былому журналісту прад’явілі крымінальнае абвінавачванне і перавялі яго ў следчы ізалятар.

    Чытайце яшчэ:

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці