Як паведаміў журналіст, напачатку ліпеня на яго імя прыйшоў ліст з аддзела прымусовага выканання Маскоўскага раёна Брэста. У лісце ўтрымлівалася патрабаванне сплаціць штраф памерам 3 мільёны 780 тысяч рублёў паводле рашэння суда, які пакараў незалежнага журналіста за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.
– На той суд мяне не запрасілі і рашэнне было агучана без майго удзелу, а спробы абскардзіць рашэнне ў абласным судзе не мелі плёну, – кажа Алесь Ляўчук. – Паколькі ў лісце судовага выканаўцы Анастасіі Максімук не быў пазначаны тэрмін выплаты штрафу, я патэлефанаваў і папярэдзіў, што зраблю гэта да канца ліпеня, з чым судовы выканаўца згадзілася.
Паводле словаў журналіста, штраф ён сплаціў 22 ліпеня, пра што зноў папярэдзіў па тэлефоне судовага выканаўцу, а пазней даслаў па электроннай пошце квітанцыю аб аплаце. Аднак 30 ліпеня на тэлефон 7-гадовай дачкі Алеся Ляўчука (нумар зарэгістраваны на бацьку) прыйшло паведамленне пра тое, што ён заблакаваны паводле рашэння суда.
– На наступны дзень я патэлефанаваў судоваму выканаўцу, якая заявіла, што гэта яна звярталася ў кампанію “МТС”, каб тэлефон быў заблакаваны, але зараз ніякіх прэтэнзій няма, і тэлефон разблакуюць. Між тым, гэта адыблося толькі праз чацвёра сутак: увесь гэты час у аддзеле прымусовага выканання Маскоўскага раёна Брэста мяне адпраўлялі у кампанію “МТС”, а адтуль – разбірацца з судовымі выканаўцамі”, – кажа журналіст.
Пры гэтым прадстаўнікі МТС адмаўляліся паведаміць журналісту, на падставе якога менавіта рашэння суда быў заблакаваны нумар тэлефона, і не пажадалі прасіць прабачэння за нязручнасці.