BYSOL запускае школьны збор для дзяцей палітзняволеных
Фонд BYSOL распачаў дабрачынны збор у падтрымку для самых малых — дзяцей беларускіх палітзняволеных унутры краіны і за мяжой. Мэта збора — 10 тысяч еўра. У выпадку вялікай колькасці заявак на дапамогу, гэтая сума можа павялічыцца.

Фота з сайта BYSOL
Сёлета збор стартуе не з нуля.
Падчас прагляда фінала Чэмпіяната свету па фтуболе BYSOL разам з партнёрамі зладзіў дабрачынны розыгрыш прызоў. Гэта дазволіла сабраць 1177 еўра на карысць дзіцячага збора.
Штогод BYSOL атрымлівае да дзвюх соцень заявак на дзіцячы школьны збор. Па дапамогу звяртаюцца сем’і, дзе бацькі, альбо адзін з бацькоў, знаходзяцца ў зняволенні, альбо былі асуджаныя па палітычных матывах. Дапамога ў 100 еўра дазваляе пакрыць асноўныя патрэбы: пакупку школьных прыналежнасцяў і прынамсі частку вопраткі.
«Для нашай сям’і гэта дапамога сталася не толькі падтрымкай у цяжкі час. Але і нагадванне пра тое, што мы не адныя. Калі побач ёсць людзі з вялікім сэрцам, становіцца лягчэй спраўляцца з выпрабаваннямі і верыць у будучыню», – напісаў у BYSOL адзін з атрымальнікаў выплат з папярэдняга дзіцячага збору.
Папярэдні збор для дзяцей палітзянволеных доўжыўся 42 дні і быў прымеркаваны да пачатку летніх канікул.
За час правядзення акцыі дапамогу атрымалі 166 дзяцей з 114 сем’яў палітвязняў. Збор падтрымалі арганізацы беларусаў у Даніі, дыяспары і суполкі беларусаў у Філадэльфіі, Вялікай Брытаніі, Нідэрландах, ЗША, Кракаве і Ольштыне, а таксама Міжнародны гуманітарны фонд.
Да 27 жніўня BYSOL прымае заяўкі на дапамогу ад бацькоў, якія знаходзяцца ў Беларусі ці за яе межамі. Каб атрымаць дапамогу, трэба запоўніць форму. Падтрымка разлічаная на сем’і палітзняволеных, у якіх адзін з бацькоў ці абодва знаходзяцца ў зняволенні не менш чым тры месяцы (у тым ліку на «хіміі»), былых палітзняволеных з дзецьмі, якіх вызвалілі пасля 1 студзеня 2024 года.
ДАПАМАГЧЫ ДЗЕЦЯМ ПАЛІТЗНЯВОЛЕНЫХ
Правілы
- На кожнае дзіця да 16 гадоў будзе выплачана па 100 еўра.
- Агульная сума ўказаная з улікам камісій і збораў банка і плацёжных сістэм.
- Заяўкі на атрыманне дапамогі будуць прымацца да 21 жніўня ўключна.
Калі ў вас узнікнуць пытанні, вы можаце напісаць камандзе BYSOL у Telegram: @bysol_pzk.
@bajmedia