• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Новая намінацыя, шматкратныя лаўрэаты — Праваабарончую прэмію ўручаць па новых правілах

    Сёлета ў Праваабарончай прэміі з'явілася новая намінацыя: «Праваабарончая салідарнасць». Што гэта за намінацыя і ў адказ на які выклік яна была створаная?

    Крыху гісторыі

    Прэмія была заснаваная ў 2008 годзе. Беларускія праваабаронцы штогод адзначалі тых, хто зрабіў унёсак у абарону і прасоўванне правоў чалавека ў Беларусі. Пятнаццаць гадоў — вялікі тэрмін. За гэты час не аднойчы мянялася грамадска-палітычная сітуацыя, і разам з ёй мянялася і Прэмія. Ад пачатку Прэмія ўручалася па трох намінацыях: праваабаронца года, адвакат года і журналіст года. У 2016 годзе на змену «Адвакату года» прыйшла намінацыя «Грамадская кампанія ці ініцыятыва года». І ў 2023 годзе Аргкамітэт заснаваў новую, чацвертую намінацыю «Праваабарончая салідарнасць»

    Новая намінацыя: уганараванне тых, хто пацярпеў, абараняючы правы чалавека

    У 2020 годзе грамадска-палітычная сітуацыя ў Беларусі змянілася кардынальна: краіну агарнулі беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі. Не ў апошнюю чаргу яны закранулі тых, хто абараняў правы чалавека: праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў. У такім стане натуральным памкненнем праваабаронцаў было падтрымаць сваіх калегаў і паплечнікаў, якія пацярпелі найбольш, у прыватнасці – трапілі ў краты. Аднак мінуў 2020 год, за ім – наступны, і яшчэ адзін, аднак колькасць праваабаронцаў і журналістаў у турмах не паменшылася, а наадварот, павялічылася. У сітуацыі, калі рэпрэсіі не спынаюцца, а набіраюць сілу, узнікла патрэба асобна ўшаноўваць тых, хто пацярпеў ад пераследу рэжыму.

    Таму ў 2023 годзе Аргкамітэт Прэміі дадаў да трох намінацыяў — «Праваабаронца года», «Журналіст года» і «Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года» чацьвертую: «Праваабарончая салідарнасць». Гэтая намінацыя дазволіць уганараваць тых, хто зазнаў пакуты пераследу, і ў той самы час узнагародамі ў іншых намінацыях адзначыць праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў, якія працягваюць дзейнасць на карысць беларускага грамадства.

    Ці своечасова ганараваць у час рэпрэсіяў?

    Часам можна пачуць, што перыяд грамадска-палітычнага крызісу і брутальнага ігнаравання правоў чалавека — не час для святкаванняў і вызначэнняў лаўрэатаў сярод праваабаронцаў і журналістаў. Аднак Прэмія праваабарончай супольнасці даецца не толькі за прафесіяналізм журналістам праваабаронцам — а тым, хто зрабіў заўважны унёсак у развіццё, прасоўванне і папулярызацыю правоў чалавека. А ў крызіс абарона правоў чалавека робіцца надзвычай актуальнай і важнай. Гэта прэмія – адзначэнне тых, хто ў самыя неспрыяльныя часы працягвае дзейнічаць.

    ЛАЎРЭАТЫ ПРЭМІІ Ў ЗНЯВОЛЕННІ

    Пра тое, што абаронцы правоў чалавека падзяляюць лёс свайго грамадства ў часы грэбавання правамі чалавека і законамі, яскрава сведчыць статыстыка, якой лепш не было б: колькасць лаўрэатаў Прэміі папярэдніх гадоў, якія сёння знаходзяцца ў кратах. Гэта дзевяць чалавек:

    Алесь Бяляцкі, Праваабаронца года — 2011;

    Анджэй Пачобут, Журналіст года —  2012;

    Валянцін Стэфановіч, праваабаронца года — 2015;

    Ірына Леўшына, Журналіст года — 2018;

    Генадзь Фядыніч, Праваабаронца года — 2018;

    Кацярына Андрэева, Журналіст года – 2020;

    Дзяніс Івашын, Журналіст года — 2021;

    Марфа Рабкова, Праваабаронца года — 2021;

    Наста Лойка, Праваабаронца года — 2022.

    У розныя часы былі ў зняволенні па палітычных матывах наступныя лаўрэаты:

    Алег Груздзіловіч, Журналіст года – 2009;

    Зміцер Дрозд, Журналіст года – 2016;

    Сяргей Драздоўскі, Праваабаронца года – 2016;

    Ігар Комлік, Праваабаронца года – 2018;

    Леанід Судаленка, Праваабаронца года – 2019;

    Кацярына Барысенка, Журналіст года – 2019;

    Дар’я Чульцова, Журналіст года – 2019.

    Затрыманні, арышты на «суткі» і іншы пераслед і ціск праз сваю праваабарончую дзейнасць ня раз зазналі і іншыя лаўрэаты Прэміі.

    Спіс усіх лаўрэатаў вы знойдзеце па спасылцы.

    Магчымасць намінаваць лаурэатаў мінулых гадоў

    Сёлета Аргкамітэт Прэміі дадаў яшчэ адну істотную змену ў Палажэнне аб Прэміі: магчымасць намінаваць тых, хто ўжо быў лаўрэатам у папярэднія гады. Цяпер і намінаваць, і атрымліваць Прэмію можна неабмежаваную колькасць разоў. Гэта дазволіць адзначыць тых, хто дзейнічае на працягу многіх гадоў.

    У Палажэнні аб Прэміі таксама з’явіўся пункт, які кажа аб немагчымасці намінаваць самога сябе.

    Падрабязна парадак вылучэння намінантаў і выбару лаўрэатаў апісаны ў Палажэнні аб прэміі.

    Калі вы з’яўляецеся лаўрэатам Прэміі мінулых гадоў, але сёлета не атрымалі ліст з прапановай вылучаць намінантаў, звярніцеся ў Аргкамітэт па адрасе: belarus@humanrightshouse.org

    Чытайце таксама:

    Як пазбегнуць судовых працэсаў і іншых юрыдычных праблем. Дапаможнік для журналістаў

    Назвалі лаўрэатаў прэміі імя Аляхновіча за турэмную літаратуру. Сярод пераможцаў — журналісты

    У Парыжы стварылі хартыю аб выкарыстанні штучнага інтэлекту. Дзесяць запаведзяў для журналістаў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці