Прадказальна адмовіў: Вярхоўны суд адхіліў апеляцыю па справе Tut.by
Пасяджэнне праходзіла у закрытым рэжыме. Галоўнай рэдактарцы Марыне Золатавай і генеральнай дырэктарцы Людміле Чэкінай суд пакінуў пакаранне ў выглядзе 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Сёння ўступіў у сілу прыгавор у дачыненні да службовых асоб «ТУТ БАЙ МЕДЫА» Людмілы Чэкінай і Марыны Золатавай.
Марына Золатава і Людміла Чэкіна — адзіныя фігуранты па справе, якія дагэтуль знаходзяцца за кратамі. Яны прызнаныя палітвязнямі. А КДБ уключыў іх у спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».
Нагадаем, вердыкт па справе Tut.by быў агучаны Мінскім гарадскім судом 17 сакавіка 2023 года. Суддзя Валянціна Зянкевіч вынесла такое рашэнне: галоўнай рэдактарцы Марыне Золатавай – 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму, генеральнай дырэктарцы Людміле Чэкінай – 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Агулам прайшлі амаль чатыры дзясяткі закрытых пасяджэнняў, «сакрэтных матэрыялаў» назбіралася аж на 180 тамоў. Людміла Чэкіна і Марына Золатава за кратамі яны ад 18 мая 2021 года, калі сілавікі ўчынілі разгром рэдакцыі і затрымалі паўтара дзясятка супрацоўнікаў.
Людмілу Чэкіну вінавацілі па трох крымінальных артыкулах:
– ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры (арт. 243 КК);
– распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы (арт. 130 КК);
– заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК).
Марыне Золатавай інкрымінавалі:
– ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК);
– заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК);
– распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы (ч. 3 арт. 130 КК).
У рэдакцыю Tut.by сілавікі заявіліся з ператрусам 18 мая 2021 года. Тады за кратамі апынуліся паўтара дзясятка супрацоўнікаў, уключна з Юліяй Чарняўскай, жонкай памерлага заснавальніка партала Юрыя Зісера. На ўсіх завялі крымінальныя справы паводле ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры). Рашэннем Міністэрства інфармацыі сайт з мільённымі наведваннямі быў заблакаваны, а дзейнасць шматлікага калектыву фактычна паралізаваная.
Неўзабаве журналісты і менеджары, якія здолелі вырвацца з Беларусі, арганізавалі і цяпер штодзённа насычаюць кантэнтам інфармацыйны сайт Zerkalo.io.
Чытайце яшчэ:
Беларускія медыйшчыкі Батумі выйшлі на цэнтральную плошчу з партрэтамі палітзняволеных калег
Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыйную скаргу Валерыі Касцюговай
Нам не ўсё адно! Мы памятаем, што за кратамі ў Беларусі сёння 36 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ