• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Нам не ўсё адно! Мы памятаем, што за кратамі ў Беларусі сёння 36 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ

    У межах Марафона салідарнасці з беларускімі палітычнымі вязнямі «Нам не ўсё адно!» Беларуская асацыяцыя журналістаў нагадвае пра калег, якія сёння чакаюць прысуду ці адбываюць ужо пакаранне толькі за тое, што сумленна рабілі сваю працу.

    Прысуды нашым калегам выносілі ў Мінску і ў абласных гарадах. Найбольш частыя абвінавачанні, якія ім прад’яўлялі на падставе Крымінальнага кодэкса, гэта:

    - Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342 КК),

    - Здрада дзяржаве (арт. 356 КК),

    - Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК),

    - Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім (арт. 361–1 КК),

    - Распальванне расавай, нацыянальнай альбо рэлігійнай варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК).

    Зняволеныя журналісты не кінутыя на волю лёсу: пра іх памятаюць на волі, сябры і блізкія дапамагаюць іхным сем’ям, пішуць лісты і збіраюць перадачы ў вязніцы. Шмат хто з журналістаў-палітвязняў мае «хросных» з ліку замежных урадоўцаў і прадстаўнікоў грамадскага сектара. Дзеля вызвалення Анджэя Пачобута, які вызнае сябе палякам, жывучы ў Беларусі, беспрэцэдэнтныя захады зрабіла Польшча, спыніўшы дзейнасць большасці памежных пераходаў у напрамку Беларусі.

    Далучайцеся да Марафона салідарнасці з беларускімі палітычнымі вязнямі «Нам не ўсё адно!»

    Аднак кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы Марыюш Камінскі вымушаны канстатаваць, што не заўважае «ні найменьшай добрай волі» беларускага боку, што да вызвалення Пачобута. 8 лютага 2023 года журналіста асудзілі на васем гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 361 КК (Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), арт. 130 КК (Распальванне варожасці ці варажнечы).

    У ліку зняволеных журналістаў і супрацоўнікаў СМІ — 11 жанчын

    З іх самыя жорсткія прысуды вынесеныя ў дачыненні да:

    - былой галоўнай рэдактаркі інфармацыйнага партала TUT.BY Марыны Золатавай  — 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 361 КК (Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) і арт. 130 КК (Распальванне варожасці ці варажнечы);

    - Людмілы Чэкінай, былой гендырэктаркі TUT.BY — 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 361 КК (Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), арт. 243 КК (Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў), арт. 130 КК (Распальванне варожасці ці варажнечы).

    - Вялікі тэрмін — 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму прысуджаны і Валерыі Касцюговай, найстарэйшай з палітзняволеных жанчын-журналістак. За кратамі яна сустрэла свой 55-гадовы юбілей. Заснавальніцу і рэдактарку сайта экспертнай супольнасці «Наше мнение», рэдактарку і аўтарку «Беларускага штогодніка» і кіраўніцу групы экспертаў па маніторынгу «Беларусь у фокусе» прызналі вінаватай паводле арт. 361 КК (Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), арт. 357 КК (Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам), арт. 130 КК (Распальванне варожасці ці варажнечы).

    Падтрымайце грашыма палітычных зняволеных і іх сем’і! 

    Усе данаты будуць збірацца на адзіны рахунак, адкуль сабраныя грошы размяркуюцца паміж фондамі, ініцыятывамі і арганізацыямі, якія дапамагаюць палітзняволеным і іх родным.

    27 ліпеня распачаўся суд над Ларысай Шчыраковай, якая два гады таму публічна абвясціла, што сыходзіць з журналісцкай дзейнасці. Але следства лічыць, што жанчына «са жніўня 2020 года па снежань 2022 года, выкарыстоўваючы напружаную грамадскую сітуацыю і імкнучыся дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, праз розныя месенджары і ўліковыя запісы ў сацсетках прадаставіла для размяшчэння і размясціла ў сетцы Інтэрнэт, у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, інфармацыйныя матэрыялы з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь».

    У дзень затрымання журналісткі яе непаўнагадовага сына Святаслава міліцыя перадала ў сацыяльны прытулак. Сына Ларыса гадавала адна, і служба апекі не дазваляла забраць Святаслава ні дзядулі з бабуляй, ні іншым сваякам. Праз пэўны час з прытулка падлетка ўрэшце змог забраць бацька, з якім Ларыса даўно была ў разводзе, ён адмыслова прыехаў у Гомель з расійскага Новасібірска.

    Ларысу Шчыракову вінавацяць паводле арт. 369–1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), ч. 1 і ч. 2 арт. 361–4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і тое ж дзеянне, якое ажыццяўляецца паўторна).

    Судовыя «антырэкорды»

    Найстарэйшы з палітзняволеных журналістаў  — Вацлаў (Вячаслаў) Арэшка (нар. 18 студзеня 1955 г.). Палітолаг і грамадскі дзеяч, актывіст прафсаюза РЭП. Друкаваўся ў часопісах «Спадчына», Arche, pAR­Ti­san, рэдагаваў электронны сайт-архіў «Вытокі». Спадара Арэшку прыгаварылі да 8 гадоў пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Суд прызнаў яго вінаватым паводле арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). арт. 361–1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім), арт. 130 КК (Распальванне варожасці ці варажнечы).

    Паводле ягоных сваякоў, за кратамі ў Вацлава Арэшкі вельмі пагоршыўся зрок: абвастрыліся даўнія праблемы — у свой час ён перанёс хірургічную аперацыю на вачах.

    Адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса былі асуджаныя:

    - Андрэй Аляксандраў, медыяменеджар — да 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), арт. 243 КК (Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў), арт. 361–1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім), арт. 356 КК (Здрада дзяржаве).

    - Канстанцін Залатых, дырэктар газеты «Белорусы и рынок»  —  да 4 гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады),
    арт. 368 КК (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), арт. 130 КК (Распальванне варожасці ці варажнечы), арт. 426 КК (Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў).

    Самы вялікі тэрмін зняволення прысуджаны Ігару Лосіку — журналісту і блогеру, якога судзілі ў ліку фігурантаў «Справы Сяргея Ціханоўскага». Вырак суду — 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле  арт. 130 КК (Распальванне варожасці ці варажнечы) і ч. 1 арт. 293 КК (Арганізацыя масавых беспарадкаў). Калі яму прад’явілі чарговае абвінавачанне, на знак пратэсту Ігар Лосік абвясціў галадоўку, якую трымаў 42 дні.

    З Магілёўскай папраўчай калоніі ў Жодзінскую турму № 8 паўтара месяца таму быў пераведзены Дзяніс Івашын — карэспандэнт газеты «Новы Час», беларускі рэдактар валанцёрскай супольнасці Inform­Na­palm. 14 верасня 2022 года Гродзенскі абласны суд прыгаварыз яго да 13 гадоў і 1 месяца зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу памерам 4800 рублёў. Апроч гэтага, Івашына абавязалі выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды дзевяці пацярпелым сілавікам — агулам 22 800 беларускіх рублёў.

    Журналіста прызналі вінаватым паводле арт. 356 КК (Здрада дзяржаве) і  арт. 179 КК (Незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці).  Адміністрацыя калоніі адразу пачала ціснуць на палітвязня — больш за месяц Дзяніс знаходзіўся ў штрафным ізалятары, без магчымасці ліставання і тэлефоннай сувязі з роднымі. Днямі ягонай маці паведамілі, што адміністрацыя калоніі № 15 ініцыявала судовы працэс  дзеля пераводу журналіста ў турму. Пра тое, што суд ужо адбыўся, не ведалі ні родныя, ні адвакат Дзяніса Івашына. 

    За краты рэдакцыямі і сем’ямі

    У ліку палітзняволеных журналістаў і супрацоўнікаў СМІ па некалькі прадстаўнікоў рэдакцыйных калектываў. Сёння за кратамі вымушана знаходзяцца прадстаўнікі рэдакцый БелаПАН, «Нашай Нівы», TUT.BY, а таксама тыя, каго абвінавацілі ў супрацоўніцтве з Радыё «Свабода» і тэлеканалам «Белсат». Гэтыя медыі прызнаныя беларускімі ўладамі «экстрэмісцкімі фармаваннямі/арганізацыямі».

    Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі віцебскага відэаператара Вячаслава Лазарава і ягоную жонку Таццяну Пыцько. Лазараву прад’яўлена абвінавачанне за супрацу з тэлеканалам «Белсат» паводле арт. 361–4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ягонай жонцы — паводле арт. 361–1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім) за нібыта дапамогу мужу ў ягонай журналісцкай дзейнасці. Калі абодва бацькі апынуліся за кратамі, іхную малалетнюю дачку Еву, якой толькі споўніўся год, забралі пад апеку дзяржавы. Толькі праз месяц сваякам Таццяны Пыцько дазволілі аформіць апякунства і забраць дзяўчынку.

    Дар’ю Лосік, жонку палітзняволенага Ігара Лосіка, асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 361–4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Падставай для абвінавачання стала інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат», прызнанаму ўладамі экстрэмісцкім фармаваннем.

    Па матэрыялах крымінальнай справы, Дар’я «пазіцыянавала сябе як жонку палітвязня. Яна дала асабістую негатыўную адзнаку дзяржаўным органам, да кампетэнцыі якіх аднесена ажыццяўленне крымінальнага пераследу і правасуддзя. Пры гэтым паведаміла, што яе муж не здзяйсняў крымінальных дзеянняў і асуджаны незаконна. Заклікала сваякоў іншых асуджаных узяць з яе прыклад».

    Сярод асуджаных — і былыя супрацоўнікі дзяржаўных СМІ

    Да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму асуджаны Дзмітрый Лукша — журналіст, які шмат гадоў працаваў у Белтэлерадыёкампаніі, быў вядоўцам праграмы «Зона X». Пазней Дзмітрый працаваў пазаштатным карэспандэнтам казахстанскага тэлеканала «Хабар 24», і падставай для затрымання стаў яго апошні сюжэт на канале. Паводле версіі абвінавачання, Лукша з мэтай дыскрэдытацыі краіны вырабіў шэраг відэасюжэтаў, якія змяшчалі загадзя ілжывую інфармацыю. Дзмітрый Лукша быў асуджаны паводле арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і арт. 369–1 КК (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).

    Па адной крымінальнай справе з журналістам праходзіла і ягоная жонка Паліна Палавінка. Яе асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі.

    Да 3 гадоў пазбаўлення волі  ва ўмовах агульнага рэжыму быў асуджаны  Дзмітрый Семчанка — журналіст і тэлевядоўца тэлеканала АНТ, які раней неафіцыйна ўзначальваў «прэзідэнцкі пул». У жніўні 2020 года на знак пратэсту супраць жорсткіх разгонаў мірных акцый Семчанка звольніўся з дзяржТБ.

    15 верасня 2022 года Дзмітрыя Семчанку затрымалі разам жонкай і прысудзілі яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Пасля заканчэння гэтага тэрміну Дзмiтрый быў асуджаны яшчэ на 13 сутак арышту па артыкуле 19.11 КаАП за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у сацыяльных сетках. Пазней  стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу па ч. 1 арт. 130 КК (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці).

    Да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму была асуджаная Інна Можчанка, якая працавала ў дзяржаўным інфармагенцтве БелТА. Яе прызналі вінаватай паводле арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 130 КК (Распальванне варожасці ці варажнечы) за каментары адносна забойства супрацоўніка КДБ Федасюка і IT-спецыяліста Андрэя Зельцара. 

    Новы дзень — новыя затрыманні

    17 ліпеня  затрымалі на 10 сутак журналіста-фрылансера Ігара Карнея. Пасля пертрусу ў ягонай кватэры, адтуль забралі аргтэхніку, Карнея адвезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. Аднак па сканчэнні гэтага тэрміна на волю Ігар Карней не выйшаў. Імаверна, што супраць журналіста распачалі крымінальную справу.

    Беларуская праваабарончая супольнасць пакуль не прызнала яго палітычным зняволеным — гэта здараецца не адразу. Але практычна ўсе журналісты недзяржаўных медыяў, якія сёння знаходзяцца за кратамі, ужо маюць гэты статус.

    Былы палітвязень, журналіст Алег Груздзіловіч, які правёў за кратамі 9 месяцаў, напісаў кнігу «Мае турэмныя муры» пра сваё зняволенне. Паводле аўтара, стаўленне да журналістаў з боку адміністрацый пенітэнцыярных ўстаноў асаблівае. Яны заўсёды пад звышпільнай увагай, бо маюць уплыў на іншых, застаюцца пры сваіх перакананнях нават у зняволенні, дзе іх спрабуюць зламаць і прымусіць адрачыся ад сваёй місіі — несці людзям праўду.

    Чытайце яшчэ:

    Не/забытое горе: как долго мы помним своих героев и зачем должны рассказывать о них миру? Мнение Анны Мирочник

    Ігар Карней — у СІЗА, імаверна, супраць яго распачалі крымінальную справу

    Журналістка Вольга Класкоўская: «Я заўсёды верыла, што мяне чакаюць. І таму не маю праваламацца»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Акцэнты

    «Нават збеглую, нават іх прыхільніцу». Прапаганда пераконвае беларусаў, што трэба вяртацца дадому, выкарыстоўваючы гісторыю згвалтавання ў Варшаве

    06.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці