• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэальны тэрмін за журналісцкую працу: як судзілі Івана Мураўёва і што канкрэтна яму інкрымінавалі

    26 снежня ў Мінскім гарадскім судзе быў агучаны вердыкт у дычыненні прадпрымальніка, відэааператара-фрылансера Івана Мураўёва. Суддзя Алена Шылько прыгаварыла яго да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Роўна столькі, колькі перад гэтым і запатрабавала прадстаўніца пракуратуры.

    Сярод іншага суд пастанавіў пасведчанне сябра БАЖ Івана Мураўёва вярнуць у арганізацыю “Беларуская асацыяцыя журналістаў” (тэхнічны механізм “вяртання” пры гэтым застаўся адкрытым). Наогул не выключана, што “членства” проста пераблыталі з праўладным Беларускім саюзам журналістаў.

    Працэс над Іванам Мураўёвым пачаўся 22 снежня. Пасяджэнне адразу ж  зрабілі закрытым — прадстаўніца абвінавачання аргументавала гэта тым, што будуць разглядацца “экстрэмісцкія матэрыялы”, любы распаўсюд якіх супярэчыць абноўленаму заканадаўству.

    Такім чынам, з перапынкам на абед суддзя Алена Шылько паспела не толькі цалкам вывучыць акалічнасці справы, а і правесці спрэчкі бакоў. Фактычна хапіла аднаго працоўнага дня, каб “разабрацца” ва ўсёй сітуацыі, засталося толькі прызначаць дату прысуду.

    Агучванне канчатковага выраку 26 снежня заняло некалькі хвілін. Наогул працаздольнасці суддзяў Мінскага гарсуда, у актыве якіх  ужо цэлая калекцыя палітычных працэсаў, застаецца толькі пазайздросціць – тут гэта ўжо пастаўлена на канвеер. Літаральна перад гэтым іншая суддзя Алена Ананіч паспела пакараць 11 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму экс-следчага Яўгена Юшкевіча — усё за той жа “экстрэмізм”. Апальны сілавік аб’ектыўна “зацьміў” справу калегі-”экстрэміста”, бо на рэзанансны прысуд сабраліся практычна ўсе топавыя прапагандысты.

    Як удакладнілі службе маніторынгу БАЖ знаёмыя Івана Мураўёва, насамрэч хуткацечнасць працэсу ў пэўным сэнсе лагічная: справа фігуранта заняла ўсяго два тамы з адным “злачынным” эпізодам. Маюцца на ўвазе яго відэаздымкі для расследавання журналіста Стася Івашкевіча, якое выйшла на тэлеканале “Белсат”. Сюжэт пад назвай “Сяброўка Ліліі Лукашэнка і алігархі сталі бенефіцыярамі справы артапедаў” з’явілася сёлета ў ліпені.

    А ўжо 29 жніўня ў “Кальянную №1” па Івана Мураўёва прыйшлі сілавікі з ордэрамі на ператрус — “па месцах працы і пражывання”. Гэта значыць, да “спецаперацыі” рыхтаваліся загадзя, аж да вонкавага сачэння. Прынамсі першапачаткова высунуты артыкул застаўся да самога прысуда — ч. 3 арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса (“уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фармавання ў мэтах учынення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (удзел у экстрэмісцкім фармаванні)”.      

    Паводле назіральнікаў, справа Івана Мураўёва ідэнтычная той, якую не так даўно разглядаў Мінскі гарадскі суд у дачыненні да іншага відэаператара Алеся Любенчука. На момант затрымання ён ужо не займаўся журналістыкай, але да таго ў якасці фрылансера супрацоўнічаў з “Белсатам”. Толькі ў яго фігуравалі два эпізоды, таму і атрымаў пакаранне на паўгода большае — 3 гады зняволення. Зрэшты, сумна жартуюць родныя асуджаных, ва ўмовах прававога “люфту” яшчэ адносна “мяккі” прысуд, бо максімальная санкцыя мае на ўвазе да 6 гадоў турмы. 

    Праваабарончая супольнасць прызнала Івана Мураўёва палітычным вязнем.

    Сам Іван Мураўёў раней прызнаваўся, што напісаннем тэкстаў, а таксама фота- і відэаздымкамі займаўся выключна для душы. “Кальянная №1”, якой ён валодае, — культавае месца ў асяродку мінчукоў, таму медыйная сфера ў якасці заробку не разглядалася апрыёры. Аднак для “ўнутранага драйву” патрабавалася выйсце лішку энэргіі, якім стала менавіта журналісцкая праца.

    Чытайце яшчэ:

    Журналісты рэгіянальных медыя: «Для многіх нашых чытачоў важна хаця б ведаць, што незалежныя СМІ яшчэ існуюць»

    Как определить, кто оплачивает связанную с дезинформацией онлайн-рекламу

    За няпоўны 2022 год год сілавікі завялі 5000 спраў за “экстрэмізм” і “кіпучая дзейнасць” не спыняецца

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці