• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Судовы працэс Судаленкі супраць Дашкевіча: Стрыжак расказаў пра доступ да «фінансавых плыняў»

    Пытанне да Марка Цукерберга — рэдактар сайта «Рогачев-Online» Дзяніс Дашкевіч западозрыў у распаўсюдзе звестак пра праваабаронцу заснавальніка Facebook.

    У судзе Рагачоўскага раёна 9 кастрычніка разглядаўся пазоў праваабаронцы, сябра БАЖ Леаніда Судаленкі да рэдактара і адміністратара сайта «Рогачев-Online» Дзяніса Дашкевіча. Апошні перадрукаваў у жніўні з іншага рэсурса абразлівы для пазоўцы матэрыял пад назвай «Новы скандал у апазіцыі: не могуць падзяліць грошы”. Да таго ж Дашкевіч зрабіў рэпосты публікацыі з гіперактыўнымі спасылкамі ў Face­book, на сваіх старонках у «Одноклассниках” і «ВКонтакте».

    Пазоўца ўказаў у заяве, што яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю прыніжаюць пяць не адпавядаючых рэчаіснасці сцвярджэнняў:

    «Інцыдэнт з крадзяжом сяброўскіх складак прававым інспектарам РЭП Леанідам Судаленкам выліўся ў зацяжны канфлікт інтарэсаў у «Палескай крэпасці» і нават выйшаў на рэспубліканскі ўзровень», «…гомельскі аматар судзіцца, пакрыўдзіўшыся на параўнанне з французскім кантрацэптывам, разгарнуў падпольную дзейнасць для пазбаўлення Віктара Казлова пасады абласнога кіраўніка прафсаюза», «пераемнікам на гэтай пасадзе Леанід у катэгарычнай форме бачыць толькі свайго супольніка (у арыгінале па-рускуподельника) у праваабарончай дзейнасці Эндру Стрыжака», «працягнуў на пасаду абласнога лідара ПЦ «Вясна»… Стрыжака, выправіўшы на «пенсіён» Анатоля Паплаўнага», «настойліва-ультыматыўна дабівае Фядыніча».

    Згаданыя пасажы Судаленка патрабуе абвергнуць прыкладна такім жа чынам, якім яны распаўсюджаныя, а яшчэ абавязаць адказчыка Дашкевіча кампенсаваць судовыя выдаткі — 76,5 рублёў за сплачаную дзяржаўную пошліну.

    Матэрыял да суда не спраўджваў

    Дзяніс Дашкевіч прэтэнзіі не прызнаў. На папярэднім слуханні ён паведаміў суду, што скапіяваў публікацыю, паколькі яна спадабалася. Матэрыял да суда не спраўджваў.

    «На рэдакцыйную пошту «Рогачев-Online» ад Судаленкі не паступала ніякіх прэтэнзій, адпаведна дадзены матэрыял 20 жніўня яго не абразіў. Ён не звязаўся з намі і праз тэлефон, каб дадзены матэрыял быў выдалены. Ён сам сказаў, што мы ў сябрах у Face­book, тым не менш, не звязаўся са мной у Face­book і не запатрабаваў у мяне выдаліць гэты матэрыял», — апраўдваўся ў судзе Дашкевіч.

    Далей — болей. Маўляў, матэрыял быў перапошчаны на рэсурсе, дзе мэтавая аўдыторыя — жыхары Рагачова. Яны не ведаюць, хто такі Судаленка, «нягледзячы на тое, што ён сцвярджае, што ён публічная асоба. Яны не ведаюць, што гэта за прафсаюз».

    «У Рагачове пана ніхто не ведае. Магчыма, у Бруселі, у Страсбургу»

    Суддзя Ірына Малашкевіч: Давайце бліжэй да сутнасці.

    Дашкевіч: Мой рэпост не мог нанесці шкоду яго рэпутацыі, так як у Рагачове гэтага пана ніхто не ведае. Ён, магчыма, вядомы ў нейкіх вузкіх колах у Гомелі, магчыма, у Бруселі, у Страсбургу, але не ў Рагачове. Дадзены прафсаюз у Рагачове не працуе, а калі і працуе, то ў ім ўдзельнічае літаральна некалькі чалавек, пра якіх мне невядома.

    Суддзя: А вы распаўсюдзілі артыкул у «Одноклассниках», «ВКонтакте», у Face­book толькі ў Рагачове?

    Дашкевіч: Так, толькі ў Рагачове.

    «Інцыдэнт з крадзяжом»… Чым  будзеце даказваць?»

    Суддзя: Давайце па парадку — «інцыдэнт з крадзяжом» сяброўскіх складак прававым інспектарам Леанідам Судаленкам.

    Дашкевіч: Я быў сведкам, як у 2012 годзе сяброўскія складкі прафсаюза РЭП нямэтава выкарыстоўваліся, у тым ліку на заахвочванне актывістаў арганізацый, якія курыраваў сябра Судаленкі Уладзімір Кацора, без запаўнення ведамасці.

    Суддзя: Ці былі факты крадзяжу сяброўскіх складак? Чым вы гэта пацвердзіце?

    Дашкевіч: Я сам атрымліваў заахвочванне за мантаж бюлетэня «Рагачоўскія ведамасці».

    Суддзя: Адна справа заахвочванне за выкананую працу, а іншая — «інцыдэнт з крадзяжом». Калі ласка, даказвайце! Чым вы будзеце даказваць?

    Дашкевіч: Калі сродкі ідуць на іншую дзейнасць — гэта ёсць крадзеж сяброўскіх складак.

    Суддзя: Якія доказы? Прывядзіце! Чым вы будзе даказваць «інцыдэнт з крадзяжом»? Крадзеж у чым выявіўся? Калі, якая сума, дзе?

    Дашкевіч: З студзеня 2012 года выходзіў інфармацыйны бюлетэнь «Рагачоўскія ведамасці». Бюлетэнь выходзіў накладам тысяча штук адзін раз на месяц. Гэтым займаўся Кацора, сябра пазоўцы (смех)… Што смешнага? Фінансаванне бюлетэня ажыццяўлялася з сяброўскіх складак прафсаюза РЭП.

    «Вы так здалёку і шмат гаворыце — да сутнасці не дабрацца»

    Праўдападобна, адказчык не чакаў, што яму давядзецца даваць канкрэтныя адказы на заяўленыя прэтэнзіі. Гаварыў пра трэціх-чацвёртых асобаў, пра падзеі, якія не маюць дачынення да сутнасці пазову. Суддзя нават звяртала ўвагу адказчыка: «Вы так здалёку і шмат гаворыце, што да сутнасці не дабрацца».

    Хвілін праз колькі ўжо Судаленка наўпрост запытаўся: якія пацверджанні маюцца таму, што ён «як прававы інспектар скраў прафсаюзныя складкі»? Дашкевіч ізноў стаў казаць пра фінансаванне выдання бюлетэня «Рагачоўскія ведамасці», называючы сумы ў доларах.

    Суддзя: Якое дачыненне гэта мае да Судаленкі? Толькі што ён сябра Кацоры?

    Дашкевіч: Яны працуюць у адным офісе, у іх сумесныя праекты.

    Працягванне, дабіванне, сведкі і пераносны сэнс

    Суддзя: У чым выявілася сцвярджэнне: «Працягнуў на пасаду абласнога лідара ПЦ «Вясна» Стрыжака, выправіўшы на «пенсіён» Анатоля Паплаўнага. Што мелася на ўвазе?

    Дашкевіч: Мы (хто яшчэ — не ўдакладніў) мелі на ўвазе тое, што Судаленка лабіраваў інтарэсы Стрыжака, каб той атрымаў доступ да фінансавых рэсурсаў, якія атрымлівае гомельская арганізацыя «Вясна». Пад словам «працягнуў» мы мелі на ўвазе «лабіраваў інтарэсы». Мы мелі на ўвазе тое, што Паплаўнага адправілі на заслужаную пенсію. А супольнік — гэта сінонім партнёра.

    Суддзя: А доказы таго, што гэта зрабіў Судаленка? У чым яны?

    Дашкевіч: Каб былі доказы, тут патрэбен Бяляцкі. Я заяўляў. А дзе ён?

    Суддзя: Я не ведаю, мы выклікалі. Чалавек можа прыйсці, а можа і не. Гэта яго права.

    «Тут шкода наносіцца дзелавой рэпутацыі незалежнага прафсаюза, усёй беларускай апазіцыі»

    Дашкевіч: Напэўна, ёсць што хаваць. Справа ў тым, што тут шкода наносіцца дзелавой рэпутацыі незалежнага прафсаюза, усёй беларускай апазіцыі.

    Суддзя: Дык што зрабіў Судаленка?

    Дашкевіч: Ён дамовіўся з Бяляцкім, пра што мне казаў Фядыніч. Абодва ў суд не з’явіліся.

    Суддзя: Фядыніч з’явіцца. Ён адсутнічае з паважнай прычыны. Ён тэлефанаваў, паведаміў, што сёння не можа. Мы зможам яго дапытаць. Ён прыедзе і дасць тлумачэнні, альбо праз відэаканферэнцыю… І апошняя прэтэнзія ў пазове «настойліва-ультыматыўна дабівае Фядыніча. Патрабуе сабе ў кіраўнікі Стрыжака».

    Дашкевіч: У Фядыніча цяпер праблемы са здароўем. Плюс да таго, ён адбывае крымінальнае пакаранне за карупцыю. Па зразумелых прычынах такі чалавек не можа займаць пасаду ў незалежным прафсаюзе. І Судаленка імкнецца максімальна паскорыць працэс змены кіраўніка прафсаюза і паставіць свайго чалавека Андрэя Стрыжака.

    Спрабаваў і пазоўца Судаленка выпытаць, у чым выявілася «дабіванне» Фядыніча, кіраўніка прафсаюза РЭП. Аказваецца, адказчык меў на ўвазе пераносны сэнс, хоць слова ў двукоссе не ўзята ў публікацыі. Нешта грубае ў дачыненні Судаленкі Дзяніс Дашкевіч нібыта чуў у офісе: што пазоўца разгарнуў падпольную дзейнасць у ПЦ «Вясна».

    Суддзя: Дык усе пытанні ў прафсаюзе вырашае Судаленка? Я так чытаю ў артыкуле. У прафсаюзе толькі яго слухаюць? Больш нікога няма ў гэтым незалежным прафсаюзе?

    Дашкевіч: Не, не ўсе вырашае. Для таго, каб ён вырашаў усе пытанні, яму трэба паставіць сваю марыянетку. У дадзеным выпадку гэтай марыянеткай будзе Стрыжак.

    Суддзя: Чаму вы лічаце, што ўсе пытанні ў прафсаюзе вырашае Судаленка?

    Дашкевіч: Таму што тут у судзе мы разглядаем пазоў Судаленкі.

    За распаўсюд адкажа Марк Цукерберг

    Адказчык, не даючы канкрэтнага адказу нават на пытанні суддзі, не раз жаліўся: сведкі не з’явіліся — яны б патлумачылі. На чарговую такую рэмарку суддзя заўважыла: «Дык хто ж вінаваты, што вашы сведкі не з’яўляюцца?!»

    Судаленка, у сваю чаргу, пытаўся ў адказчыка: «Вы распаўсюдзілі звесткі, што я, як прававы інспектар, украў сяброўскія складкі, і што гэты інцыдэнт выйшаў на рэспубліканскі ўзровень. Чым гэта дакажаце?»

    Дашкевіч: Тое, што тут прысутнічае столькі журналістаў, гэта ўжо гаворыць, што канфлікт на рэспубліканскі ўзровень выйшаў.

    Судаленка: Гаворка пра сітуацыю на дзень распаўсюду інфармацыі, а не пра тое, што адбываецца на дадзеным працэсе.

    Дашкевіч: Дык вы ж самі сказалі, што пабачылі матэрыял у Face­book, а гэта ўжо міжнародны ўзровень. Гэта ж міжнародная сацыяльная сетка.

    Тут ужо запыталася суддзя, маючы на ўвазе ранейшае сцвярджэнне Дашкевіча: «Вы ж казалі, што распаўсюджвалі публікацыю толькі для Рагачова? Цяпер кажаце пра міжнародны ўзровень? Як жа так, вы распаўсюдзілі для Рагачова?»

    Дашкевіч: Я распаўсюдзіў для Рагачова, а публікацыя выйшла на міжнародны ўзровень, нават ужо не на рэспубліканскі. Але гэта ўжо пытанне да Марка Цукерберга (заснавальнік Face­book). Але я не думаю, што ён з’явіцца ў якасці сведкі.

    Пра анлайн у судзе і грошы ў гаманцы

    Заснавальніка Face­book адказчык, нягледзячы на анансаваны на сайце «Рогачев-Online»  »нюрнбергскі працэс» над «вершалінай» беларускай апазіцыі», загадзя выклікаць у суд не здагадаўся. Не пачулі і абяцаных Дашкевічам «сенсацыйных заяваў», як ён сам называе, у «скандальным працэсе».

    Спецыяліст прафсаюза РЭП Андрэй Стрыжак прыехаў на суд прыватным чынам, а высветлілася, што заяўлены адказчыкам у якасці сведкі. Суддзя яшчэ на пачатку пасяджэння распарадзілася, каб Стрыжак чакаў выкліку ў калідоры.

    За некалькі хвілін да выкліку Стрыжака ў судовую залу, здарыўся інцыдэнт. Суддзя заўважыла, што прысутны грамадзянін Андрэй Толчын здымае пасяджэнне на смартфон.

    Суддзя: Вы не маеце права здымаць. Можна толькі акрэдытаваным. Вы не заяўлялі сябе як СМІ.

    У зале здымалі на фота- і відэакамеры супрацоўнікі «Народнай волі», Гомельскай тэлерадыёкампаніі, інтэрнэт-рэсурса «Сильные новости», «Гомельскай праўды», раённай газеты «Свабоднае слова», бо тое было дазволена судом па згодзе бакоў.

    Судаленка: Чаму такая няроўнасць? А чыя вось гэта мінікамера асобна стаіць на трынозе?

    Дашкевіч: Гэта камера «Свабоднага слова».

    І тут выклікаюць сведку Андрэя Стрыжака: Высокі суд, перш чым я пачну адказваць на пытанні, хачу прасіць забяспечыць роўнасць у судзе. Справа ў тым, што, седзячы ў калідоры, я чуў усё праз анлайн-трансляцыю. Вось гэты апарат (мінікамера) на штатыве належыць адказчыку. Лічу гэта парушэннем працэсуальнага права.

    Суддзя: Мне сказалі, што гэта — «Свабоднага слова».

    Стрыжак: Не. Гэты апарат вядзе наўпростую трансляцыю ў сацыяльную сетку «ВКонтакте”. Глядзелі і ахова суда, і я, будучы сведкам, і яшчэ 2 тысячы 700 чалавек глядзяць усё, што адбываецца ў гэтым зале ў анлайн-трансляцыі.

    Суддзя: Так нельга. Можа я чагосьці не разумею. Анлайн… Мы  маем права дазволіць фота- і кіназдымкі.

    Абвясцілі перапынак. І пасля яго суд не забараняў наўпроставую трансляцыю судовага пасяджэння, патлумачыўшы, што гэта не забаронена законам. Андрэй Стрыжак таксама запусціў з гаджэта анлайн-трансляцыю, каб быць у роўных умовах, і стаў за судовую кафедру.

    Суддзя: Дашкевіч, вы заяўлялі сведку, калі ласка, задавайце пытанні.

    Дашкевіч: Вы пратэндуеце на месца Фядыніча?

    Суддзя Дашкевічу: Што вы маеце на ўвазе?

    Дашкевіч: Гэта я хацеў патлумачыць да пункта прэтэнзій Судаленкі, што ён працягвае Стрыжака на месца Фядыніча.

    Стрыжак: Ці працягваюць мяне на месца Фядыніча, я магу адказаць адмоўна.  Падкрэсліваю, фармулёўка была прыведзеная ў публікацыі, і яна не адпавядае рэчаіснасці.

    Дашкевіч: Вы маеце доступ да фінансавых плыняў?

    Стрыжак: Удакладніце якіх? Я маю доступ да фінансавых плыняў у сваіх кішэні і гаманцы.

    Дашкевіч: Да фінансавых плыняў прафсаюзнай арганізацыі РЭП.

    Стажак: У нас няма фінансавых плыняў. Удакладніце, што азначае «плыняў»?

    Дашкевіч: Да прафсаюзных складак.

    Стрыжак: Я маю дачыненне да збору прафсаюзных складак.

    «Вясна» з прафсаюзам РЭП

    Суддзя: ПЦ «Вясна» — вы маеце дачыненне да гэтай арганізацы?

    Стрыжак: Праваабарончы цэнтр «Вясна» з’яўляецца незарэгістраванай арганізацыяй у Рэспубліцы Беларусь. Я знаёмы з яе кіраўнікамі. Ведаю людзей, якія супрацоўнічаюць з ёй. І сам таксама супрацоўнічаю, маю дачыненне да яе дзейнасці.

    Дашкевіч: Незарэгістраваная арганізацыя «Вясна» з’яўляецца партнёрам незалежнага прафсаюза РЭП?

    Стрыжак: Я не разумею пытання, якім партнёрам?

    Дашкевіч: Ці падтрымліваюць яны партнёрскія стасункі?

    Стрыжак: Удакладніце сутнасць пытання. Што вы маеце на ўвазе пад партнёрскімі стасункамі?

    Дашкевіч: Ну ў плане праваабарончай арганізацыі, ці супрацоўнічаюць яны?

    Стрыжак: Думаю, што інфармацыя пра гэта ёсць у адкрытых крыніцах.

    Суддзя: Што за інфармацыя? Я не чытаю ў адкрытых крыніцах. Патлумачце суду.

    Стрыжак: Абедзьве названыя арганізацыі ажыццяўляюць сваю дзейнасць адкрыта, у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Інфармацыю пра іх дзейнасць можна знайсці на сайтах praca-by.info і spring96.org — на іх адлюстраваныя ўсе супольныя праекты, партнёрскія стасункі.

    Суддзя: Вы, пэўна, чыталі артыкул, пра які вядзецца гаворка, бо сказалі, што ў курсе сутнасці пазову. І ў дзейнасці праваабарончай арганізацыі ўдзельнічаеце. У артыкуле ўказваецца, што Судаленка працягнуў вас на гэтую пасаду.

    Стрыжак: Слова «працягнуў» некарэктнае, не адпавядае рэчаіснасці, з’яўляецца ілжывым і, напрыклад, для мяне абразлівым.

    «Змешчаная ў публікацыі Дашкевіча інфармацыя — паклёпніцкая»

    Суддзя: Вы сказалі, што маеце дачыненне да збору прафсаюзных сяброўскіх складак. Скажыце, як даўно працуеце ў гэтай арганізацыі і ці меў месца ў перыяд вашай працы ў арганізацыі крадзеж складак?

    Стрыжак: Я сябра арганізацыі прафсаюза РЭП з 2007 года, намеснік старшыні Гомельскай гарадской пярвічнай арганізацыі з 2018 года. Змешчаная ў публікацыі Дашкевіча інфармацыя — паклёпніцкая, не мае пад сабой падставы. Больш таго, як сябра рэгіянальнага кіруючага органа прафсаюза РЭП хачу падкрэсліць: ад нашай арганізацыі не накіроўвалася заява ў следства ці міліцыю з мэтай пошуку якіх-небудзь зніклых грошай. Складкі прафсаюзныя прымаюцца па ведамасці і здаюцца бухгалтару арганізацыі. Ні крадзяжоў, ні нейкіх няўлічаных грашовых сродкаў, ні прапажы не было ў нашай арганізацыі за перыяд, пра які вы пытаеце. Мне вядома, што не было такога і раней.

    Суд вырашыў паўторна выклікаць заяўленых адказчыкам сведкаў, якія не прыехалі на слуханне, і працягнуць судовае пасяджэнне па справе абароны гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі Леаніда Судаленкі 18 кастрычніка.

    Чытайце яшчэ:

    Что такое туркменизация журналистики? Это возможное завтра для белорусских медиа

    «Самы пачварны дзень у маім жыцці». Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч распавёў пра свой арышт

    Аўтар прапагандысцкай «Мінскай праўды» падчас паездак у Вільню і Варшаву спрабуе прасачыцца ў дэмакратычныя колы

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці