768

Свярдлоў пра праект з Маланкай: «Мы самі яшчэ не абвяшчалі публічна ні пра стварэнне кансорцыума, ні пра канкрэтныя праекты»

25.09.2023 Крыніца: Аўтар для сайта БАЖ

Некалькі дзён таму ў беларускай інфапрасторы выбухнула навіна: новы незалежны тэлеканал будзе створаны пры ўдзельніцтве Malanka Media і «Еўрарадыё». Аднак галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Павел Свярдлоў у каментары для БАЖ папрасіў не спяшацца з гучнымі заявамі.

— «Еўрарадыё» і Malanka Media ўтвараюць кансорцыум і ўжо цяпер распрацоўваюць супольныя праекты, — паведаміў ён. — Наколькі мне вядома, гэта ўвогуле першы выпадак, каб дзве беларускія і прабеларускія медыі з розных краінаў аб'ядналіся і пачалі працаваць разам. 

Медыйшчык таксама адзначыў, што абедзве рэдакцыі маюць сур'ёзныя кампетэнцыі і досвед у стварэнні відэакантэнту. Таму значная частка супрацы будзе менавіта пра відэа. 

— Але мы самі яшчэ не абвяшчалі публічна ні пра стварэнне кансорцыума, ні пра канкрэтныя праекты, — падкрэсліў Павел Свярдлоў. — Гэта зрабілі нашы калегі, дзякуй ім вялікі.

Паводле яго, калі «Еўрарадыё» будзе гатова прэзентаваць гледачам вынік супрацы, пра гэта паведамяць асобна.

Нагадаем, пра стварэнне тэлеканала з працоўнай назвай Belarus today паведаміў «Белсат», які спасылаўся на ўласныя крыніцы. Журналісты ўзялі каментар у заснавальніка Malanka Media Паўла Марыніча. Той распавёў пра планы па стварэнні новага незалежнага тэлеканала і пра мару аб з'яўленні грамадскага тэлебачання ў Беларусі. Аднак дэталі пра супрацоўніцтва з «Еўрарадыё» раскрываць не стаў.

Чытайце яшчэ:

«Жыццё — падарожжа, а мы ўвесь час кудысьці крочым». Беларускі журналіст з’ехаў у ЗША і вядзе YouTube-канал пра дыяспару

Ідзе лiк на дні да скону выдання «Прэсбол». Ужо на гэтым тыдні можа выйсці яго апошні нумар

Навуковы часопіс «Беларусь і свет» упершыню выдадзены ў папяровым фармаце

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!