Беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Імя чарговага ўладальніка прэстыжнай узнагароды абвясціла 8 кастрычніка ў Стакгольме сакратар Нобелеўскага камітэта па літаратуры Шведскай акадэміі Сара Даніус.
Прэмія ўручана Святлане Алексіевіч за "шматгалосае гучанне яе прозы і ўвекавечванне пакутаў і мужнасці", адзначыла Даніус.
Святлана Алексіевіч ужо некалькі гадоў запар узначальвала рэйтынгі найбуйнейшых букмекерскіх кантор Еўропы як найбольш верагодная ўладальніца прэміі. Паводле рэкамендацыі Шведскага ПЕН-цэнтра яна намінавалася на Нобелеўскую прэмію па літаратуры з 2002 года за цыкл твораў "Галасы Утопіі" (цыкл завяршыўся ў 2013 годзе кнігай "Час сэканд-хэнд", усяго ў яго ўвайшло шэсць кніг, сярод якіх "У вайны не жаночы твар", "Цынкавыя хлопчыкі", "Зачараваныя смерцю", "Апошнія сведкі" і "Чарнобыльская малітва").
За свае літаратурныя работы Алексіевіч шмат разоў была ўдастоена розных узнагарод. Толькі за апошнія пяць гадоў ёй прысуджалі Літаратурную прэмію Цэнтральнай і Усходняй Еўропы "Ангелус" (Польшча, 2011), Прэмію міру саюза нямецкага кнігагандлю (Германія, 2013), Прэмію Медычы (Францыя, 2013), прэмію "Пяро Свабоды" (Польшча, 2013), прыз чытацкіх сімпатый літпрэміі "Вялікая кніга" (Расія, 2014), двойчы — прэмію Рышарда Капусцінскага (Польшча, 2011 і 2014 гады). Алексіевіч носіць званне афіцэра ганаровага ордэна мастацтваў і літаратуры Французскай Рэспублікі.
Варта адзначыць, што ў сярэдзіне сакавіка 2015 года Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНІМ) у ЗША сумесна з нью-ёркскім выдавецтвам Juliette намінаваў на суісканне Нобелеўскай прэміі па літаратуры паэта Уладзіміра Някляева — "за адданае служэнне свайму народу ў імя свабоды".
Шведская акадэмія, якой даверана вызначаць пераможца Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры, сёлета атрымала 259 прапаноў з імёнамі 198 намінантаў. Сярод іх 36 чалавек намінаваліся ўпершыню.