Лупачу і Аршынскаму — па 10 сутак арышту. У Магілёве і Глыбокім асудзілі журналістаў
У Магілёве і Глыбокім сёння прайшлі суды над журналістамі, затрыманымі міліцыяй 7 і 8 мая. Карэспандэнтаў вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях у падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага, якія яны асвятлялі.
11:00, Глыбокае
Пачаўся суд над журналістам-фрылансерам Змітром Лупачам. Суддзя Дзмітрый Тарасевіч агучыў, што Змітра судзяць паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП — за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Але Зміцер Лупач заявіў хадайніцтва, каб яго судзілі адразу па двух артыкулах: таксама і паводле артыкула 23.34 КаАП — па абвінавачанні за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
8 траўня супрацоўнікі Глыбоцкага райаддзела міліцыі забралі Змітра Лупача ў пастарунак і склалі на яго адміністрацыйны пратакол за сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Там ён выказваў сваё меркаванне пра жыццё ў краіне, а менавіта ў Глыбокім на камеру блогера.
Потым журналіст заявіў яшчэ адно хадайніцтва, ён хацеў азнаёміцца са справай і папрасіў на гэта сем хвілін. Суддзя прызначыў перапынак на дзесяць хвілін.
Пасля перапынку Зміцер Лупач агучыў новае хадайніцтва пра заключэнне дамовы з адвакатам з Віцебска альбо Мінска. На што суддзя Дзмітрый Тарасевіч спачатку сказаў, што ў такім выпадку суд перанясецца на сераду. Але потым аб’явіў перапынак: паведаміў, што на гэта ён журналісту дае некалькі гадзін і суд працягнецца сёння а 16.00.
17.35 Глыбокае
Зміцер Лупач асуджаны да 10 сутак арышту за нібыта ўдзел у масавай акцыі.
Таксама паводле арт. 22.9 (адсутнасць акрэдытацыі) Зміцер атрымаў штраф у 45 базавых велічыняў (1 215 рублёў).
Падчас судовага слухання Зміцер Лупач адчуў сябе дрэнна, у яго падвысіўся ціск. Жонка журналіста выклікала хуткую дапамогу, яго адвезлі ў лякарню.
12:30, Магілёў
Затрыманых журналістаў прывезлі ў суды. Калі пачнуцца працэсы, пакуль невядома.
15:50, Магілёў
Міхаіл Аршынскі папрасіў адкласці працэс, каб яго адвакат мог прыехаць з Мінску. Хадайніцтва журналіста задаволілі, але далі на пошук адваката 30 хвілін. Такая ж гісторыя адбылася і ў працэсе над Аляксандрам Бураковым, на пошук адваката яму далі 40 хвілін.
З’явілася інфармацыя, што журналіста Алеся Асіпцова будуць судзіць у аўторак. Праваабаронца Валадар Цурпанаў паведаміў з суда: з‑за таго, што сёння суды перагружаныя адміністрацыйнымі працэсамі над іншымі затрыманымі, журналіста Алеся Асіпцова будуць судзіць 12 мая.
17:10, Магілёў
Міхаілу Аршынскаму далі 10 сутак арышту. Гэта яшчэ не ўсё, бо заўтра журналіста чакае суд яшчэ па адной справе.
17:35, Магілёў
Рашэнне суда па Аляксандру Буракову агучаць у аўторак а 10:00. Да гэтага часу журналіста вызвалілі з‑пад варты.
17:35, Глыбокае
10 сутак арышту і 45 велічыняў штрафу прысудзіў суддзя Глыбоцкага раённага суда Дзмітрый Тарасевіч журналісту з Глыбокага Змітру Лупачу. Яго судзілі 11 траўня паводле двух артыкулаў Адміністратыўнага кодэкса — ч. 2 арт. 22.9 (“Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”) і ч. 1 арт. 23.34 (“Парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў”).
Пасля перапынку ў судзе да Змітра прыехаў адвакат. Ён знайшоў шмат хібаў у справах і папрасіў суддзю адправіць іх на дапрацоўку, але суддзя быў непахісны і агучыў свой вердыкт.
Пасля сканчэння судовага слухання Змітра Лупача каля будынка суда чакалі міліцыянты на машыне. У іх на руках ужо была завераная пастанова суда, хоць сам Зміцер яе пакуль так і не атрымаў.
Журналісту стала дрэнна ў будынку суда, жонка памерала яму ціск — ён быў высокі, тады яна выклікала хуткую. Фельчар хуткай дапамогі пацвердзіла, што ў Змітра гіпертанічны крыз. Журналіста адвезлі ў Глыбоцкую раённую бальніцу. Карэту хуткай дапамогі суправаджаў міліцэйскі аўтамабіль.
Паводле слоў жонкі Змітра Лупача, пасля прыбыцця ў лякарню яго паклалі ў рэанімацыю.
Журналіст Алесь Асіпцоў — у магілёўскім ізалятары. Заўтра суд
Затрыманы да суда журналіст з Магілёва Аляксандр Буракоў ВІДЭА
Журналіста-фрылансера Змітра Лупача забралі ў пастарунак да суда 11 траўня
Журналіста Міхаіла Аршынскага спачатку адпусцілі з суда, а пасля зноў затрымалі і адвезлі ў ІЧУ