• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Варшаве пачаліся здымкі поўнаметражнай карціны «8 гадоў 3 месяцы». Яна натхнёная гісторыяй кахання Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша

    «8 гадоў 3 месяцы» — такую рабочую назву мае поўнаметражная дэбютная стужка беларуска-польскай рэжысёркі Мары Тамковіч. Яе сюжэт натхнёны гісторыяй кахання Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша. «Ды ўсё ж такі гэта будзе мастацкая карціна», — адзначае аўтарка, падкрэсліваючы, што яе мэтай не было стварэнне біяграфічнага фільма.

    Падчас здымак «8 гадоў 3 месяцы». Фота: Uliana Shar­gae­va.

    Як паведаміла Мара Тамковіч карэспандэнту Reform.by, ужо зроблены здымкі сцэны, звязаныя з затрыманнем галоўнай гераіні.

    «Былі вельмі эмацыйна насычаныя і складаныя сцэны. Але мы прайшлі праз гэтыя эмоцыі, спадзяюся, з добрым эфектам. Вельмі цяжка размаўляць пра фільм, які знаходзіцца ў адкрытым працэсе стварэння. Гэта як размова над адкрытым сэрцам», — дзеліцца рэжысёрка.

    Мара Тамковіч вядомая беларускаму і польскаму гледачу сваёй апошняй працай — кароткаметражнай стужкай «У жывым эфіры» (“Na žywo / Live”), створанай па матывах гісторыі затрымання Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай падчас стрыма з Плошчы Перамен. Фільм ужо неаднаразова быў адзначаны на польскіх і міжнародных кінафестывалях, і сёння яго фестывальная гісторыя яшчэ працягваецца.

    Падчас здымак «8 гадоў 3 месяцы». Фота: Uliana Shar­gae­va.

    «Так, можна сказаць, што поўны метр, над якім мы зараз працуем, вырас з «Na žywo», — распавядае кінематаграфістка з Беларусі гісторыю нараджэння новага праекта. — Гэта фільм — наступны крок асэнсавання тэмы. Але я хачу падкрэсліць, што гэта будзе зусім іншая карціна, хоць тыя падзеі, якія паказваюцца ў «Na žywo», таксама будуць прысутнічаць у стужцы як адзін з эпізодаў».

    Як кажа Мара Тамковіч, «8 гадоў 3 месяцы» ў адрозненне ад «Na žywo» канцэнтруецца на тэме кахання. Галоўныя героі фільма — гэта журналісты Лена і Ілья. Яны праходзяць праз пратэсты і наступствы гэтых пратэстаў. І ў жудасных умовах намагаюцца захаваць сябе як пару, сям’ю.

    «Гісторыя супраціву і кахання Кацярыны Андрэевай і яе мужа Ігара Ільяша — безумоўна, гэта рэалістычныя «карані» майго фільма, — пагаджаецца рэжысёрка. — Але я хачу падкрэсліць, што тое, што мы робім — гэта ўсе ж мастацкае кіно, якое існуе па сваіх законах. То-бок з рэальнай гісторыі «вырастае» мастацкі аповед, які аддзяляецца ад рэчаіснасці. У мяне няма мэты быць біёграфам канкрэтных людзей, чалавека. Хоць, канечне, паралелі ўзнікаюць вельмі моцныя», — дадае яна.

    «8 гадоў 3 месяцы» жанрава пазначаецца як драма. Галоўную ролю ў карціне будзе выконваць Аляксандра Вайцэховіч — тая ж акторка, якая здымалася ў «Na žywo». Таксама ў стужцы будуць задзейнічаны Андрэй Новік, Паліна Чабатарова, якіх глядач бачыў у «Na žywo». Імёны іншых артыстаў пакуль не разгалошваюцца.

    «Але магу дадаць, што галоўную мужчынскую ролю ў стужцы будзе іграць рускамоўны літоўскі актор», — кажа Мара Тамковіч.

    Падчас здымак «8 гадоў 3 месяцы». Фота: Uliana Shar­gae­va.

    Новы праект беларускай рэжысёркі прафінансаваны Польскім Інстытутам кінамастацтва. Бюджэт фільма — 1 мільён злотых.

    «Бюджэт у такім памеры — гэта ўмова фінансавання ад Польскага Інстытута, — тлумачыць Мара Тамковіч, якая з’яўляецца і аўтаркай сцэнарыя карціны. — «8 гадоў 3 месяцы» прафінансаваны ў праграме хуткіх дэбютаў для маладых аўтараў — гэта адмысловыя мікрабюджэты, які не мусяць перавышаць 1 мільён злотых. І 90% ад гэтай сумы дае непасрэдна Польскі Інстытут, а 10% у праект мусіць укласці прадзюсар».

    Прадзюсарам карціны з’яўляецца кампанія Media Cor­po­ra­tion на чале з Катажынай Оцёшыньскай.

    Фільм, згодна з умовамі Польскага Інстытута кінамастацтва, будзе здымацца ў даволі кароткія тэрміны.

    «Усяго запланавана 15 здымачных дзён, — дзеліцца інфармацыяй наша візаві. — Лічы, мы зараз робім кіно ў такім стылі — гэта як катацца на ровары, які гарыць, і ты гарыш, і ўсё навокал гарыць, і ты ў пекле, — смяецца Мара. — Але тэма і матывацыя, якія ідуць далей за жаданне проста зрабіць сваё кіно, дапамагаюць справіцца з такой нагрузкай».

    На карціне працуе шмат людзей, з якімі Мара працавала на «У жывым эфіры».

    «Я працую з тым жа самым аператарам, мантажысткай, гукарэжысёркай… З намі застаўся Філіп Марчэўскі, які быў прадзюсарам «Na žywo». Ён мастацкі кіраўнік карціны. Вельмі вялікі адсотак людзей прыйшлі за мной з папярэдніх праектаў».

    Мара Тамковіч (у цэнтры) з акторскай камандай фільма. Фота: Uliana Shar­gae­va

    Як кажа кінематаграфістка, каманда фільма абмяркоўвала, ці варта брацца за праект, які мусіць быць зроблены ў жорсткія тэрміны з невялікім бюджэтам.

    «Але мы вырашылі, што гэта варта таго, — распавядае яна. —  Лепш сёння ўкласціся ў справу максімальна  — усе нашы сілы і энергію, ды мець шанц, што фільм будзе зроблены да канца года, чым змагацца за большае фінансаванне без гарантыі таго, што мы атрымаем яго ў бліжэйшы час», — падзялілася яна рашэннем здымачнай групы.

    «Калі ўсё будзе добра, і мы здымем усё так, як плануем, то ўжо налета будзем шукаць партнёраў па дыстрыбуцыі і месца для паказу, — дзеліцца планамі Мара Тамковіч. — Гэта гісторыя вартая таго, каб яе распавесці», — пераканана яна.

    Усё здымкі карціны будуць весціся ў Варшаве. У панядзелак завяршаецца першы здымачны этап. У траўні адбудзецца працяг здымачнага перыяду.

    «8 гадоў 3 месяцы» — працоўная назва фільма, аўтары не выключаюць таго, што ў фінале стужка можа атрымаць іншую назву.

    ***

    Мара Тамковіч нарадзілася ў Мінску. Потым навучалася ў Stu­dio Prób у Школе Вайды, журналістыцы ў Варшаўскім універсітэце і рэжысуры ў Варшаўскай кінашколе. Гэта ўжо шостая карціна беларуска-польскай аўтаркі, а мінскаму гледачу кінематаграфістка вядомая па яе працы «Дачка» — стужка перамагла ў Нацыянальным конкурсе на Мінскім Міжнародным кінафестывалі «Лістапад» у 2018 годзе. «Cór­ka» добра вядомая і ў Польшчы: гэта кіно — адзін з самых уганараваных кароткаметражных фільмаў у краіне за 2018 год. «У жывым эфіры», які Мара Тамковіч зрабіла на Студыі Вайды (Waj­da Stu­dio), за мінулы год узяў некалькі ўзнагарод на польскіх і міжнародных кінафестывалях.

    Чытайце яшчэ:

    Остаться в профессии. Вся помощь журналистам и медиа по одной ссылке

    Медиаэкспертка: «Если бы меня спрашивали, поступать ли сегодня на факультет журналистики — однозначно, безусловно нет»

    Браты Сяргей і Аляксандр Сацукі адзначаюць юбілей. Першы — у калоніі, другі — у эміграцыі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці