• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вярхоўны суд вызваліў Таццяну Пыцько з‑за кратаў, а відэааператару Вячаславу Лазараву зменшыў тэрмін пакарання

    Апеляцыйныя скаргі на прысуд Віцебскага абласнога суда ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Вярхоўнага суда Юрый Руткоўскі. Ён перакваліфікаваў склад злачынства, паводле якога асудзілі сужэнцаў. Новы вырак ім вынесены паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса — удзел у экстрэмісцкім фармаванні.

    Пра вынікі сённяшняга судовага разгляду службе маніторынгу БАЖ паведаміў праваабаронца Павел Левінаў.

    Паводле азначэння калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суда, Вячаслаў Лазараў мае адбыць 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Раней суд першай інстанцыі прыгаварыў яго да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы вінаватым паводле ч. 2 і ч. 1 арт. 361–4  КК — спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці.

    Таццяну Пыцько суддзя абласнога суда Яўген Буруноў раней звінаваціў паводле ч. 1 арт. 361–4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), а вынікам звароту з апеляцыйнай скаргай стала вызваленне з‑пад варты.

    Вярхоўны суд прысудзіў ёй тое самае пакаранне — тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, але з адтэрміноўкай выканання пакарання на тры гады. Таццяну Пыцько мусяць вызваліць з віцебскага СІЗА, дзе яна правяла амаль паўгода, калі адміністрацыя ўстановы атрымае адпаведныя дакументы па пошце пра сённяшняе рашэнне Вярхоўнага суда.

    Віцебскага відэааператара-фрылансера Вячаслава Лазарава і яго жонку Таццяну Пыцько асудзілі па абвінавачанні ў супрацы з тэлеканалам «Белсат», прызнаным беларускімі ўладамі экстрэмісцкім фармаваннем: Вячаслава за відэаматэрыялы, паказаныя на тэлеканале, Таццяну за тое, што дапамагала мужу падчас здымак. Працэс у абласным судзе таксама быў закрыты, таму складана меркаваць, на якіх фактах базуецца абвінавачанне. Вырак Віцебскага абласнога суда прагучаў 25 верасня гэтага года. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала сужэнцаў  палітычнымі вязнямі.

    Вячаслава Лазарава затрымалі 9 лютага 2023 года ў Віцебску пасля ператрусу па месцы рэгістрацыі. У яго забралі мабільныя тэлефоны і відэакамеру. Таксама сілавікі правялі ператрусы ў кватэры, якую здымаў Лазараў, і па месцы рэгістрацыі ягонай жонкі Таццяны Пыцько, адкуль забралі ноўтбук і два тэлефоны.

    Жонку відэааператара-фрылансера затрымалі 6 чэрвеня 2023 года — пасля чарговага ператрусу ў яе жыллі. На момант затрымання Таццяна Пыцько была ў дэкрэтным адпачынку — гадавала агульную з Вячаславам дачку, якой тады было 1 год і 1 месяц. Сацыяльная служба забрала дзяўчынку, яе спачатку змясцілі ў дзіцячую абласную лякарню, потым дзіця змаглі забраць пад апеку сваякі Таццяны. Дваіх старэйшых дзяцей Таццяны ад першага шлюбу даглядае іх родны бацька.

    Таццяну Пыцько і Вячаслава Лазарава ўтрымліваюць у віцебскім СІЗА. Ім абодвум давялося пабываць за кратамі і раней – пасля затрыманняў падчас пратэстаў у 2020‑м годзе. Таццяна была асуджана да штрафу ў межах адміністрацыйных справаў за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, Вячаслаў быў затрыманы ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня, але яго адпусцілі без складання пратакола. Увосень таго ж года ў Лазарава прывялі ператрус і затрымлівалі яшчэ тройчы, але да суду справа не даходзіла таксама.

    Да таго, у 2018–19 гадах відэааператара некалькі разоў штрафавалі за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі ў МЗС паводле арт. 22.9 КаАП.   

    Чытайце яшчэ:

    Палітзняволены Вячаслаў Лазараў сустракае за кратамі свой 47-мы дзень народзінаў

    «Маці піша ў асноўным пра тое, што чытае, і дае жыццёвыя парады», — дачка Марыны Золатавай

    Справы відэааператараў: выпадковыя супадзенні або зададзены пераслед?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці