• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Старшыня прапіў калгас, а судзяць нас!” — журналістаў аштрафавалі за “Белсат”

    За “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ штрафы атрымалі Алена Шабуня (20 базавых велічынь або 490 рублёў)  і Вячаслаў Лазараў (22 базавыя велічыні або 539 рублёў).

    Абодвух абвінавацілі паводле пратаколаў, складзеных супрацоўнікамі аддзела ўнутраных спраў Віцебскага раёна. Суддзя Віцебскага райсуда Міхаіл Зубеня пастанавіў пакараць Алену і Вячаслава за матэрыял «Калгас прапілі». Вёска ля возера, а вады няма”, паказаны на тэлеканале “Белсат”.

    На знак пратэсту супраць абвінавачання Алена Шабуня і Вячаслаў Лазараў прыйшлі на суд, апрануўшы паверх адзення майкі з надпісамі “У Беларусі ўсё шыварат навыварат”, “Старшыня прапіў калгас, а судзяць нас!”

    Падтрымаць журналістаў прыйшла жыхарка Віцебскага раёна Алена Янушкоўская, якая вылучалася кандыдаткай у мясцовыя саветы на мінулых выбарах. Менавіта з ёй падзяліліся сваёй праблемай жыхары вёскі Тапорына.

    “Падчас суда ў мяне склалася ўражанне, што ў нас вядзецца татальнае сачэнне за незалежнымі кандыдатамі. Бо ў відэа, знятым міліцэйскім аператарам, фігуруюць і Алена Шабуня, якая таксама балатавалася на мінулых выбарах, і яе калега Вячаслаў, і я, і людзі, якія з намі размаўлялі. Уражанне, нібыта кожны чалавек, які размяшчае ў інтэрнэце хоць якую праўдзівую інфармацыю, ужо патэнцыйны злачынца!”, — падзялілася сваімі думкамі спадарыня Янушкоўская.

    У мінулым месяцы паводле артыкула 22.9 КаАП за матэрыял, паказаны на тэлеканале “Белсат”, былі аштрафаваныя Віталь Скрыль і Уладзімір Лунёў.  Пасля суда над Аленай Шабуня і Вячаславам Лазаравым спадар Віталь заўважыў:

    “Калі судзілі нас, аргументы абвінавачання выглядалі непераканаўча. А ўжо ў гэтым выпадку я проста быў уражаны! Супрацоўнікі міліцыі нават не парупіліся спраўдзіць у МЗС, ці маюць Алена і Вячаслаў акрэдытацыі ў якасці супрацоўнікаў замежнага СМІ. Ніякія аператыўныя здымкі самі па сабе не могуць быць доказам вырабу ці распаўсюду прадукцыі СМІ, а мясцовыя жыхары не пацвердзілі, што давалі інтэрв’ю журналістам… Я меркаваў, што адміністрацыйныя справы трэба як мінімум адпраўляць на дапрацоўку ў райаддзел! Але суд, абвясціўшы перапынак у разглядзе на некалькі гадзінаў, бліжэй да вечара ўсё ж пастанавіў, што Алена і Вячаслаў вінаватыя…»

    Паводле судовай пастановы, Вячаслаў Лазараў аштрафаваны на 22 базавыя велічыні, Алена Шабуня — на 20. Суддзя патлумачыў гэта наяўнасцю ў яе непаўналетняга дзіцяці. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі журналістам даюць і куды большыя штрафы, Алена і Вячаслаў не прызнаюць сябе вінаватымі і збіраюцца абскардзіць пастанову райсуда ў Віцебскім абласным судзе.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці