3877

«Я лічу, што я шчаслівы» (ФОТА)

03.02.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Прэзентыцыя дакументальнай стужкі пра выдаўца з Бешанковічаў Георгія Станкевіча, а таксама канцэрт з яго ўдзелам адбыліся ў Полацку і Оршы з ініцыятывы мясцовых сябраў ГА «БАЖ». У сустрэчы ўзялі ўдзел аўтары стужкі – віцебская журналістка Алена Сцяпанава і відэааператар з Барысава Аляксандр Зянкоў.

Нагодай для сустрэчы віцебскіх і полацкіх БАЖаўцаў стаў супольны майстар-клас “Ваша старонка ў Фэйсбук: дапамога журналісту і асабітыя рызыкі”.

Тыя, хто прыйшоў у гэтую сацыяльную сетку адносна нядаўна, атрымалі адмыслова падрыхтаваныя метадычныя матэрыялы па стварэнні і аптымізацыі  ўласнай старонкі, рэкамендацыі па афармленні фотаздымкаў, допісаў і спасылак.

Паступова навучанне перайшло ў абмен досведам. Мясцовыя сябры ГА “БАЖ” ужо маюць досвед стварэння і напаўнення старонак БАЖаўскіх суполак, а  такіх у рэгіёне ўжо дзве – “Віцебск. Нашы ў горадзе” і полацкая “БАЖ-банка”.

Хтосьці цікавіўся пытаннямі канфідэнцыйнасці і этыкі зносінаў у сацыяльных сетках, хтосьці дзяліўся кантактамі рэгіянальных “ньюсмэйкераў” у Фэйсбуку, хтосьці кансультаваўся наконт пошуку навінаў у інфармацыйнай стужцы.

Пасля трэнінгу, які прайшоў у нязмушанай сяброўскай абстаноўцы, да БАЖаўцаў далучыліся прыхільнікі стварэння ў Полацку курсаў “Мова нанова”.

Сюрпрызам для гледачоў  стала прэзентацыя дакументальнага фільма “Я лічу, што я шчаслівы”, знятага пра Георгія Станкевіча – сябра ГА “БАЖ”, настаўніка і выдаўца самвыдатаўскай газеты “Крывінка” з Бешанковіцкага раёна.

Стваральнікі дакументальнай стужкі – віцебская журналістка Алена Сцяпанава і відэааператар з Барысава Аляксандр Зянкоў – распавялі, як здымаўся фільм. Паводле аўтараў, галоўнай  мэтай было паказаць, што сапраўднае жыццё чалавека, які піша лірычна-узнёслыя вершы, перакладае паэзію замежных класікаў і спявае пад гітару, можа быць вельмі далёкім ад чыіхсьці ўяўленняў пра “багему” і  “свет высокага мастацтва”.

З 14-хвіліннай стужкі можна даведацца шмат нечаканага – напрыклад, што паэт, бард і настаўнік жыве ў вёсцы, садзіць бульбу і буракі, трымае пчол і трох кароў. Настаўніцкі заробак вельмі малы, а спадар Георгій хоча не проста “выжываць”, як большасць ягоных аднавяскоўцаў. Ён ахвяруе ўласныя грошы на самвыдатаўскую газету “Крывінка”, якую сам заснаваў і выпускае для сваіх землякоў.  А таксама на выданне паэтычных зборнікаў, апошні з якіх – “Як слязінка дажджу”  – ужо чацвёрты па ліку.

Пасля фільма Георгій Станкевіч спяваў – як новыя, так і старыя песні, якія вельмі даспадобы слухачам, чытаў уласныя вершы і пераклады, а потым раздаваў аўтографы ўдзячным палачанам.

Падобная сустрэча з мясцовай інтэлігенцыяй адбылася і 1 лютага ў Оршы. У арганізацыі творчай вечарыны бралі ўдзел і БАЖаўцы, і актывісты Таварыства беларускай мовы, і ўдзельнікі кампаніі “Мы – аршанцы, мы – беларусы”.

Пасля фільма да Георгія Станкевіча было шмат пытанняў, з якіх галоўнае – як ён усё паспявае: і працаваць у школе, і пісаць артыкулы, і займацца перакладамі, не кажучы ўжо пра вершы. “Не стамляюся, бо я для гэтага народжаны – каб працаваць над радком і працаваць на зямлі”, – адказаў спадар Станкевіч. Кожную яг песню аршанцы слухалі з цікавасцю, а праводзілі шчырымі  воплескамі.

Нехта з удзельнікаў сустрэч спытаў, ці ёсць у барда песня пра журналістаў. Аказалася, што яшчэ няма. Але Георгій Станкевіч абяцае абавязкова нешта пра калег напісаць.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!