• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Я не пераборлівы”. На “казённых харчах” у калоніі Андрэй Кузнечык заўважна схуднеў

    Палітзняволены журналіст Андрэй Кузнечык не губляе аптымізму і нават знайшоў пазітыў у сваім зняволенні — маўляў, нарэшце скінуў вагу да “нарматыўнай”. Праўда, дадалася іншая праблема: цяпер трэба вучыцца ўшываць адзенне, якое раптам стала завялікім.

    Асуджаны па “экстрэмісцкім” артыкуле на 6 гадоў зняволення фрылансер Радыё “Свабода” Андрэй Кузнечык у лісце на волю паіранізаваў, што стаў як ніколі “стройным” — гарнітуры, якія яшчэ нядаўні былі ў “абліпку”, цяпер боўтаюцца і патрабуюць карэкцыі памераў. Або, як іншы варыянт, — давядзецца тэрмінова павялічыць рацыён.   

    “…Карацей, боўтаецца на мне ўжо і тэрма, якая ў лістападзе аблягала. Буду вучыцца ўшываць, відаць. Пакуль павялічыў порцыю шакаладу і стаў даядаць хлеб. Смяюся, што збылася “мара ідыёта” — скінуць вагу да “нарматыўнай”. Праўда, досвед “эфектыўнай дыеты”, баюся, не набудзе папулярнасці: ці добра 86 кг пры росце 172 см, — не ведаю. Але пачуваюся добра, жвава, не стомлены, не галодны. Пачаўся сезон зімовай капусты, з’явілася рыба (можна не дакупляцца кансервамі) — смакаты асабліва не дадалося, хіба карысці. А я не пераборлівы…”, — спрабуе разглядзець хоць нешта станоўчае ў “турэмнай дыеце” Андрэй Кузнечык, які за кратамі вось ужо амаль 15 месяцаў.    

    Фрылансера Радыё “Свабода” затрымалі 25 лістапада 2021 года, а на наступны дзень суд Заводскага раёна Мінска вынес яму 10 сутак нібыта за “хуліганства”. Па завяршэнні тэрміну на волю ён так і не выйшаў: два разы запар яго зноў перасуджвалі, у выніку месяц адсядзеў паводле адміністрацыйных артыкулаў. 

    Толькі 23 снежня сваякам Андрэя Кузнечыка паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу, не назваўшы пры гэтым артыкула. Следам перавялі ў СІЗА №1 Мінска. Праваабарончая супольнасць прызнала журналіста палітычным вязнем.

    Праз паўгода фігурант “засакрэчанай” справы невытлумачальным чынам апынуўся ў СІЗА турмы №4 Магілёва — як аказалася, бліжэй да будучага працэсу. 8 чэрвеня 2022 года суддзя Магілёўскага абласнога суда Ігар Шведаў за тры гадзіны прызнаў Андрэя Кузнечыка стваральнікам «экстрэмісцкага фармавання» (арт. 361–1 КК) і пакараў яго 6 гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. На жонцы Алесі засталіся двое непаўнагадовых дзяцей — Яніна і Мацвей.

    Спроба аспрэчыць судовае рашэнне праз апеляцыйную скаргу плёну не мела, 1 верасня журналіста этапавалі для адбыцця пакарання ў Наваполацкую калёнію №1. Паралельна Міністэрства ўнутраных спраў РБ уключыла Андрэя Кузнечыка ў ведамасны “спіс асобаў, датычных да экстрэміскай дзейнасці”.

    “У кагосці з раніцы кава ці гарбата, а ў мяне для ўзняцця настрою — здымкі маіх родных. Нібыта павітаўся — і пабег прадукаваць пілавінне”, — апісвае побыт і цяперашні фронт занятасці ва ўмовах “узмоцненага рэжыму” асуджаны журналіст.  

    У сваіх допісах Андрэй Кузнечык прызнаецца, што бясконца сумуе па дзецях і жонцы, але штохвілінна адчувае амаль што матэрыялізаваную повязь з самымі блізкімі людзьмі. Асабліва ганарыцца талентамі, якія раскрываюцца ў старэйшай дачцэ Яніне, перадусім “мастацкія ды пісьменніцкія”.   

    “Ад Янчынага апавядання ледзь не скакаў ад радасці — такі цудоўны падарунак і шыкоўныя карцінкі! Яніна — выдатная апавядальніца і гатовая ілюстратарка. Агромністы ёй дзякуй! Мацейка таксама, бачу, ужо праяўляе рысы моцнага характару — паважная зацікаўленасць у поглядзе на фотках… Стане журліва, цяжка — уяўляйце, што я з вамі: некуды еду, стаю ў чарзе, хаджу па вуліцы, адбымаю ў сне і саплю пад бокам. Жыву…”, — падтрымлівае сябе і сям’ю журналіст-палітвязень.

    Андрэй Кузнечык нарадзіўся ў Віцебску, сёлета адзначыць 45-гадовы юбілей. Пасля школы навучаўся ў Мінску спачатку ў ліцэі Белдзяржуніверсітэта, затым скончыў філалагічны факультэт БДУ і аспірантуру. Супрацоўнічаў з рэдакцыямі газет “Комсомольская правда” в Беларуси”, “Наша Ніва”, а ў апошнія гады перад затрыманнем — з Радыё “Свабода”.

    Чытайце яшчэ:

    Апеляцыю Сяргея Сацука Вярхоўны суд будзе разглядаць у закрытым рэжыме

    Белорусской журналистке в Варшаве отказали в размещении рекламы ее магазина на белорусском языке

    Журналіст-палітвязень Дзяніс Івашын трапіў у шпіталь

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці