4916

Затрыманні журналістаў падчас вулічных акцый. СПІС, ВІДЭА ЗАТРЫМАННЯЎ

14.07.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Падчас акцый пратэсту 14 ліпеня затрымлівалі журналістаў, якія вялі прамыя трансляцыі з месцаў падзей. ГА "БАЖ" вядома пра 13 асобаў, якія былі затрыманыя падчас выканання працы.

 

Мінск

Былі затрыманыя журналісты "Еўрарадыё" Міхась Ільін і Арцём Маёраў. Яны вялі стрым з плошчы Перамогі, калі іх затрымалі і запхнулі ў бусік.

Падчас эфіру было чуваць, як Міхась Ільін паспеў крыкнуць: "Мы журналісты". 

Нават на відэа бачна, што на журналістах былі бэйджыкі, якія пазначалі іх як прэсу. Аднак сілавікі ў цывільным усё адно затрымалі журналістаў. 

Пазней Міхась Ільін змог паведаміць, што яго і Арцёма Маёрава з мікрааўтобуса перасадзілі ў аўтазак.

Каля 23-00 Ільіна і Маёрава выпусцілі без складання пратаколаў з РАУСа.

 

На праспекце Незалежнасці таксама затрымалі карэспандэнта TUT.BY Аляксея Суднікава, але адпусцілі праз некалькі хвілін. Пазней зноў затрымалі. Адвезлі ў РАУС.

Каля 02.20 Суднікава выпусцілі без складання пратаколаў з РАУСа.

Карэспандэнт TUT.BY Усевалад Зарубін затрыманы, у РАУСе.

Каля 02.20 Зарубина выпусцілі без складання пратаколаў з РАУСа.

Затрымалі пазаштатнага журналіста "Новага Часу" Арцёма Ляву ў раёне плошчы Кастрычніцкай, пасадзілі ў аўтазак.

Каля 05-00 Ляву выпусцілі без складання пратакола з РАУСа.

Журналістаў "Радыё Свабода" Алеся Пілецкага і Андрэя Рабчыка затрымалі 14 ліпеня падчас жывой трансляцыі з акцыі пратэсту.​

Каля 23-00 Пілецкага і Рабчыка выпусцілі без складання пратаколаў з РАУСа.

Затрымалі Кацярыну Андрэеву, журналістку "Белсата".

Каля 00.20 Андрэеву выпусцілі  з РАУСа. Складзены пратакол па арт.   23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

Затрымалі журналіста "Белсата" Ігара Ілляша. Яго даставілі ў Савецкі РАУС. Ігар Ілляш у момант затрымання не выконваў працу, а шукаў сваю жонку — затрыманую журналістку Кацярыну Андрэеву.

Каля 23-55 Ілляша выпусцілі без складання пратаколу з РАУСа.

Затрыманы аператор BBC Эндзі Смайт (Andy Smythe).

Каля 23-40 Смайта выпусцілі без складання пратаколу з РАУСа.

 

Гомель

14 ліпеня ў Гомелі на акцыі салідарнасці ў цэнтры горада затрымалі карэспандэнта «Сильных Новостей» Надзею Пужынскую і відэааператара Марыну Драбышэўскую, журналіста Юрыя Глушакова. Гэта адбылося каля васьмі гадзін вечара ў момант, калі здымачная група вяла прамую трансляцыю.

Надзею Пужынскую і Марыну Драбышэўскую адвезлі ў Цэнтральны РАУС Гомеля.

Пужынскую і Драбышэўскую выпусцілі без складання пратаколаў пасля 12-й ночы.

Пасля гадзіны ночы адпусцілі Глушакова. На яго склалі пратакол па арт. 23.34 КаАПпарушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства.

Брэст

Калі карэспандэнт TUT.BY Стас Коршунаў пачаў здымаць затрыманні, яго сталі выштурхоўваць і засланяць камеру рукамі.

На праспекце Машэрава ў Брэсце супрацоўнікі міліцыі затрымалі пазаштатнага карэспандэнта інтэрнэт-сайта “Першы Рэгіён” Данілу Палянскага, які рабіў фотаздымкі падчас стыхійнай акцыі пратэсту.

Даніла меў пры сабе пасведчанне пазаштатнага журналіста.

Палянскі спрабаваў патлумачыць міліцыянтам, што не з’яўляўся удзельнікам акцыі і знаходзіўся ў баку, каб фатаграваць падзеі. Аднак у адказ пачуў, што занадта доўга стаяў і таму мусіць прайсці ў аўтазак для разбіральніцтва. Данілу Палянскага адвезлі ў Ленінскі РАУС Брэста.

На 10.30 раніцы 15 ліпеня стала вядома што Даніл Палянскі знаходзіцца ў ІЧУ.

Па стане на 18.00 не было дакладна вядома, дзе знаходзіцца Палянскі. Супрацоўнікі міліцыі не даюць інфармацыю. Але жонцы сказалі, што людзей было затрымана шмат, у Палянскага ўсё нармальна, але дзе ён дакладна — не паведамілі. Жонка павезла перадачу ў ІЧУ Ленінскага раёна Брэста.

16 ліпеня Даніл Палянскі быў прызнаны вінаватым паводле артыкула 23.34 КаАП РБ (“парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў”) і пакараны штрафам у памеры 30 базавых велічынь (810 BYN) . Амаль двое сутак да суда Даніл Палянскі правёў у ІЧУ.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!