• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзмітрый Гнап: “Хочам дайсці да канца і назваць імя тых, хто забіў Шарамета”

    Рэдакцыя расследаванняў Громадского "Слідство.Інфо" сумесна з калегамі з міжнароднай сеткі журналістаў-расследавальнікаў OCCRP прадставіла фільм-расследаванне аб забойстве журналіста Паўла Шарамета. Чаму журналісты амаль адразу пасля злачынства распачалі ўласнае расследаванне, што стаіць за “няўважлівасцю” ўкраінскіх следчых, за што забілі Паўла Шарамета і што журналісты плануюць рабіць далей, "Еўрарадыё" расказвае кіраўнік "Слідство.Інфо" Дзмітрый Гнап.

    «Еўрарадыё»: Вы пачалі раследаванне адразу, у вас не было веры ў тое, што паліцыя зможа раскрыць злачынства?

    Дзмітрый Гнап: Ва Украіне склалася такая практыка, што праваахоўныя органы не вельмі рупліва праводзяць расследаванні рэзанансных забойстваў. Мы бачылі гэта на шматлікіх прыкладах. І асабліва на прыкладзе забойства іншага вядомага журналіста “Украінскай праўды” Георгія Гангадзэ. Яго забойцаў шукалі 9 гадоў, а знайшлі толькі выканаўцаў, арганізатары засталіся неназванымі. Таму калі адбылося забойства Паўла Шарамета, мы ўжо працавалі на месцы падзей, каб не толькі адшукаць праўду, а таксама каб следчыя разумелі, што мы будзем правяраць, як яны працуюць. Цяпер мы бачым, што на сабраныя намі доказы праваахоўнікі не звярнулі ўвагі.

    «Еўрарадыё»: Гледзячы па вашым фільме, не ўсе відэа праваахоўнікі сабралі з камер відэаназірання, чаму так?

    Дзмітрый Гнап: Альбо такое расследаванне праводзіцца няякасна праз некампетэнтнасць праваахоўных органаў, альбо гэта робіцца наўмысна праз нейкі палітычны ціск. Адназначнага адказу ў нас няма, але ў абодвух выпадках гэта нядобра.

    «Еўрарадыё»: Музыкантаў, якія трапілі на відэа, вы таксама не знайшлі? Ці будзеце шукаць далей?

    Дзмітрый Гнап: Напэўна, не. Бо калі іх знайсці, яны не будуць такімі важнымі сведкамі. Калі б іх знайшлі адразу, яны б шмат чаго маглі б прыгадаць. Цяпер ужо прайшло шмат часу, шмат якіх дэталяў яны могуць не памятаць. Але мы маем іншыя зачэпкі, іншыя важныя дэталі, якія могуць прывесці да магчымых выканаўцаў забойства. Над імі мы і будзем працаваць.

    «Еўрарадыё»: То бок, расследаванне працягнецца?

    Дзмітрый Гнап: Мэта кожнага журналісцкага расследавання — даць адказ на пытанне “Хто?”. Хто стаіць за канкрэтным злачынствам. І калі гэта забойства, то мэта — назваць імя выканаўцаў, імя арганізатараў. У гэтым расследаванні мы паказваем, што шмат дэталяў, шмат рэчаў не апрацаваныя афіцыйным следствам. А мы іх знайшлі, і яны даюць пэўныя ніткі. Куды вядуць доказы? Мы будзем працаваць далей і хочам паабяцаць беларускаму народу, што мы, украінскія журналісты, будзем шукаць праўду столькі, колькі будзе трэба. Мы хочам дайсці да канца і назваць імя тых, хто гэта зрабіў.

    «Еўрарадыё»: Падчас працы над гэтым матэрыялам да вас не было пагрозаў?

    Дзмітрый Гнап: Пакуль такога не было. Але гэта можа адбыцца раптоўна, гэта нас не спыніць. Пагрозы былі падчас іншых расследаванняў, і гэта нас не спыняла.

    «Еўрарадыё»: У вас асабіста ёсць версія, чаму забілі Паўла?

    Дзмітрый Гнап: Мы можам зараз толькі меркаваць. Мне здаецца, што гэта пэўным чынам звязана з палітыкай. Ён быў уплывовым і шанаваным журналістам. Такое гучнае забойства нехта з палітыкаў мог выкарыстаць ва ўласных мэтах. Прычым, як палітыкі з Украіны, так і палітыкі з Расіі. Спецслужбы ў гэтай гісторыі маглі проста выкарыстоўвацца, быць інструментам, калі яны датычны да гэтага. Хто з палітыкаў за гэтым стаіць, мы будзем высвятляць. На нашу думку, гэта стоадсоткава не бытавое забойства. Гэта гучнае палітычнае забойства. Пытанне ў тым, куды вядзе след, ён застаецца ва Украіне, ці вядзе ў Расію.

    «Еўрарадыё»: Але ў Беларусь след не вядзе?

    Дзмітрый Гнап: Пакуль не бачым тут сувязяў з Беларуссю. Магчыма, нешта зменіцца падчас далейшага раследавання.

    «Еўрарадыё»: Наконт кіроўцы машыны “Sko­da”, як высветлілася, супрацоўніка СБУ, які амаль ноч правёў непадалёк ад дома, дзе жыў Шарамет, ― не думаеце, што яго прысутнасць там сапраўды магла быць супадзеннем?

    Дзмітрый Гнап: Занадта шмат супадзенняў… Чалавек знаходзіцца там у той час, калі пад машыну закладавюць выбухоўку, як выявілася пазней, СБУ усё ж прызнала, што ён раней працаваў у іх. А журналісты “Украінскай праўды” кажуць, што за некалькі месяцаў да забойства Паўла за імі сачыла СБУ. Той жа кіроўца “Sko­da” прызнаў, што ён напярэдадні забойства Шарамета вёў слежку, але за іншым “аб’ектам”. Бачыце, колькі супадзенняў? Шмат такіх “супадзенняў” выявілася і калі вялося расследаванне забойства журналіста Георгія Гангадзэ. Я не веру ў такую колькасць супадзенняў. Асабліва калі чалавек не можа дакладна і пераканаўча давесці, што ён рабіў той ноччу ў тым месцы.

    «Еўрарадыё»: Вы сапраўды па каментар з нагоды гэтага чалавека ў СБУ не звярталіся?

    Дзмітрый Гнап: Мы ўжо стаміліся лавіць гэтых людзей на хлусні! У іх ляжыць наш запыт, з якім мы звярталіся да іх і прасілі наконт інтэрв’ю. Але яны пераадрасавалі нас да Нацпаліцыі ― сказалі, што гэта не іх кампетэнцыя. Таму зараз іх словы выглядаюць слаба.

    «Еўрарадыё»: Ёсць вера, што забойцы Шарамета будуць знойдзеныя і пакараныя?

    Дзмітрый Гнап: Забойцаў Георгія Гангадзэ знайшлі праз 9 гадоў. Таму, не трэба апускаць рукі. Не ведаю, як яно будзе, атрымаецца ці не іх затрымаць, асабліва з улікам таго, што час страчаны, але мы ўсё адно будзем працягваць рабіць сваю справу.

    Фота gordonua.com

     

    «Забойства Паўла». Расследаванне гібелі журналіста Шарамета

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці